Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 лютага ўводзіцца дыфэрэнцыраваная плата за газ і электрычнасьць


Гэта прадугледжана пастановай Савету міністраў № 52 ад 23 студзеня. Паводле прэсавай службы ўраду, усталёўваецца трохступеньчатая сыстэма тарыфаў у залежнасьці ад аб’ёмаў спажываньня электраэнэргіі і газу.

Так, для грамадзян, якія пражываюць у дамах, абсталяваных электрычнымі плітамі, пры штомесячным спажываньні да 250 кВтг электраэнэргіі аплата будзе праводзіцца па тарыфах, устаноўленых заканадаўствам. Пры спажываньні ад 250 да 400 кВтг уключна — па ўстаноўленых тарыфах з прымяненьнем павышальнага каэфіцыенту 1,3, але не вышэй за тарыфы, якія забясьпечваюць поўнае пакрыцьцё эканамічна абгрунтаваных затратаў. Калі спажываньне электраэнэргіі перавышае 400 кВтг у месяц, аплата будзе вырабляцца па тарыфах, што забясьпечваюць поўнае пакрыцьцё эканамічна абгрунтаваных затратаў.

Для тых, чые дамы не абсталяваны электрычнымі плітамі, за некаторымі выключэньнямі, прадугледжана аналягічная сыстэма аплаты электраэнэргіі.

Для грамадзян, дамы якіх не абсталяваны электраплітамі і сыстэмамі цэнтралізаванага гарачага водазабесьпячэньня і забесьпячэньня прыродным газам, пры спажываньні да 300 кВтг уключна прадугледжана аплата па ўстаноўленых тарыфах, больш за 300 кВтг — па тарыфах з павышаючым каэфіцыентам 1,3.

Што тычыцца платы за паслугі газазабесьпячэньня, дык, згодна з пастановай, з грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах (кватэрах), абсталяваных індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі і прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу, яна будзе спаганяцца штомесяц у залежнасьці ад гадавых аб’ёмаў яго спажываньня, якія вылічваюцца нарастаючым вынікам штогод з 1 студзеня.

Аляксандр Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 15 студзеня заявіў, што лічыць справядлівым ўвядзеньне дыфэрэнцыяцыі аплаты электраэнэргіі для насельніцтва. «Калі ты хочаш расходаваць звыш нормы, тады трэба і больш плаціць. Чаму тыя, у каго стаіць маленькая лядоўня, павінны быць пастаўленыя ў роўныя ўмовы з тымі, у каго тры халадзільніка і адзін маразільнік асобна стаяць на велізарнай кухні?»

Раней першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заяўляў, што ў 2016 годзе тарыфы на электраэнэргію для насельніцтва Беларусі наблізяцца да ўзроўню 100-працэнтнага папаўненьня выдаткаў.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG