Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Давыдзька зможа глядзець «Белсат»

абноўлена

Журналісты тэлеканалу «Белсат» перадалі спадарожнікавую антэну для старшыні дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі.

Днямі на сустрэчы са студэнтамі БДУ кіраўнік дзяржаўнага тэлебачаньня Генадзь Давыдзька асуджальна выказаўся на адрас тэлеканала «Белсат». Даслоўна ён сказаў наступнае: «Калі чалавек вызнае і прапагандуе ідэі, за якія больш заплацяць — як асоба, а магчыма, і як фізычная асоба, такі чалавек доўга не пражыве. Таму што ўнутраны разрыў паміж любоўю і патрэбай — гэта духоўная прастытуцыя. Страшней нічога не бывае». Журналісты тэлеканалу «Белсат» вырашылі падараваць старшыні дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі спадарожнікавую антэну — каб ён меў магчымасьць ня толькі выказвацца пра «Белсат», але і глядзець яго.
Генадзь Давыдзька зможа глядзець «Белсат»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:31 0:00
Наўпроставы лінк

Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Міхась Янчук на ганку будынка Беларускага тэлебачаньня, што на вуліцы Макаёнка, 9, выступіў з заявай:

«Я спадзяюся на тое, што з часам Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне ператворыцца ў Беларускае грамадзкае тэлебачаньне, якое будзе служыць ня толькі інтарэсам адной сям’і ці вузкіх прыўладных колаў, але і ўсяму беларускаму народу. І гэта будзе тэлебачаньне, якое ня будзе хлусіць уласнаму народу. І ня будуць пра яго распавядаць анэкдоты кшталту «хачу жыць у той краіне, якую паказваюць па БТ»

Журналіст «Белсату» Кірыл Пазьняк такім чынам патлумачыў мэту акцыі:

«Я лічу, што прафэсіянал, тым больш кіраўнік такога вялікага СМІ, павінен глядзець іншыя альтэрнатыўныя каналы, мусіць ведаць, што паказваюць ягоныя калегі. Тым больш калі ён крытыкуе гэта, не глядзеўшы. Няхай нават гэта будзе канкурэнтны канал. Цяпер даводзіцца толькі спадзявацца, што Генадзь Браніслававіч сапраўды пачне глядзець „Белсат“. Хаця, зрэшты, я не выключаю, што ён, можа, і глядзіць. А гэта было сказана дзеля таго, каб не падацца занадта дэмакратычным».

Але самога старшыні Белтэлерадыёкампаніі на месцы не аказалася: спадар Давыдзька ў Маскве прэзэнтуе новы канал «Беларусь-3». Пра гэта прадстаўнікі «Белсату» даведаліся ў сераду раніцай, выпраўляючыся на БТ са свайго офісу. Падарунак — спадарожнікавую талерку і рэклямныя матэрыялы «Белсату» — яны пакінулі прадстаўніку так званай «гасьцявой службы» БТ, які ветліва паабяцаў перадаць падарунак спадару Давыдзьку.


Ці варта было ладзіць акцыю — несьці спадарожнікавую антэну — у адсутнасьць чалавека, якому гэты падарунак мяркуецца паднесьці?

Рэклямны кансультант Юлія Ляшкевіч кажа, што задумка была добрая. Але варта было ня проста пакінуць талерку, а рабіць гэта больш гучна, цікава, з прыцягненьнем увагі. Яна прывяла ў прыклад дзёрзкія акцыі, якія праводзіць моладзевае крыло «Зьмена» кампаніі «Гавары праўду», Паўла Вінаградава, які фактычна без аніякіх сродкаў крэатыўна ладзіць акцыі. Бо вельмі важная ня толькі падстава, але і тое, як яе падаць, зацікавіць людзей:

«Сама ідэя добрая, але, на жаль, крыху скамячаная і спантанна зробленая. Як часта мы пераконваемся ў рэкляме, што з добрай ідэі не атрымліваецца добрая акцыя. Я б параіла ім падарыць такі дзёньнік, які часьцяком раздаюць сацыёлягі гледачам — з праграмай перадач, каб тыя глядзелі і ставілі адзнакі. Каб зразумець, якія праграмы людзі глядзяць, якія ставяць адзнакі. То бок дадаць яшчэ нейкіх цікавостак».

Прадстаўнік «Белсату» Міхаіл Янчук, што да выніковасьці гэтай акцыі, выказаўся так:

«Калі пры наступным выступе Давыдзькі мы даведаемся, што ён будзе крытыкаваць „Белсат“ аб’ектыўна, то тады можна лічыць, што акцыя скончылася пасьпяхова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG