Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы стаў Дзяржаўным сакратаром ЗША


Сэнат ЗША зацьвердзіў Джона Керы на пасадзе Дзяржаўнага сакратара ЗША.

Пасьля прысягі ў Керы заменіць Гілары Клінтан, якая сыходзіць у адстаўку.

Пятніца 1 лютага стане апошнім працоўным днём Клінтан на пасадзе кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Джон Керы пра сытуацыю ў Беларусі

У красавіку 2011 году Джон Керы, выступаючы на паседжаньні Сэнату ЗША наконт падаўжэньня тэрміну дзеяньня «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», заявіў: «Больш за сто дзён прайшло пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка інсцэнізаваў ашуканскія выбары, арыштаваў кандыдатаў, якія пасьмелі балятавацца супраць яго і здушыў доступ беларусаў да свабоднай прэсы і інфармацыі. Нягледзячы на тое, што ўвага міжнародных мэдыяў перамясьцілася да іншых падзеяў, мы не забыліся пра народ Беларусі — і не забудземся. Шматлікія гераічныя асобы дагэтуль марнеюць у турме, бяз доступу да сваіх сем’яў і юрыдычнай дапамогі.

Падаўжаючы пастанову аб дапамозе беларускаму грамадзтву, Злучаныя Штаты робяць, што могуць для спрыяньня свабоднаму абмену ідэямі і альтэрнатыўным лідэрам Беларусі. Беларусы маюць гэткае ж права на самакіраваньне і свабоду выяўленьня, як і іх суседзі. Нельга дазволіць апошняй дыктатуры Эўропы існаваць без адпору».

У 2011 годзе Керы заклікаў да адрасных санкцыяў супраць беларускага рэжыму

У студзені 2011 году The Washington Post надрукавала артыкул Джона Керы (дэмакрат) і незалежнага сэнатара Джо Лібэрмана. Разам яны заклікалі Захад адказаць на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі ў Беларусі адраснымі эканамічна-фінансавымі і візавымі санкцыямі.

«Сытуацыя ў Беларусі патрабуе моцнага і бескампраміснага адказу ад усіх бакоў. Палітзьняволеныя беларускім рэжымам (...) мусяць быць неадкладна вызваленыя, а іх бясьпека гарантаваная», — адзначалі ў тым артыкуле амэрыканскія палітыкі.

«Пакуль ня будзе выразных і адназначных доказаў таго, што беларускае кіраўніцтва сур’ёзна ставіцца да асноўных правоў сваіх грамадзянаў», Джон Керы і Джо Лібэрман прапанавалі наступныя крокі:

«Наш урад і Эўразьвяз мусяць увесьці адрасныя санкцыі, у тым ліку візавую забарону і замарожваньне актываў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў і іх памагатых, адказных за перасьлед і парушэньні правоў чалавека.

Мы настойліва заклікаем Эўразьвяз далучыцца да Злучаных Штатаў у забароне бізнэсу і замарожваньні актываў беларускай дзяржаўнай нафтахімічнай кампаніі „Белнафтахім“, а таксама іншых юрыдычных асобаў, якія ўзбагачаюць Лукашэнку і яго паслугачоў за кошт беларускага народу.

Мы просім Эўразьвяз спыніць праекты, зьвязаныя зь беларускімі ўладамі, і прыпыніць сустрэчы зь беларускімі чыноўнікамі ў рамках Усходняга партнэрства. Мы заклікаем нашых эўрапейскіх партнэраў, каб замест гэтага яны далучыліся да ЗША ў намаганьнях павысіць узаемадзеяньне зь беларускім народам і забясьпечыць больш эфэктыўную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Мы заклікаем іншых сяброў міжнароднай супольнасьці, уключна з Расеяй, прыняць аналягічныя адрасныя дзеяньні супраць беларускага кіраўніцтва».


Джон Керы

Поўнае імя — Джон Форбс Керы (John Forbes Kerry)

Сябра Дэмакратычнай партыі.

Зь вядомай амэрыканскай сям’і Форбс.

Скончыўшы вядомую прыватную школу Institut Montana Zugerberg.

Вучыўся ў Ельскім унівэрсытэце.

Удзельнічаў у выбарчай кампаніі прэзыдэнта Джона Кенэдзі.

Ваяваў у Віетнаме.

З 1985 году малодшы, з 2009 — старэйшы сэнатар ад штата Масачусэтс.

Быў кандыдатам на прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі на выбарах 2004 году, але прайграў Джорджу Бушу-малодшаму.

Да таго, як стаць Дзяржаўным сакратаром ЗША, быў старшынём Сэнацкага камітэта ў замежных дачыненьнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG