Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Купава заклікае ратаваць кляштар у Воршы


Базыльянскі кляштар, Ворша

Базыльянскі кляштар, Ворша

Мастак Мікола Купава даслаў лісты старшыні аршанскага гарвыканкаму Мікалаю Лісоўскаму  і старшыні віцебскага аблвыканкаму Аляксандру Косінцу. Ён патрабуе зьвярнуць ўвагу на разбурэньне ў Воршы архітэктурнага помніку XVIII стагодзьдзя — будынку Базылянскага кляштару.

Трэба хаця б закансэрваваць будынак, хаця б зрабіць дах

"Гэты помнік руйнуецца праз чалавечую абыякавасьць, хаця на будынку вісіць шыльда, што ён ахоўваецца дзяржавай. Напрыканцы 1960-х гадоў на маіх вачох была зруйнаваная велічная царква Апекі Маці Божай. Але застаўся цэлы будынак кляштара, і яшчэ 20 гадоў таму там былі звычайныя кватэры. Потым людзей выселілі, паступова будынак прыйшоў у заняпад, а ў 2006-м годзе, калі пад цяжарам сьнегу праваліўся дах, гарадзкія ўлады перадалі помнік архітэктуры Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы. У дзяржавы не было грошай, у царквы таксама няма грошай на рэстаўрацыю. Але трэба хаця б закансэрваваць будынак, хаця б зрабіць дах, каб помнік не разбураўся пад сьнегам і дажджом", -- гаворыць Мікола Купава.

Мікола Купава

Мікола Купава

Мастак нарадзіўся ў Воршы, таму лічыць клопат пра лёс помніка архітэктуры сваім уласным чалавечым абавязкам. Ён прапануе кіраўнікам гораду і вобласьці неадкладна прыняць рашэньне, каб выдаткаваць грошы хаця б на дах для гэтага будынка.

А таксама спадар Купава лічыць неабходным задумацца і пра наступную рэстаўрацыю гістарычнага помніка. Сродкі на яе зьбіраюцца ў Воршы, і сам Мікола Купава гатовы ахвяраваць на аднаўленьне архітэктурнага помніка XVIII стагодзьдзя большую частку грошай ад продажу сваіх мастацкіх працаў.

Ён пэўны, што грамадзкасьць падтрымае ініцыятыву захаваньня і рэстаўрацыі Базыльянскага кляштара. І прапануе чыноўнікам не заставацца герастратамі, як іхныя папярэднікі, якія толькі руйнавалі сьвятыні ў часы "ваяўнічага атэізму". А ўзяць на сябе адказнасьць за ўзнаўленьне гістарычнай спадчыны, заслужыўшы ўдзячнасьць нашчадкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG