Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апальнага пэдыятра Паснова ўладкавалі псыхіятрам


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Лекар зь Віцебску Ігар Пасноў, які быў звольнены з ранейшай пасады пэдыятра па скарачэньні, як ён кажа — з-за крытыкі мясцовых уладаў, працаўладкаваўся псыхіятрам.

«Пахадзіў я пахадзіў, спачатку прыйшоў зьдзеклівы адказ з абласнога ўпраўленьня аховы здароўя, маўляў, едзьце на раён, зьвярніце на біржу, мы дапаможам вам з перасяленьнем. Я стаў на чаргу на біржы. Потым мне прыйшло прызначэньне лекарам-псыхіятарам у абласную бальніцу. Сёньня першы дзень. Але гэта параноя ўлады. Мяне лекара з 15-гадовым стажам лекара-пэдыятара накіравалі працаваць па асноўнай маёй спэцыяльнасьці лекара-псыхіятара. У нас на ўчастках лекараў-пэдыятраў не хапае. А мяне не бяруць, кажуць — няма месцаў. Людзі па два ўчасткі вядуць, школы пустыя».

Ігар Пасноў адрэагаваў на сёньняшнія заявы Лукашэнкі падчас наведваньня Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўралёгіі і нэўрахірургіі:

«Я пакуль ня ведаю, які ў мяне будзе заробак. Але, напэўна, у лекара-псыхіятра больш, бо тут за шкоднасьць. Як лекар-пэдыятар я атрымліваў 1 мільён 800 тысяч рублёў. Гэта ж насамрэч зьдзеклівыя заробкі. За такія заробкі лекары ня пойдуць працаваць. І наагул, нармальна працаваць за мільён 800 тысяч ніхто ня будзе. Пачаць трэба, канечне, з падвышэньня заробкаў. Санітаркі капейкі атрымліваюць. Як зь яе, беднай, спытаеш, калі яна капейкі атрымлівае?»

Паводле Паснова, улада — прынамсі віцебская — вельмі мала займаецца мэдыцынай:

«Толькі на словах усё гэта адбываецца. Рамонт інфэкцыйнай бальніцы ідзе тры гады. У якіх умовах лекары працуюць? Магчыма,трэба скарачаць кіроўны апарат у мэдыцыне. Калі ўжо брацца за скарачэньне дзяржапарату, то трэба гэта чэсна разабраць і чэсна вырашыць».

Ігар Пасноў кажа, што лекары зьяжджаюць на працу ў Расею, прынамсі такіх многа сярод яго знаёмых:
Як лекар-пэдыятар я атрымліваў 1 мільён 800 тысяч рублёў. Гэта ж насамрэч зьдзеклівыя заробкі

«Без праблем. У Расеі аклады нашмат вышэй, даўно 500 даляраў і больш. І ня толькі на словах. Да таго ж там неяк прасьцей уся гэтая сыстэма».

Сталы слухач Радыё Свабода доктар зь Віцебску Ігар Пасноў напрыканцы мінулага года запісаў відэазварот і выклаў яго на YouTube.

«Я хачу паказаць, наколькі бяспраўныя сёньня мы, мэдычныя работнікі. Мала таго, што атрымліваем капейкі, дык яшчэ з кожным з нас можна, як з сабакам, расправіцца. І наколькі галаслоўныя іх словы, што яны клапоцяцца пра дзяцей, пра пацыентаў, пра жыцьцё людзей», — сказаў тады Ігар Пасноў у сваім відэазвароце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG