Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат заступіўся за журналістаў і падаў у пракуратуру


Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ліст з Упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму на свой запыт да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. БАЖ абскарджваў затрыманьне супрацоўнікамі Смалявіцкага РАУС журналістаў і прасіў разабрацца.

Лола Бурыева, Вячаслаў Пяшко, Сяргей Кручкоў, Мікалай Петрушэнка і Сяргей Вазьняк спрабавалі 24 сьнежня трапіць на сустрэчу дэпутата Ягора Лебядка з выбарцамі ў смалявіцкім Доме культуры.

З адказу ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму вынікае, што па гэтым звароце была праведзеная праверка. Ёй устаноўлена, што «скарга на дзеяньні супрацоўнікаў Смалявіцкага РАУС не знайшла свайго пацьвярджэньня». Маўляў, падставай для затрыманьня журналістаў «зьяўляўся той факт, што апошнія мелі пры сабе буйнагабарытныя рэчы і адмовіліся іх узычыць для агляду».

Гэты ліст не зусім стасуецца з адказам са Смалявіцкага РАУС, які атрымала адна з затрыманых, Лола Бурыева, адзначае прэс-служба БАЖ. Смалявіцкая міліцыя прызнаецца, што ў дзеяньнях журналісткі «ня знойдзена складу нейкага адміністратыўнага правапарушэньня і прынятае рашэньне спыніць справу». Міліцыянты выбачаюцца за нязручнасьці і пішуць, што з начальнікам аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі, які кіраваў затрыманьнем, праведзена «індывідуальна-прафіляктычная гутарка пра ветлівае і тактоўнае абыходжаньне з грамадзянамі».

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец сказаў «Свабодзе», што насамрэч меў месца факт парушэньня правоў журналістаў, але, мяркуючы па абодвух лістах з органаў унутраных спраў, там не зьбіраюцца пачынаць нейкія справы супраць міліцыянтаў.

«Гэта асобнае пытаньне, на якой падставе і хто мусіць прадстаўляць рэчы для агляду. Відавочна, што журналісты выконвалі сваю журналісцкую дзейнасьць і паказалі свае пасьведчаньні. Я думаю, кропку ў гэтай гісторыі ставіць рана».

Дэпутат Смалявіцкага райсавету Ягор Лебядок зьвярнуся ў мясцовую пракуратуру:

«Я зьвярнуўся па двух пунктах. Першае, што парушаны закон аб звароце грамадзянаў. Па-другое, каб праверку правяла пракуратура. Яны сказалі, што запатрабавалі справы, бо калі справы былі закрытыя, як яны пішуць, то яны павінны былі быць адкрытыя. Пакуль пракуратура на стадыі праверкі. Сытуацыя такая, што не было падстаў для затрыманьня журналістаў».
XS
SM
MD
LG