Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалер «Зоркі Карабоба»


Хто ў Беларусі мае найбольш узнагарод? Чаму са сьпісу дзяржаўных узнагарод зьнік ордэн Кастуся Каліноўскага? Хто ў краіне даслужыўся да найвышэйшай адзнакі — званьня Героя Беларусі? <object type="application/x-shockwave-flash" id="soundslider" align="middle" data="http://flashvideo.rferl.org/Flashslideshows/a/a0/a099384a-d88e-4b04-8c67-c67beb44b3a7/soundslider.swf?format=xml&amp;size=2" width="640" height="393"> </object>

«Хто ў Беларусі мае найбольш узнагарод?» На гэтае пытаньне не даюць дакладнага адказу нават спэцыялісты. Але найчасьцей пры гэтым называюць імя Віктара Шэймана.

Віктар Шэйман

Віктар Шэйман

На парадным кіцелі цяперашняга кіраўніка спраў прэзыдэнта больш за 40 ордэнаў, мэдалёў і розных пачэсных знакаў. А ўсяго, паводле Вікіпэдыі, ён мае 18 ордэнаў і 86 мэдалёў. Частка зь іх — яшчэ з савецкіх часоў. Шэйман — прафэсійны вайсковец, ваяваў у Аўганістане.


Падпалкоўнік у адстаўцы Алег Ігнаценка — таксама «аўганец». Ён добра ведае Віктара Шэймана:

«Наколькі мне вядома. у яго нібыта ёсьць ордэн Чырвонай Зоркі. Мабыць, сапраўды ёсьць. Я бачыў у яго адпаведныя пляначкі. Акрамя таго, у яго ёсьць мэдаль за вывад войскаў з Аўганістану. Ёсьць мэдалі за выслугу гадоў у войску — 5, 10, 15, 20 гадоў. Таму на той момант, калі ён прыйшоў дэпутатам у Вярхоўны Савет 12 скліканьня, у яго магло быць 5–6 узнагарод.

Няхай дзесяць... усё астатняе — гэта значкі і ўзнагароды Расеі, Вэнэсуэлы, Бурундзі ды яшчэ іншых афрыканскіх дзяржаваў

Затым ён мог атрымаць юбілейныя ўзнагароды за вывад войскаў з Аўганістану, якія давалі ўсім, хто меў дачыненьне да Аўгану. Ну, дапусьцім, восем. Атрымліваецца, што ўсе астатнія ўзнагароды ён атрымаў, седзячы ў кабінэце. Як і свае генэральскія званьні. Можа, у яго ёсьць значкі заслужанага юрыста, пракурора. Ну, няхай дзесяць.

Як мне ўяўляецца, усё астатняе — гэта значкі і ўзнагароды Расеі, Вэнэсуэлы, Бурундзі ды яшчэ іншых афрыканскіх дзяржаваў. Ён жа туды прыяжджаў... У яго пэўная цяга да гэтага адчуваецца...».

Апошнюю ўзнагароду, пра якую афіцыйна паведамлялася, — вэнэсуэльскі ордэн «Зорка Карабоба» — Віктар Шэйман атрымаў летась. Некаторыя кажуць, што ў яго ордэнаў і мэдалёў — як у Брэжнева. Але тут яны памыляюцца. Былога генсека Шэйман па агульнай колькасьці ордэнаў і мэдалёў абышоў. У «дарагога Леаніда Ільіча» было 16 савецкіх ордэнаў і 22 мэдалі, а таксама 52 замежныя ўзнагароды. Іншая справа, што ўзровень іхных узнагарод — непараўнальны.


Кавалераў ордэна Каліноўскага няма


Дарэмна шукаць на кіцелі Віктара Шэймана беларускі ордэн Кастуся Каліноўскага. Яго няма. І ўжо ня будзе. Гэта — адзіная дзяржаўная ўзнагарода, якая была скасаваная падчас кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Гісторык Ірына Колабава распавядае:

Напрыканцы XX стагодзьдзя зацьвярджаўся новы сьпіс узнагарод, гэты ордэн проста не ўвайшоў у сьпіс

«Калі фармавалася наша ўзнагародная сыстэма, сапраўды, быў уведзены ордэн Кастуся Каліноўскага. Але потым згадкі пра гэты ордэн паступова зьнікаюць. Тут увогуле адбывалася цікавая гісторыя. Ордэнам Каліноўскага ніхто ня быў узнагароджаны. Ён наагул ня быў выкарыстаны ва ўзнагароджваньні. І калі напрыканцы дваццатага стагодзьдзя зацьвярджаўся новы сьпіс узнагарод, гэты ордэн проста не ўвайшоў у сьпіс.

Гэта зьвязана з праблемай самой асобы Кастуся Каліноўскага. Неадназначная ацэнка яго ёсьць у беларускай гістарыяграфіі. Частка гісторыкаў лічыць, што Каліноўскі быў героем, частка — што ня быў. На маю думку, ён быў героем, і яго трэба лічыць героем. Але чамусьці так складаецца ў нашай Беларусі, што калі пачынаецца гераізацыя нейкага чалавека, адразу зьяўляецца плынь, якая яго топча».

Найвышэйшая адзнака дзяржавы сёньня — званьне «Герой Беларусі». Героем можна стаць «за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам, зьвязаныя з подзьвігам, які зьдзейсьнены ў імя свабоды, незалежнасьці і росквіту Рэспублікі Беларусь».


Памяць пра Ўладзімера Карвата — вуліца на ўскрайку Менску


Першым Героем Беларусі стаў падпалкоўнік авіяцыі Ўладзімер Карват. 23 траўня 1996 году ён выконваў вучэбна-трэніровачны палёт. У самалёце нешта сапсавалася. Але лётчык ня думаў пра тое, каб ратавацца самому. Ён адвёў самалёт ад вёскі Арабаўшчына і ўратаваў жыцьцё людзям. А сам загінуў.

У Менску ёсьць вуліца Ўладзімера Карвата. Яна на ўскрайку гораду, каля кальцавой дарогі, на канцавым прыпынку грамадзкага транспарту «Сьцяпянка».


Глядзець вялікую мапу вуліца Карвата in a larger map


Дацэнт філязофіі Ўладзімер Падгол кажа, што, пражыўшы амаль 20 гадоў у Менску, ён толькі летась выпадкова трапіў у гэты раён:

Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол

«Практычна ніякі турыст туды не паедзе, бо там няма нічога цікавага, няма гістарычных мясьцінаў. Таму герояў трэба ўшаноўваць у цэнтры сталіцы. Я, напрыклад, бачу, што на месцы помніка Калініну стаіць помнік Карвату, а плошча Калініна перайменаваная ў плошчу Карвата. І наагул уздоўж праспэкту Незалежнасьці ўсе плошчы, за выключэньнем Якуба Коласа, павінны былі б называцца імёнамі герояў. Напрыклад, плошча імя героя Беларусі Пятра Пракаповіча. Ня ведаю, дзе яна будзе — можа, ля Нацыянальнай бібліятэкі, можа, яшчэ дзе. І тады на праспэкце Незалежнасьці, як пярліны, былі б плошчы беларускіх герояў».

Усяго ў Беларусі званьне «Герой Беларусі» маюць 10 асобаў. Акрамя Ўладзімера Карвата, гэта — прамыслоўцы Павал Марыеў і Міхаіл Высоцкі, аграрыі Аляксандар Дубко, Міхаіл Карчміт, Віталь Крамко, Васіль Равяка, чыноўнік Пётар Пракаповіч, мастак Міхаіл Савіцкі, мітрапаліт Філарэт.

Пётар Пракаповіч стаў Героем Беларусі ў 2006 годзе. У той час ён працаваў старшынём Нацыянальнага банку краіны. «Калі б зараз выйшаў прэзыдэнцкі ўказ аб прысваеньні адной зь менскіх плошчаў імя Пятра Пракаповіча, то гэта магло б прывесьці да сацыяльнага выбуху. Менавіта на яго перанесьлі людзі сваё абурэньне за страчаныя імі грошы», — лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«На першых прэзыдэнцкіх выбарах ён даў залю для выступленьня кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Лукашэнку. Лукашэнку перашкаджалі выступаць, а ён даў залю. Вось за гэта — і герой. І далей — дапамагаў прэзыдэнту.

А на Нацбанк яго паставілі як вернага чалавека. І гэта было чыста палітычнае прызначэньне. А за што даюць у Беларусі героя? Героя даюць самым верным абаронцам гэтага ладу».


Наступным героем Беларусі можа стаць Лідзія Ярмошына


50 жыхароў Магілёўшчыны днямі накіравалі зварот у прэзыдэнцкую адміністрацыю з прапановай прысвоіць імя «Герой Беларусі» старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

Ініцыятар звароту Аляксей Паўлоўскі кажа: «Гэтая жанчына зьберагла для нашай краіны неверагодныя рэсурсы. Дзякуючы ёй дэпутаты прызначаюцца яшчэ ў першым туры выбараў. Другога туру наагул няма, як кажуць, паводле азначэньня. На зэканомленыя грошы будуюць аграгарадкі і лядовыя палацы.

Таму мы просім Аляксандра Лукашэнку прысвоіць спадарыні Ярмошынай званьне «Герой Беларусі», усталяваць у Слуцку і Бабруйску яе бронзавыя бюсты. А таксама накіраваць яе ў падарожжа ў Парыж на прэзыдэнцкім «Майбаху».

У сьпісе сучасных беларускіх узнагарод — 8 ордэнаў і гэтулькі ж мэдалёў.

Самая багатая гісторыя — у мэдаля Францыска Скарыны. Спэцыяльны ўказ аб яго заснаваньні яшчэ 20 красавіка 1989 году прыняў Вярхоўны Савет БССР. Але першых «мэдалістаў» вызначылі толькі ўвосень наступнага, 1990 году.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Алег Трусаў тлумачыць, чаму мэдаль атрымаў імя Францыска Скарыны:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Тады юбілей быў, у 1990 годзе сьвяткавалі 500 год Скарыны. З гэтай нагоды Савецкі Саюз нават рубель выпусьціў з выявай Скарыны. І канвэрт выпусьцілі, і паштовую марку. Мы тады Скарыну „раскруцілі“, і праспэкт Леніна назвалі праспэктам Скарыны. Гэта ўсё — 1990 год».

Першыя чатыры ўладальнікі мэдаля — надзвычай вядомыя для незалежнай Беларусі людзі: настаўнік Алесь Белакоз, пісьменьнік Ніл Гілевіч, гісторыкі Мікола Ермаловіч і Міхась Ткачоў. А вось разглядаючы пазьнейшыя сьпісы ўзнагароджаных, сутыкаесься з такімі прозьвішчамі, як Аляксандар Аверкаў, Вадзім Гігін, Генадзь Давыдзька...

Алег Трусаў камэнтуе гэта так: «Ну, што тут казаць. Галоўнае, што мэдаль застаўся. Не скасавалі, і тое добра. Якая ўлада — такія і ўзнагародцы. Тут усё павінна адпавядаць. І яно цалкам адпавядае».


Францыск Скарына — гэта ордэн ці мэдаль?


Мэдаль Францыска Скарыны часта блытаюць з ордэнам Францыска Скарыны. Ордэн увялі ў красавіку 1995 году, ужо пасьля таго, як прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка. У герархіі беларускіх ордэнаў скарынаўскі — толькі на перадапошнім месцы. Уладальнік ордэна за нумарам 1 — мастак Міхаіл Савіцкі.

Чамусьці гэтая ўзнагарода стала надзвычай папулярнай пры ўзнагароджаньні дзеячаў расейскай поп-музыкі. Надзея Бабкіна, Мікалай Баскаў, Філіп Кіркораў і яшчэ шмат хто з так званых «папсовых» зорак маюць гэты ордэн.

Музычны крытык Вітаўт Мартыненка разважае:

Вітаўт Мартыненка

Вітаўт Мартыненка

«Мы — паднявольны народ. І гэта прыкмета паднявольнага народу — чужыя назвы вуліц, чужыя ордэны і мэдалі на грудзях нашых і нашыя — на чужых грудзях. Мне шкада імя Скарыны, якое гэтым так прыніжаецца. Ордэн Скарыны павінен насіць толькі той, хто, як Скарына, даў народу Біблію, калі яшчэ ня ўся Эўропа дайшла да Бібліі на роднай мове.

За што ўзнагароджваць таго ж Баскава?! Ёсьць жа артысты тыя ж расейскія. Напрыклад, піцерскі гурт „Яблоко“ Марыі Капуры. Адзіны дыск савецкі квадрафанічны. І на ім — шэсьць беларускіх песьняў. Але такіх чамусьці не ўзнагароджваюць. А гэтыя „зоркі“ — сёньняшняга дня. Пра іх узнагароды праз 20–30 гадоў пасьля заняпаду беларускага рэжыму ўжо ніхто не згадае».

Назвы некаторых беларускіх ордэнаў і мэдалёў нагадваюць назвы савецкіх узнагародаў — Дружбы народаў, Гонару, Маці, «За адвагу»... Наконт гэтага Ірына Колабава кажа:

«У нашым беларускім жыцьці наагул адсочваецца шмат савецкай спадчыны. Але ва ўзнагароднай сыстэме адмовіцца ад яе было б вельмі цяжка. Спадчына гэтая прасочваецца ў паўторы назваў ордэнскіх знакаў, у эмблематыцы, у колеравай гаме.

Але ў нашай сыстэме ёсьць і некаторыя добрыя моманты параўнальна з савецкай. Па-першае, у нас забаронена падвойна ўзнагароджваць адной і той жа ўзнагародай. Па-другое, паміж узнагародамі павінна прайсьці ня менш за пяць гадоў, за выключэньнем сытуацыі, калі адзін і той жа чалавек зьдзяйсьняе подзьвігі. І ў нас яшчэ ўведзены крыж як форма ўзнагарод. У савецкія часы гэтага не было».



А якія ільготы маюць узнагароджаныя? Героі Беларусі могуць бясплатна атрымліваць лекі, пуцёўкі на лячэньне, езьдзіць на грамадзкім транспарце, карыстацца камунальнымі паслугамі і г.д.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG