Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэкордны мінус у замежным гандлі паўплывае на курс рубля?


Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Адмоўнае сальда замежнага гандлю Беларусі за сьнежань склала мінус 656 мільёнаў даляраў. Ці гэтая рэкордна высокая лічба прымушае казаць пра новую эканамічную сытуацыю? Ці можна сказаць, што статыстыка за сьнежань не зьяўляецца прыкрым выключэньнем, а паказвае трывалую тэндэнцыю? Як нэгатыўнае сальда замежнага гандлю можа ўплываць на стабільнасьць курсу беларускага рубля?

На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

— Ці зьяўляюцца гэтыя лічбы за сьнежань трывалай тэндэнцыяй апошняга часу?

— Відавочна, што гэта заканамерная зьява. Пасьля таго, як Расея спыніла схемы з растваральнікамі, пачаліся вялікія праблемы з нашым гандлёвым балянсам.

Яшчэ адзін важны чыньнік: за мінулы год рэальныя даходы павысіліся больш чым на 20 працэнтаў, а вытворчасьць працы — толькі на 4 працэнты. То бок зноў беларусы атрымлівалі заробкі, якія не былі на самой справе заробленыя.

І мы ведаем, што калі ідзе рост заробкаў, беларусы пачынаюць больш закупляць імпартныя тавары. Бо яны больш якасныя, а людзі з ростам даходаў глядзяць ня толькі на цану, але і на якасьць.

Гэтыя два асноўныя чыньнікі й прывялі да рэкорднага дэфіцыту гандлёвага балянсу.

— Нават тыя беларусы, якія ня надта дасьведчаныя ў эканоміцы, ведаюць, што рост нэгатыўнага сальда пагражае стабільнасьці беларускага рубля. Ці моцныя «страхоўкі» для курсу рубля? Ці магчыма яго ўтрымліваць пры такіх тэндэнцыях у замежным гандлі?

— Мы ведаем з нашай нядаўняй гісторыі, што кіраўніцтва краіны можа захоўваць курс — на яго ўтрыманьне можна, напрыклад, кідаць золатавалютныя рэзэрвы. Мы ведаем, да чаго такія паводзіны могуць прывесьці — 2011 год застаецца тут яскравым прыкладам.

Іншая справа, ці будуць улады трымаць гэты курс. Улады пераконваюць, што адышлі ад такой практыкі і ня будуць траціць на гэта золатавалютныя рэзэрвы. Калі гэта так, то мы можам казаць, што курс рубля будзе паступова мяняцца, аслабляцца.

Бо ціск на курс ідзе ня толькі з боку замежнага гандлю. Іншыя чыньнікі — Беларусі трэба аддаваць рэкордную колькасьць замежных пазыкаў, больш за тры мільярды даляраў, таксама ёсьць пэўныя праблемы з каньюнктурай нашай прадукцыі на сусьветных рынках і гэтак далей. Аспэктаў вельмі шмат, але невядома, якую стратэгію абярэ Нацыянальны банк і сам Аляксандар Лукашэнка.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG