Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Савету Міністраў Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў: Беларусь будзе разам з Расеяй ствараць супольныя транснацыянальныя карпарацыі.

Дамоўленасьць пра гэта ўжо дасягнутая на роўні прэм’ераў абедзьвюх краін. Такія праекты ахопяць найперш вытворчасьць аўтамабіляў, лекаў, электронікі. Міхаіл Мясьніковіч лічыць, што гэта прынясе выгаду абодвум бакам.

Тым часам экспэрты ацэньваюць гэтыя захады як вымушаны крок уладаў Беларусі. На іх думку, катастрафічны недахоп грошай прымушае афіцыйны Менск шукаць іх найперш у Расеі. А так званыя карпарацыі і холдынгі — гэта замаскіраваная форма здачы расейцам беларускай дзяржаўнай маёмасьці.

Доктар эканамічных навук, прафэсар з Масквы Мікіта Крычэўскі сказаў сёньня карэспандэнту «Свабоды», што Беларусь чакае чарговага траншу з Антыкрызіснага фонду Эўразійскага банку. Аднак летась улады Беларусі ня выканалі аднаго з асноўных патрабаваньняў фонду — не правялі прыватызацыю дзяржмаёмасьці на 2,5 мільярда даляраў. Але ж так ня можа працягвацца і далей. Таму і зьяўляюцца новыя праекты:

«У любым выпадку, танцаваць трэба ад умоваў. Трэба праводзіць прыватызацыю. Але пры гэтым неабходна разумець, што спадару Лукашэнку, калі казаць мовай інстытуцыяналістаў, уласьцівы апартунізм, гэта значыць — выкарыстаньне інфармацыі, якой не валодае праціўнік, у карысьлівых мэтах. У дадзеным выпадку скажам так: у інтарэсах Беларусі. І калі ў новых праектах Беларусь будзе мець меншы статутны ўнёсак параўнальна з расейскім, а выглядае, што так і павінна быць, то нічога з гэтага не атрымаецца. То бок транш Беларусь атрымае. Але потым узьнікнуць нечаканыя акалічнасьці, якія не дазволяць Беларусі падпісаць устаноўчыя дакумэнты. Гэта, дарэчы, у сучасных умовах вельмі нядрэнная тактыка. То бок на словах — адно, а на справе — зусім іншае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG