Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойцу Гангадзэ зьняволілі пажыцьцёва


Аляксей Пукач у судзе

Аляксей Пукач у судзе

Былы начальнік дэпартамэнту зьнешняга назіраньня МУС Украіны Аляксей Пукач асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства журналіста Георгія Гангадзэ.

Пра рашэньне Пячэрскага раённага суду Кіева паведамляе агенцтва УНІАН.

Георгій Гангадзэ быў забіты 17 верасьня 2000 году. У 2008 годзе за забойства Гангадзэ былі асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўленьня волі тры былыя падначаленыя Пукача — супрацоўнікі дэпартамэнту зьнешняга назіраньня МУС. Сам Пукач хаваўся і быў затрыманы ў 2009 годзе.

На працэсе Аляксей Пукач прызнаў, што выконваў загад тагачаснага міністра ўнутраных спраў Украіны Юрыя Краўчанкі, які некалькі гадоў таму, паводле афіцыйнай вэрсіі, скончыў жыцьцё самагубствам.

Сам Пукач ў зале суда адмовіўся камэнтаваць журналістам вынесены яму прысуд. Ён сказаў, што абставіны справы вядомыя былому прэзыдэнту Украіны Леаніду Кучму і былому сьпікеру Вярхоўнай Рады Уладзіміру Літвіну і рэкамэндаваў прэсе зьвярнуцца па камэнтар да гэтых асобаў.

Лічыцца, што прычынай забойства Георгія Гангадзэ зрабіліся артыкулы аб карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах украінскай улады, якія ён публікаваў у заснаваным ім інтэрнэт-выданьні "Украінская праўда". Інфармацыя пра прычыны яго сьмерці, якая патрапіла ў прэсу, выклікала буйны скандал. У дачыненьні да арганізацыі забойства сталі падазраваць найвышэйшых кіраўнікоў краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG