Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформа»: у Беларусі ня менш за 45 тысяч зьняволеных


Паводле старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы, «ліміт напаўняльнасьці месцаў зьняволеньня ў Беларусі яшчэ не дасягнуты». Быццам бы летась у папраўчых установах апынулася на 3 тысячы чалавек менш, чым у 2011 годзе. І на пачатак 2013 году там утрымліваецца 24 тысячы чалавек. А ліміт напаўняльнасьці месцаў зьняволеньня — 32,5 тысячы.

Старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала паведаміў, што больш актыўна сталі прымяняцца штрафы, грамадзкія працы, іншыя альтэрнатыўныя меры ўзьдзеяньня, і пазбаўленьне волі ў структуры пакараньняў складае каля 20%.

І тое, што турмы перапоўненыя, — гэта міт, сказаў старшыня Вярхоўнага Суду ў інтэрвію «Советской Белоруссии».

Сяргей, які літаральна месяц таму вызваліўся пасьля пяці гадоў зьняволеньня, кажа, што колькасьць сядзельцаў сапраўды крыху зьменшылася:

«Наконт турмаў я ня ведаю, я ж зь лягера вызваляўся. Я калі з Аршанскай 12-й калёніі ў Баранавічы ў атрад трапіў, у нас было спачатку 146 чалавек, а калі вызваляўся, то ўжо 104 чалавекі. Тое, што паменела народу, гэта я вам адназначна кажу. Крыху паменела».

Супрацоўніца інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Алена Красоўская зрабіла нескладаныя арытмэтычныя разьлікі:

Алена Красоўская

Алена Красоўская

«У нас 17 папраўчых калёніяў — я бяру толькі для дарослых, без уліку малалетак). 24 тысячы падзяліць на 17 — атрымліваецца прыкладна па паўтары тысячы асуджаных у кожнай калёніі. Але, напрыклад, у Мазыры — 3,5 тысячы. У многіх калёніях — больш за 3 тысячы. У такім выпадку, згодна зь лёгікай Сукалы, павінны быць калёніі, дзе па 500 чалавек сядзіць. Але такіх калёніяў няма! Паводле нашых падлікаў, у зонах знаходзіцца ад 45 да 50 тысяч асуджаных».

Сяргей, які нядаўна вызваліўся, тэрмін адбываў у Баранавічах. Ён распавёў, што ўмовы там розныя: ёсьць старыя збудаваньні, ёсьць і новы будынак:

«Там нядаўна пабудавалі новы корпус. Раней там наагул упокат народу было. Мы ў старым корпусе яшчэ сядзелі: здаравенныя камэры, туды піхаюць і піхаюць, таму што бальшыня камэраў — яшчэ з драўлянымі насьціламі. Нават нельга зразумець, на колькі камэра разьлічана, туды піхаюць і піхаюць! А вось у новы корпус стараюцца „першаходак“ садзіць. Там невялікія камэры: па 12, па 8, па 6 чалавек».

Колькасьць зьняволеных на 100 тысячаў насельніцтва

Што да ўмоваў у беларускіх папраўчых установах, супрацоўніца «Плятформы» Алена Красоўская кажа:

«Перанаселенасьць жудасная, плюс становішча ўскладняецца тым, што даўно рабіліся рамонты, будынкі старыя, прагнілыя, вільготнасьць вялікая, людзі бяруць абутак раніцай, а там хлюпае вада. Тое, што кажа Сукала пра ўмовы, — гэта проста хлусьня. А калі пра СІЗА казаць — то гэта наагул жах».

Глядзець вялікую мапу

Хутчэй за ўсё, спадар Сукала, калі назваў лічбу ў 24 тысячы зьняволеных, не ўлічыў тысячы тых, хто сядзіць у шматлікіх СІЗА. Дарэчы, у сьледчых ізалятарах некаторыя праводзяць і год, і два — пакуль ідзе расьсьледаваньне справы. Што да папраўчых установаў, то больш-менш нармальныя ўмовы ў пары-тройцы калёніяў, куды возяць начальства і ладзяць «дні адкрытых дзьвярэй»: гэта віцебская «Віцьба-3», івацэвіцкія «Воўчыя норы».

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Моладзевы актывіст Павал Вінаградаў, які адседзеў больш за 60 сутак на Акрэсьціна, некалькі месяцаў — у СІЗА на «Валадарцы» і некалькі месяцаў ва ўзорна-паказальнай івацэвіцкай калёніі, распавёў:

«Горш за ўсё — у СІЗА. Я сядзеў на „Валадарцы“. Камэры там розныя: ад 4 да 60 чалавек. Народу ў паўтара раза больш, чым койка-месцаў. Вось гэта напружвала больш за ўсё. Калі твая чарга дзяжурыць, то табе нават і прылегчы няма дзе, калі ты захочаш».

Пасьля СІЗА на «Валадарцы» івацэвіцкая калёнія падалася Паўлу Вінаградаву ледзьве не санаторыем. А пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА № 1 — Пішчалаўскім замку, які пабудавалі яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі, — ходзяць легенды.
XS
SM
MD
LG