Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты афіцыйных выданьняў у беларускім Доме прэсы заклапочаныя сваім далейшым лёсам.

Дагэтуль невядома, як будзе рэальна выглядаць грамадзка-палітычны холдынг, што ствараецца на базе газэты «Советская Белоруссия». Пра гэта, кажуць журналісты, ня ведаюць ня толькі іх галоўныя рэдактары, але і кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі. Усе чакаюць адмашкі з прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Называюць два варыянты аб’яднаньня афіцыйных грамадзка-палітычных газэт. Першы выглядае так: усё аддаецца «Советской Белоруссии», і яна будзе, як жартуюць, адной газэтай пры адным прэзыдэнце. Згодна з другім варыянтам, захаваецца як самастойнае выданьне газэта «Рэспубліка», якая стане ўрадавым штотыднёвікам. Таксама як самастойнае выданьне будзе і газэта «Знамя юности».

Але ў кожным выпадку цэнтрам газэтнага жыцьця стане «Советская Белоруссия». Яе хочуць зрабіць беларускім аналягам «New York Times». То бок, гэта будзе штодзённае выданьне прыкладна на сто старонак з асобнымі сшыткамі па палітыцы, эканоміцы, фінансах, культуры...

Усе чакалі, што ачоліць гэтае выданьне цяперашні галоўны рэдактар «СБ» Павал Якубовіч. Але ён, нібыта, спаслаўшыся на ўзрост і стан здароўя, адмовіўся ад гэтай цяжкой пасады. І цяпер сярод найбольш верагодных рэдактараў называюць міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага і начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня прэзыдэнцкай Адміністрацыі Ўсевалада Янчэўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG