Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка расейскай «Новой газеты» Ірына Халіп папрасіла міліцыю дазволіць ёй выехаць у Лёндан і Маскву. Сама Ірына Халіп карэспандэнту Радыё Свабода такім чынам растлумачыла сэнс гэтай акцыі:

«Я сама ў іх нічога прасіць не хачу. Я проста хачу пакласьці канец гэтай хлусьні. Таму што мне вельмі крыўдна, што на гэта вядуцца нават некаторыя мае калегі, людзі разумныя і адукаваныя, якія кажуць: „А можа, ты проста ня ведаеш? А можа, насамрэч, цябе выпусьцяць?“

Я прыйшла ў панядзелак, як звычайна, адзначацца ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Партызанскага РУУС, запыталася, на чыё імя трэба пісаць заяву. Мне адказалі, што на імя начальніка РУУС. Я напісала заяву, у якой прашу дазволіць мне выехаць у Лёндан на сустрэчу з мужам Андрэем Саньнікавым тэрмінам на тыдзень і ў Маскву на тыдзень — паўдзельнічаць у рэдакцыйным жыцьці. Заяву зарэгістравалі і паведамілі, што цягам 30 дзён я павінна атрымаць адказ. Такім чынам, хутка ў мяне будзе афіцыйная паперка з адмовай, і ніякі Лукашэнка і ніякі пракурор ня будуць казаць, што я вольная. Будзьце ўпэўненыя, што гэтую паперу я адсканую, абнародую, пакажу грамадзкасьці».

Ірына Халіп была асуджаная на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу за «арганізацыю групавых дзеяньняў, што парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Аляксандар Лукашэнка двойчы публічна заяўляў, што Ірына Халіп можа бесьперашкодна выяжджаць з краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG