Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творца — чалавек публічны. Калі ён выстаўляе на агульны агляд зробленае, ён аўтаматычна робіцца аб’ектам увагі з боку грамадзтва. І ацэнкі зробленага могуць быць самымі рознымі. Як і рэакцыя творцы на тыя ацэнкі.

Адно што — адзін творца, сустрэўшы нэгатыўныя водгукі на ўласны адрас, прамаўчыць ды прыслухаецца да крытыкі. А другі пачне крычаць нешта накшталт «А хто вы такія, каб мяне крытыкаваць?!» Нешта падобнае назіралася нядаўна на сайце experty.by, калі там зьявіліся рэцэнзіі на новы альбом групы «Unia». Пра характар тых рэцэнзій сьведчыць выстаўлены гэтаму альбому сярэдні бал 5.50 з магчымых 10.0. І гэта выклікала з боку ўдзельнікаў калектыву ці не разьюшаную, але дакладна — хамскую рэакцыю. Прыводзіць тут выказваньні прадстаўнікоў беларускага музычнага мастацтва ня буду: манітор пачырванее. Сэнс жа выказваньняў зьвёўся да таго ж самага: а хто вы такія, каб нас так нізка ацэньваць? Мадэратар сайту, зразумела, прыбраў хамства. Аднак пытаньні засталіся.

Бо, як выявілася, напярэдадні выданьня альбому той жа Дзьмітры Бескаравайны абсалютна бескарысьліва ажыцьцявіў яго інфармацыйную падтрымку, пасьля чаго атрымаў такую вось «падзяку». Дальбог: зрабі дурню добрае — ад яго ж потым і атрымаеш!

Можна прабачыць, відаць, правінцыйным у сэнсе ўменьня кантактаваць з грамадзтвам, а найперш — з прэсай, музыкам. Ды лішні раз нагадаць ім: каб такое яны дазволілі сабе ў якой краіне з устойлівымі негалоснымі правіламі паводзінаў, назаўтра ўсе СМІ расьцерлі б такі калектыў у парашок. Бо творцам «там» не прынята публічна рэагаваць такім чынам на любую крытыку. Наадварот: сустрэўшы нэгатыўныя ацэнкі, творца сам запросіць такіх рэцэнзэнтаў на наступную выставу ці канцэрт. Ужо хоць бы таму, што ён выдатна разумее: калі ты нешта стварыў, а пра гэта ў СМІ ані слова, — значыць, цябе няма. А калі хоць радок дзе праскочыць, нават самы нэгатыўны, гэта — бясплатная рэкляма. Жалезнае правіла, у якое ўпісваецца і гэты мой допіс!

У Беларусі я з такім сустрэўся толькі аднойчы, калі ў газэце «Имя» пасьля прэм’еры песьні «Товарищ президент» быў надрукаваны зьедлівы сцэнар магчымага кліпу. Пасьля выхаду газэты ў рэдакцыю пазваніў Эдуард Ханок і доўга дзякаваў за публікацыю, кажучы, што такой рэклямы ён бы ні за якія грошы нідзе не атрымаў.

У адказ на мой камэнтар пра ўзаемаадносіны творцы і СМІ там, на дзікім Захадзе, выказаўся лідэр групы «B.N.» Алесь Лютыч: маўляў, дзядзя Дзіма, ну колькі ж можна пра адно й тое ж, мы ж ня ў Англіі жывём! Добра, што Алесь заступаецца за калегаў. Дрэнна, што тым самым ён апраўдвае хамства, якое аднолькавае што тут, што ў Англіі. Ня ведаю, ці адчуў тое сам Алесь ці не, аднак у словах «мы ня ў Англіі» мне пачулася нашмат больш! А менавіта: апраўданьне таго, што тыя ангельскія нормы не для нас пісаныя, і нам, тутэйшым, увогуле ня ўказ. І што імкнуцца да таго, каб у нашай музыцы было так, як у Англіі, наагул ня варта. Прыехалі, што называецца...

Рэакцыя музыкаў «Unia», зрэшты, мяне не зьдзівіла. Але засмуціла. Ня думаю, што большасьць удзельнікаў групы жыве выключна за кошт музыкі. А гэта значыць, што музыка для іх, па сутнасьці, — хобі. Мастацкая самадзейнасьць. І абурацца на заўвагі пра недасканаласьць аранжаваньняў выдадзеных песень — абсурд! Не, ёсьць і такая самадзейнасьць, якая дасьць фору прафэсіяналам. Аднак тут — яўна ня той выпадак.

І вось я амаль выпадкова натрапіў у Фэйсбуку на цікавую рэч, так званы эфэкт Данінга-Кругера. Два псыхолягі, абапіраючыся, сярод іншага, на вучэньне Дарвіна, правялі на добраахвотніках досьлед, у выніку чаго сфармулявалі наступнае (цытую): «Людзі, якія маюць нізкі ўзровень кваліфікацыі, робяць памылковыя высновы і прымаюць няўдалыя рашэньні, але ня ў стане асэнсаваць уласныя памылкі як вынік уласнага ж нізкага ўзроўню кваліфікацыі». І далей: яны схільныя пераацэньваць уласныя ўменьні; ня здольныя адэкватна ацэньваць насамрэч высокі ўзровень уменьня іншых; ня здольныя асэнсаваць усю глыбіню ўласнай некампэтэнтнасьці.

Музыкі групы «Unia» маюць поўнае права выказацца і на адрас гэтых вучоных...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG