Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5055 дзён чакае ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну Ўльяна Рыгораўна Захаранка свайго сына Юрыя.

Апазыцыйны генэрал, былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка зьнік у Менску вечарам 7 траўня 1999 году. Не дайшоў да свайго дома на Магілёўскай вуліцы нейкую сотню мэтраў. Яго схапілі невядомыя й запіхнулі ў легкавік. З таго часу ні маці, ні сям’я былога міністра, ні грамадзкасьць нічога пэўнага ня ведаюць пра гэта зьнікненьне.


«Сэрца гарыць…»


Пяць тысяч дзён і столькі ж начэй Ульяна Рыгораўна жыве адна. Глыбіню самоты маці ведае хіба толькі Бог. Старэйшы сын Ульяны Ўладзімер памёр пасьля апэрацыі ў 1998-м. А празь пятнаццаць месяцаў ня стала й Юрыя. Ні слова, ні ліста, ні званка:

«Я начамі наагул ня сплю, я не магу спаць: яны ў мяне ў вачах. І старэйшы сын-падводнік памёр — той у вачах. А праз год і Юру забралі. Хіба ж я магу гэта вытрымаць? І мужык памёр. Я нарадзілася 6 лютага. Валодзя памёр 7, Мікалай — 9 лютага. І вось усе гэтыя дні да дзясятага — яны ў мяне такія жалобныя! Я калі адна ў хаце, я толькі й плачу. Ноччу ня сплю, хаджу, сьвятло запалю ва ўсім доме. Колькі пакояў, столькі й лямпачак — і гараць усю ноч».

Найчасьцей ноччу прыходзіць да жанчыны працяглы й пякучы боль. Лекаў хапае хіба на гадзіну-другую, ня больш:

Ульяна Захаранка з партрэтам сына Юрыя

Ульяна Захаранка з партрэтам сына Юрыя

«Вось гэтыя ўсе лекі я выпіваю, калі кладуся спаць. Пройдзе гадзіна — і ціск у мяне будзе 200 зь лішкам. Раз ужо 200, то тут, хочаш ці ня хочаш, а трэба выклікаць хуткую дапамогу. Пачынаецца прыступ стэнакардыі. Гэта будзе плячо левае гарэць, сэрца гарэць. Нават зрок губляю. І адна ў хаце».

Пасьля сьмерці мужа Мікалая ў аўдавелай Ульяны Рыгораўны спадзевы былі на сыноў. Яны і ўцеха, і апірышча. Але зьнік Юры, апошні сын, і гэтай надзейнай падтрымкі ня стала:

«Мне няможна адной: розуму пазбаўлюся. Плачу. Яны ж былі вельмі дабрэнныя. Такіх сыноў ні ў кога не было, як у мяне. Яны калі прыедуць, ніколі ў жыцьці не гуляюць — усё працуюць і працуюць. Як Юра быў ужо міністрам, дык плуг цягаў. А калі хто ідзе, то дзівіцца: „Мікалаевіч, чаго гэта плуг цягаеш?“ Ён: „Гэта ж мая праца зь дзяцінства!“ А я ўжо што прыдбаю ў гаспадарцы, усё ім гружу й гружу. Юры прыехаў, а пасьля шостага траўня ад’яжджаў, ды кажа: „Мама, ты так машыну натаптала, што й колы павыгінаюцца“. А я яму: „Як я памру, то тады будуць падскокваць“. А тут раз: Вольга, жонка сынава, тэлефануе ўвечары — я яшчэ ня клалася спаць — Юры няма. Забралі!»


Пагоня


Спадарыня Захаранка ведае, што ў свой прыезд на Гомельшчыну незадоўга да зьнікненьня Юры сустракаўся з былымі калегамі й добрымі знаёмымі. Нібыта мацаваў шэрагі стваранага ім Зьвязу афіцэраў і заручаўся падтрымкай на будучыя выбары. У абласной управе міліцыі, як апавядалі прыхільнікі экс-міністра, быў тады сапраўдны перапалох. Кіраўніцтва пачало нават глядзець у шуфлядах сваіх супрацоўнікаў — шукалі матэрыялы ад Захаранкі.

Былога міністра пераймала ДАІ, за ім сачылі, выстаўлялі розныя абвінавачаньні. Генэрал Захаранка публічна заяўляў, што быў адным зь нямногіх, хто казаў прэзыдэнту Лукашэнку праўду й не пагаджаўся на тое, каб выконваць любы ягоны загад: «Людзей расстрэльваць ня буду, Канстытуцыю парушаць ня буду». І чуў у адказ: «Калі ты ня выканаеш любы мой загад, на цябе надзенуць кайданкі». Апошняй кропляй у рознагалосьсях стаўся, магчыма, публічны пратэст Захаранкі супраць указу, які прадугледжваў скасаваньне ільготаў супрацоўнікам МУС.

Да Ўльяны Рыгораўны даходзілі весткі пра рознагалосьсі сына з кіраўніком дзяржавы. Што-кольвечы Юры тлумачыў і сам, бо маці пыталася, хвалявалася:

«Я ведала, што ён купіў машыны. Але ж ён купляў не для сябе, а каб лепей і лягчэй злачынцаў лавілі. І катэдж рабіў не для сябе. Прыяжджалі людзі, а разьмясьціць іх не было дзе. А той напаў, што ён сабе будаваў. Ён жа не будаваў сабе! Ён што, дурны, каб мільёны на сябе траціць? А выйшла так: напаў і зьеў. Лукашэнка калі б не вінаваты быў, то, можа, калі й прыехаў бы. Ён жа сказаў: я ва ўсім вінаваты. У газэце так было напісана. Бог пакарае іх! А што ж думалі: беспакарана зьнішчаць нявінных людзей, пад расстрэл ставіць?!»

Кажучы так, Ульяна Рыгораўна, як любая маці, ня хоча верыць, што Юры няма ў жывых. Яго й суд не прызнаў памерлым. Старэйшы Валодзя — той ляжыць на пагосьце тут, у Васілевічах. А Юры — дзе ён?

Захаранка: «Я ўсё думаю, што ён, можа, дзе жывы. У мяне няма ў галаве, што яго няма. Там пішуць, што ён загінуў. А я ня веру».


Рытуал


Зь ціхай і шчымлівай надзеі й пачынае дзень Ульяна Рыгораўна. У ім ёсьць свой рытуал, свае звычкі:

«Кожны дзень устаю й першай запальваю печ. Тады ўжо імкнуся лекі піць. Соку надзяру маркоўнага і вып’ю. Але ж рукі баляць і не заўсёды магу соку надраць. Потым ужо есьці шукаю — аўсянку з раніцы вару. У дзьве гадзіны яшчэ распальваю дзьве грубкі — два пакоі й гасьцёўня ацяпляюцца».
Там пішуць, што ён загінуў. А я ня веру

Тупаючы па хаце ля стаякоў альбо печы, самотная кабета прыслухоўваецца да тэлефона, які стаіць на покуці пад абразком. Толькі тэлефон і думкі перасягаюць бесьперашкодна адлегласьць і межы.

Асабліва Ўльяна Рыгораўна чакае тэлефанаваньняў зь Нямеччыны, куды эмігравала сынава жонка Вольга зь дзьвюма дачушкамі — Аленай і Юлькай.

Дзяўчаты ўжо маюць сваіх дзяцей — Кірылу і Ўладзіка. Гэта ўнукі бясьсьледна зьніклага сына і яе, Ульяны Рыгораўны, праўнукі.

Ульяна маркоціцца, што ўвачавідкі пакуль ня бачыла праўнукаў, а толькі на фотаздымках. Нават Кірылку, якога, уцякаючы за мяжу, сям’я сына вывезла немаўляткам:

«Ледзь ня кожны дзень тэлефануюць. І Кірылка, Аленін сын. Яна ж яго павезла туды маленькім, яшчэ й годзіка не было. А цяпер ён ужо самастойны, вучыцца вельмі добра. «Бабуля, я ж хаджу ў школу, а яшчэ да настаўнікаў. Раней мама мяне вазіла машынай, а цяпер я ўжо дарослы — сяду ў аўтобус і еду. І ангельскую мову вывучаю, і нямецкую.Бабуля, gut sprichst du Deutsch! — добра размаўляеш па-нямецку».
Тэлефон зьвязвае Ўльяну Рыгораўну з блізкімі празь межы

Тэлефон зьвязвае Ўльяну Рыгораўну з блізкімі празь межы


Меншы праўнук таксама шчабеча праз тэлефон: «Бабуля, мы вельмі хочам да вас дабрацца, але ж нельга, ніяк нельга. Так гаворыць, як стары. Юлька, яна ж там замуж выходзіла. А тады нарадзіла — хлопчык дужа харошы, ужо яму чацьвёрты год. Ён са мною размаўляе і па-руску, і па-нямецку».

Ульяна Рыгораўна дакладна ня ведае, хто дапамог у Нямеччыне сям’і яе сына, але думае, што гэта Ганс-Георг Вік, былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску:

«Якісьці ў Юры быў знаёмы, здаецца, Вік. І Вольга яго ведала. Дапамог чалавек ім дабіцца кватэры. А потым Вольга працавала, хадзіла даглядаць састарэлых — і Вользе далі кватэру, і Юльцы далі».


Кёльнская старонка


Нямеччына выклікае ў бабулі Ўльяны і больш даўнія ўспаміны. У вайну, калі фашыстоўскія войскі занялі ва Ўкраіне яе родную вёску Шахварастаўка блізу Міргарада на Палтаўшчыне, Ульяну Лазарэнку зь дзясяткамі іншых дзяўчат вывезьлі ў Кёльн. Там яна яшчэ з трыма ўкраінскімі выгнаньніцамі працавала на кухні пры рэстарацыі ў састарэлых бязьдзетных гаспадароў, а пасьля, калі дом і рэстарацыю разбамбілі, — на драцяной фабрыцы.

Юры Захаранка

Былы міністар унутраных справаў Беларусі, апазыцыйны палітык. Зьнік 7 траўня 1999 году пры нявысьветленых абставінах.

Юры Захаранка нарадзіўся 1 студзеня 1952 году ў мястэчку Васілевічы, Рэчыцкі раён. У момант, калі Беларусь атрымала незалежнасьць, Захаранка быў намесьнікам старшыні міжрэгіянальнага аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС СССР.

28 лiпеня 1994 году ўказам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі № 11 прызначаны міністрам унутраных справаў Беларусі.

16 кастрычніка 1995 году ўказам Лукашэнкі № 424 звольнены з пасады міністра ўнутраных справаў.

16 красавіка 1996 году ўказам Лукашэнкі № 149 паніжаны ў званьні да палкоўніка й звольнены зь Міністэрства ўнутраных справаў.

Захаранка далучыўся да апазыцыі й быў абраны ў склад кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Выкрадзены ўвечары 7 траўня 1999 году.

Паводле словаў палітычнага эмігранта й былога начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Юры Захаранка быў выкрадзены, а пасьля гэтага расстраляны на загады людзей, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Сям’я Юр’я Захаранкі — жонка, дзьве дачкі і ўнукі — жывуць у Нямеччыне, дзе атрымалі палітычны прытулак.

Захаранка: «Мы пабеглі па ваду, у доме вады не было. Наляцелі на Кёльн, можа, тысячы самалётаў. Бомбы сыплюцца. Нас немкі зацягнулі ў падвал: „Kinder, Kinder, schnell hier!“ Галосяць: „Гітлер капут, Сталін капут“. Яны плачуць, і мы плачам. Мы там пераседзелі, пакуль бамбілі, а потым выйшлі. Зь Лідаю жывыя засталіся, але дома свайго не знайшлі. Вуліцы ўсе засыпаныя, дамы разбураныя. Людзі забітыя ляжаць, усё гарыць вакол».

Ацалелыя дзяўчаты выправіліся ў лягер савецкіх выгнаньнікаў пры драцяной фабрыцы:

«Мы ў лягер прыйшлі босыя, бо нас жа разбамбіла. На нагах былі якіясьці басаножкі, але мы іх пагубілі. Дык нас рускія і адзелі, і абулі. Мой Захаранка Мікалай — я там зь ім і пазнаёмілася — ён мне грошы даваў, але я ня брала. Думала: «Гэта ж ты мяне падкупляеш!»

Кёльн ад фашыстоўцаў вызвалілі амэрыканцы. Зь лягеру беларускага вязьня Мікалая Захаранку забралі ў савецкую армію, а Ўльяну Лазарэнку з сотнямі іншых украінскіх, беларускіх ды расейскіх дзяўчат выправілі неўзабаве таварнякамі назад у СССР.

Падчас службы ў войску Мікалай Захаранка быў камандзіраваны ў Харкаў. Як дамогся ён у вайсковых начальнікаў трохдзённага водпуску на Палтаўшчыну, ніхто толкам і ня ведае. Але ж прыехаў у Шахварастаўку. І папрасіў у Рыгора Лазарэнкі, мясцовага брыгадзіра-будаўніка, і ягонай жонкі Насты руку серадольшай дачкі Ўльяны. Маладых дабраславіла ўся вялікая сям’я Лазарэнкаў, уключна з родным братам Ульяны, Героем Савецкага Саюзу Васілём Лазарэнкам.

Пасьля службы Мікалай Захаранка забраў Ульяну на Гомельшчыну, у мястэчка Васілевічы да сваіх бацькоў. Тут і гадавалі яны двух сваіх сыноў. Мікалай рабіў кіроўцам хуткай мэдычнай дапамогі, Ульяна спачатку на супрацьмалярыйнай станцыі — была ў Васілевічах пасьля вайны й такая, потым — у харчовым блёку мясцовага шпіталя.

Амаль праз паўвека пасьля вайны Захаранка зноўку трапіла ў Заходнюю Нямеччыну: «Я ж езьдзіла зь Юрам туды, у Нямеччыну. У якім жа гэта годзе? Нас запрашалі, і мы былі ў Кёльне».

Глядзела Ўльяна з сынам на Кёльнскі сабор і дзіву давалася: цудам ацалеў пасьля страшэнных бамбаваньняў. Цуд, як казалі кёльнскія знаўцы, стаўся таму, што амэрыканскія й ангельскія лётчыкі па негалоснай дамове захоўвалі сабор як геаграфічны арыенцір.

На мажорнай ноце й можна было б завяршыць кёльнскую старонку жыцьця двух маладых выгнаньнікаў вайны. Замінае істотнае «але». Мікалай вярнуўся зь Нямеччыны хворым на сухоты, яго давялося шмат лячыць. І калі, здавалася, лёгкія зарубцаваліся, навалілася новая бяда — лімфома, празь якую яго заўчасна й ня стала.


Лекі ад самоты


У сваім прасторным доме на вуліцы Куйбышава ў Васілевічах Ульяна Захаранка жыве цяпер адна. Раней былі ў яе кватаранткі — настаўніцы, мэдсёстры. Бабулі было весялей. У Захаранкі, як і шмат у каго яшчэ, ёсьць сацыяльная працаўніца — прыносіць прадукты, лекі, дровы.

Але ў штодзённым побыце найбольш дапамагае Ўльяне Рыгораўне пляменьніца Люба, якая дваццаць гадоў таму пераехала зь сям’ёю ў Рэчыцкі раён з Чачэніі.
Ульяна Захаранка з пляменьніцай Любай

Ульяна Захаранка з пляменьніцай Любай


Люба: «Калі Юра зьяжджаў апошні раз, ён як быццам адчуваў. Стаіць, так мяне за плечы абняў: „Добра, сястрыца, што вы сюды прыехалі. Я спакойны“. А тут ужо за ім сачылі, за ім ганяліся. Гэты, як там яго, Салаўёў на яго ўсё пісаў… Але Юры езьдзіў сюды бяз зброі, без аховы. І вось калі ад’яжджаў, то так сказаў. Я думаю, што быў спакойны: бабуля будзе пад наглядам».

Бабуля Ўльяна рада, калі да яе прыходзіць пляменьніца, калі прыяжджаюць сябры й знаёмыя сына. А перабывалі ў доме Ўльяны Рыгораўны і Генадзь Карпенка, пакуль быў жывы, і ягоная жонка Людміла, пакуль не пакінула межы Беларусі. Прыяжджалі й таварышкі па няшчасьці — Вольга й Сьвятлана Завадзкія, Зінаіда Ганчар. Былі тут і кіраўнікі партый, юрысты, журналісты, замежныя дыпляматы. Ульяна Рыгораўна да прыезду пячэ разам з пляменьніцамі свае знакамітыя блінчыкі з тварагом, гатуе катлеты — ніколі й нікога не выпраўляла яна ў зваротную дарогу без абеду.

Захаранка: «Калі да мяне прыяжджаюць, я такая радая, такая радая. Мне падаецца, што мой Юра тут. Колькі ў яго было сяброў! Бывала, ён прыедзе, то дзьверы не зачыняліся. І ён кожнага запросіць сесьці. Бывала, і няма чаго паставіць, але ён хоць агурком, ды пачастуе».
Без пачастунку гаспадыня не адпускае

Без пачастунку гаспадыня не адпускае


Гомельскі палітык і грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора часьцяком наведвае Ўльяну Захаранку і лічыць, што ўся таямніца зьнікненьня апазыцыйнага генэрала будзе раскрыта толькі пасьля зьмены цяперашняга рэжыму.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў пагаджаецца й дадае:

«Псыхалягічна жанчыне вельмі складана жыць з такім цяжарам. Таму мы наведваем Ульяну Рыгораўну, каб маральна падтрымаць яе. Цяперашняя ўлада на гэтае гора ўвагі не зьвяртае й ня будзе зьвяртаць».

…У апошнія месяцы Ўльяна Рыгораўна праводзіць наведнікаў толькі да парога. Далёка ад яго наагул не адыходзіць, тым больш зімою. Рухавасьць ня тая, дый пасьлізнуцца страшна. І як толькі госьці зачыняюць за сабою браму, бабуля, стоячы на ганку, кліча каткоў — старэйшага й маладзейшага. Нікога больш у гаспадарцы трымаць сілаў не стае. А кот, што ні кажы, — жывая душа ў хаце: «Кіс-кіс-кіс… Кісулькі, ідзеце ў хату. Кіса, кіса…».

Шостага лютага Ўльяне Захаранцы спаўняецца 89 гадоў.
XS
SM
MD
LG