Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індэкс свабоды прэсы: «Беларусь вярнулася на жахлівую пазыцыю»


Індэкс Свабоды Прэсы 2013 / Index of The Press Freedom
Індэкс Свабоды Прэсы 2013 / Index of The Press Freedom

Арганізацыя «Рэпартэры бяз межаў» апублікавала «Усясьветны індэкс свабоды прэсы», паводле якога Беларусь — на 157-ым месцы. Пасьля Эфіёпіі, Бірмы, Гамбіі і Азэрбайджану.

У справаздачы адзначаецца, што пасьля «арабскай вясны» ды іншых палітычных катаклізмаў, якія паўплывалі на становішча некаторых краінаў у леташнім рэйтынгу, сёлета рэйтынг вярнуўся да больш звыклай канфігурацыі. Гэта індэкс зьяўляецца добрым адлюстраваньнем пазіцыяў урадаў у дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі ў сярэднетэрміновай альбо доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Прыкметна, што бяз зьменаў засталіся як тройка лідэраў — краінаў, дзе ўрад паважае свабоду СМІ (Фінляндыя, Нідэрлянды і Нарвэгія), так і аўтсайдэраў (Туркмэністан, Паўночная Карэя і Эрытрэя).

Адной з найбольш небясьпечных краінаў для журналістаў названая Сырыя (176 месца), дзе журналісты і актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак зрабіліся ахвярамі як рэжыму Асада, так і апазыцыйных груповак, якія таксама выявілі нецярпімасьць да іншадумства. У Амане (141 месца) пракацілася хваля арыштаў карыстальнікаў Інтэрнэту.

Што датычна Беларусі, дык яна ў справаздачы разглядаецца разам з Азэрбайджанам. І хаця абедзьве краіны нібыта палепшылі свае паказьнікі (Азэрбайджан са 162 месца ўзьняўся на 156-ае, а Беларусь — са 168-га на 157-ае), але аўтары справаздачы зьвязваюць гэта з тым, што год таму на рэйтынг уплывалі гвалтоўныя падаўленьні апазыцыйных пратэстных акцый. «А ў гэтым годзе яны проста вярнуліся на свае жахлівыя ранейшыя пазыцыі» — канстатуецца ў справаздачы.

У індэксе свабоды прэсы Польшча заняла 22 месца, Літва — 33, Латвія — 39, Украіна — 126, Расея — 148.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG