Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктывы паляпшэньня ўзаемаадносінаў Беларусі з Эўразьвязам і ЗША абмяркоўваліся сёньня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем.

«Што ў нас адбываецца на восі Усход-Захад? Мяне больш цікавіць заходняя праблематыка», — цытуе Інтэрфакс словы кіраўніка дзяржавы. «Тым ня менш, напярэдадні Вышэйшай дзяржаўнай Рады Саюзнай дзяржавы, магчыма, ёсьць пытаньні і на ўсходнім напрамку у сувязі з Адзінай эканамічнай прасторай і Расейскай Фэдэрацыяй», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Як адзначае БелаПАН, кантакты беларускага МЗС з прадстаўнікамі ЭЗ і ЗША актывізаваліся напрыканцы 2012 году.

17 сьнежня Уладзімер Макей прыняў дырэктара дэпартамэнту Расеі, Усходняга партнэрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнай супрацы і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунара Віганда. У той жа дзень міністар правёў тэлефонную гутарку са сваім чэскім калегам Карэлам Шварцэнбэргам. Празь некалькі дзён кіраўнік МЗС Беларусі па чарзе сустрэўся з пасламі Фінляндыі, Эстоніі і Вялікабрытаніі.

14–15 студзеня Мінск наведала дэлегацыя Рады Эўропы на чале з кіраўніком кабінэту генэральнага сакратара РЭ Б’ёрнам Берге, зь якім таксама сустракаўся Макей.

18 студзеня кіраўнік МЗС правёў у Менску рабочую сустрэчу з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў дзяржаваў — чальцоў Эўразьвязу, Ватыкану, ЗША і Швайцарыі.

У той жа дзень у Менску прайшлі кансультацыі па праблематыцы Ўсходняга партнэрства паміж зьнешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Літвы. Зь літоўскага боку ў іх удзельнічалі дырэктар дэпартамэнту Ўсходняга суседзтва Эдмінас Багдонас (былы пасол Літвы ў Беларусі) і пасол па асобных даручэньнях Вайдотас Вярба. «Падчас кансультацыяў бакі абмеркавалі пытаньні разьвіцьця сумеснай ініцыятывы Эўразьвязу і краін — суседзяў ЭЗ «Усходняе партнэрства», у тым ліку падрыхтоўку да віленскага саміту партнэрства ў лістападзе 2013 года ў кантэксьце будучага старшынства Літвы ў Эўразьвязе», — гаварылася ў прэсавым рэлізе беларускага МЗС.

Дарадца прэзыдэнта Літвы па замежных справах Ёвіта Нелюпшэне 18 студзеня заявіла, што на саміт Усходняга партнэрства ў літоўскую сталіцу прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЭЗ, літоўскі бок запрашаць ня мае намеру.

Цяпер пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЭЗ падпадаюць 243 беларускія чыноўнікі і бінэсоўцы, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка і Уладзімір Макей. Прадстаўнікі Эўразьвязу неаднаразова заяўлялі, што гатовыя перагледзець сваё рашэньне аб санкцыях у выпадку вызваленьня і рэабілітацыі беларускіх палітзьняволеных.

Актыўнасьць беларускага МЗС і яго кіраўніка ў заходнім накірунку мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксея Пікуліка. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Чым тлумачыцца такая актыўнасьць беларускай дыпляматыі на заходнім кірунку? Чаму беларускія ўлады сасьпелі да гэтага менавіта зараз, а ня год ці два таму?

Пікулік: Існуе гіпотэза геапалітычных цыкляў, якая палягае ў тым, што пару гадоў пасьля выбараў улада ідзе на абвастрэньне адносінаў з Захадам і знаходзіцца ў фарватэры Расеі, а бліжэй да выбараў адносіны з Захадам паляпшаюцца. Беларусь уваходзіць у 2013 год. Сытуацыя падобная на 2008 год, калі стасункі з Захадам пачалі размарожвацца, калі ўладам было важна пачаць дыялёг з Захадам дзеля атрыманьня эканамічных прэфэрэнцый. Зараз Беларусі трэба ўступаць у СГА, Беларусі патрэбныя крэдыты МВФ, Беларусь разумее, што эканамічная сытуацыя нестабільная. Менавіта таму ўладам зараз патрэбная размарозка адносінаў.

РС: Але так выглядае, што стасункі з Расеяй някепскія. Ды навошта, cыходзячы зь лёгікі беларускіх уладаў, шукаць дабра ад дабра?

Пікулік: Расейцы сапраўды ставяцца зараз даволі спрыяльна, але абсалютна не зразумела, што будзе з пастаўкамі нафты. Так выглядае, што Расея будзе зьвязваць вырашэньне гэтага пытаньня з пэўнымі інвэстыцыйнымі пажаданьнямі. Так што ня ўсё так проста, і беларускія ўлады зацікаўленыя ў тым, каб правесьці хаця б падрыхтоўчую працу, каб заходні вэктар быў таксама адкрыты. Калі гэтая гіпотэза мае рацыю, можна чакаць пэўнага зьніжэньня ўзроўню рэпрэсіяў у Беларусі. Рэжым можа стаць калі ня больш лібэральным, то больш вегетарыянскім, чым быў апошнія гады.

РС: На што гатовыя пайсьці бакі? Меркаваньні, што ўлада хутка вызваліць усіх палітвязьняў, што гэта хутчэй цяжар, чым актыў, пачалі гучаць праз пару месяцаў пасьля сьнежня 2010 году. Зараз студзень 2013. Зь іншага боку, Захад навучаны горкім вопытам вынікаў дыялёгу з Беларусьсю 2008-2010 гадоў. І чаму яны павінны ізноў рызыкнуць пагуляць у нармалізацыю?

Пікулік: Я ня бачу ніводнай рацыянальнай прычыны, паводле якой беларускім уладам было выгадна, каб палітвязьні знаходзіліся ў турмах.

РС: А 2 гады таму было выгадна?

Пікулік: Калі мэтай знаходжаньня палітзьняволеных у турмах было замарозіць стасункі з Захадам і ісьці ў фарватэры Расеі, то гэтая мэта была дасягнутая.

РС: Але тая ж лёгіка дарэчная і зараз.

Пікулік: Калі вырашана размарожваць адносіны, то палітвязьні на волі — для ўлады ня большае зло, чым іх знаходжаньне ў турмах. Ці гатовы Лукашэнка вызваліць палітвязьняў? Я мяркую, што гатовы. Як гэта будзе аформлена? Магчыма, як дараваньне сваім ворагам.

На што гатовая Эўропа? Трэба разумець, што Эўропа неаднародная, у розных сілаў і палітыкаў розныя інтарэсы. Ёсьць вялікая канкурэнцыя паміж Літвой і Польшчай за Беларусь, ёсьць зусім іншая палітыка Нямеччыны. У Эўропы кароткая памяць. І я цалкам магу дапусьціць, што Эўропа і Беларусь вернуцца ў кропку адносінаў 2008 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG