Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго падтрымае чэскі прэзыдэнт — Статкевіча ці Лукашэнку? (поўнае відэа)


http://www.youtube.com/embed/LSY_GbMoWME?rel=0

Першыя ўсенародныя выбары прэзыдэнта Чэхіі прынесьлі перамогу Мілашу Зэману. Чалавеку, які шэсьць разоў адмовіўся сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам і назваў Беларусь “палітычным музэем”.

Якія памкненьні чэхаў увасобіў сам Зэман? Як пэнсіянэру ўдалося перамагчы ў прэзыдэнцкай бітве шляхціца-князя? Ці стаяць за ўсім расейскія грошы? Чаму замест “першай дамы” побач зь ім “першая дачка” і як важна ня блытаць словы гімна і не памыліцца ў гісторыі з вайною і немцамі...

Пра гэта ў «Свабодзе без гальштукаў» 30 студзеня з Аленай Ціхановіч гаварылі палітычны эмігрант зь Беларусі Уладзіслаў Яндзюк і вядучая сэрыі “Праект Эўропа” на расейскай службе Радыё Свабода Аляксандра Вагнэр.

Уладзіслаў Яндзюк прызнаецца, што галасаваў два разы ў жыцьці — на першых усенародных выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 1994-м і — воляй лёсу — на першых усенародных выбарах прэзыдэнта Чэхіі ў 2013-м. Ён перакананы, што выбары прэзыдэнта народам і парлямэнтам даюць розныя вынікі: народ выбірае падобнага сабе, палітыкі — сабе выгаднага.

Адказваючы на пытаньне, чым жа Мілаш Зэман аказаўся чэхам бліжэйшым, Аляксандра Вагнэр разважае над схемай: «чалавек з народу» і «чалавек з кіруючай намэнклятуры», «свой» і «чужы ».

Удзельнікі дыскусіі даюць свае адказы на пытаньне, ці можна казаць, што перамогу Зэману забясьпечылі расейскія грошы? Паводле Яндзюка, расейскія інтарэсы ў гэтых выбарах былі прадстаўленыя, і ўвасабляў іх пан Зэман. Укладваць грошы ў «праект Зэман» — гэта цалкам у рэчышчы традыцыйнай расейскай замежнай палітыкі. На думку Аляксандры Вагнэр, расейскі Лукойл мог адыграць нейкую ролю ў кампаніі Зэмана, але канчатковы выбар зрабіў усё ж электарат.

Менск не сьпяшаецца з віншаваньнямі новабаранаму чэскаму прэзыдэнту Зэману. 26 студзеня, у дзень яго перамогі, на сайце беларускага прэзыдэнта зьявілася віншаваньне Вікторыі Азаранцы зь перамогай у турніры Аustralian Open. Гэта можа быць зьвязана са старой крыўдай — калісьці Зэман, яшчэ будучы прэм’ерам, не паддаўся на ўгаворы беларускіх дыпляматаў асабіста сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён прапаноўваў сустрэчу ў кампаніі са сваім сябрам Міколам Статкевічам. Якія цяпер магчымасьці дапамагчы свайму зьняволенаму сябру зьявяцца ў Мілаша Зэмана? Паводле Яндзюка, акрамя лістоў салідарнасьці няшмат.

Кампанія Мілаша Зэмана выклікала і пытаньні наконт «першай дамы»? Чаму яе не было заўважна ў часе кампаніі і нават пры абвяшчэньні вынікаў выбараў? Сваю вэрсію выкладае Аляксандра Вагнэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG