Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве абароны Літвы паведамілі, што дзяржаўная кампанія «Літоўская чыгунка» ажыцьцяўляе дастаўку грузаў для апэрацыі Міжнародных сіл садзейнічаньня бясьпецы (ISAF) у Аўганістане праз тэрыторыю Беларусі.

Грузы, якія дастаўляюцца праз тэрыторыю Беларусі, маюць строга неваеннае прызначэньне.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці ўзгаднялася гэта з расейскім бокам, у літоўскім міністэрстве адказалі, што «ў перамовы аб пагадненьні паміж НАТО і Рэспублікай Беларусь трэція бакі ўцягнутыя не былі».

Падчас візыту ў Менск дэлегацыя Джэймстаўнскага фонду атрымала ад беларускага боку ўсёабдымную інфармацыю пра ролю Беларусі ў Паўночнай сетцы паставак (Northern Distribution Network), празь якую амэрыканскім і натаўскім войскам у Аўганістане дастаўляюцца неваенныя грузы. Маршрут праходзіць зь літоўскага порту Клайпеда празь Беларусь і далей у Аўганістан. У мінулым годзе аб’ём тавараў і матэрыялаў, якія праходзяць транзытам празь Беларусь у рамках Паўночнай сеткі паставак, падвоіўся. Беларусь будзе адыгрываць яшчэ большую ролю ў зваротным транзыце, калі сілы ЗША і НАТО будуць выходзіць з Аўганістану ў 2014 годзе.

Камэнтуючы гэтую інфармацыю, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных пацьвердзіў, што Беларусь падключылася да ўзаемадзеяньня з НАТО.

«Гэта лішні раз паказвае, што наша краіна гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяньня з суседзямі, калі ў гэты працэс не прыўносяцца розныя мэханізмы палітычнага ціску і падвойных стандартаў. У гэтым выпадку мы лёгка знаходзім канструктыўнае рашэньне», — адзначыў Савіных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG