Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак 500 даляраў: посьпех ці пралёг новага крызісу?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Якім чынам беларускі ўрад здолеў вярнуць сярэдні заробак на ўзровень больш за 500 даляраў? Ці вырашальнай была ў гэтым расейская дапамога? Ці тыя ж гэта 500 даляраў, што і два гады таму? Ці ня будзе мець імклівы рост заробкаў такія ж наступствы, як і ў 2011 годзе? Над гэтымі тэмамі разважаюць эканамісты Аляксандар Чубрык і Сяргей Чалы

Як урад вярнуў 500 даляраў сярэдняга заробку?

Дракахруст: Днямі Мінстат агучыў лічбы: сярэдні заробак у сьнежні 2012 г. — 552 даляры, у 4 кв. 2012 г. — 514 даляраў. Прынамсі па гэтай, надзвычай важнай пазыцыі, вынік 2010 году дасягнуты і нават перавышаны. У ФБ Аляксандра Чубрыка адна з наведніц напісала — як такое можа быць? І сапраўды — як? Асабліва на фоне алярмічных прагнозаў канца 2011 году, што катастрафічнае падзеньне ўсяго працягнецца і надалей?

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
Чубрык: Адказ на гэтае пытаньне трэба шукаць у другім квартале 2012 году, калі ўрад пасьля даволі добрых вынікаў 1 кварталу, калі , дзякуючы ўсялякім растваральнікам і нафтапрадуктам, быў добры рост ВУП. Паглядзелі, што ўсё добра, і пачалі выконваць задачу дасягненьні заробку ў 500 даляраў. Прыкладна ў 2-м квартале пачаўся гэты рост заробкаў, які паскорыўся яшчэ больш і дасягнуў гістарычнага максымуму ў 3 квартале, што цалкам натуральна, таму што тады адбываліся парлямэнцкія выбары. Але, што мяне зьдзівіла ў гэтай сытуацыі — гэта тое, што рост не запаволіўся ў 4 квартале 2012 году.
І тут вельмі цікавая рэч, чаму так адбывалася. Дагэтуль у мяне няма поўнага адказу на гэтае пытаньне. З ВУП адбываліся цікавыя рэчы. Ён запавольваўся да трэцяга кварталу, а потым міністэрства статыстыкі чамусьці перагледзіла мэтадалёгію, паводле якой лічыла ВУП, і высьветлілася, што за першыя 9 месяцаў рост ВУП аказаўся прыкладна на 1 адсоткавы пункт больш, чым гэта першапачаткова падавалася статыстыкай.

Дракахруст: Сяргей, я памятаю, што ў канцы 2011 году вы казалі, што гэты крызіс фактычна меў валютную прыроду. Улады проста не хацелі адпусьціць курс, паводле вас калі б адпусьцілі курс — усё скончылася б яшчэ ў красавіку 2011 году. Але пытаньне не проста ў тым, як выйшлі з крызісу, а як фактычна вярнуліся на ўзровень канца 2010 году. Адкуль «дровишки»? Адкуль такія грошы зьявіліся? Я проста хачу прыгадаць, што тады ў кастрычніку 2011 году ў адной з перадач «Праскага акцэнту» з вашым удзелам ваш апанэнт казаў, што 100 даляраў будзе сярэдні заробак у кастрычніку 2012 году. Ён аказаўся разоў так у 5 большым. У чым сакрэт?

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
Чалы: Усё ж такі сёньняшняя сытуацыя не аналягічная сытуацыі сьнежня 2010 году. Сапраўды, калі глядзець толькі на заробкі, то мы нібыта вярнуліся ў той час і ў пэўнай ступені нават пераўзышлі. Але, з аднаго боку, у нас была інфляцыя і даляраў, яго пакупніцкая здольнасьць за гэты час упала. На цяперашні заробак у 500 даляраў нельга купіць столькі, колькі можна было купіць на гэтыя ж грошы ў сьнежні 2010 году.

Асабліва важна, што крызіс 2011 быў створаны ня толькі і ня столькі разгонам заробкаў, колькі штучным стымуляваньнем эканамічнага росту празь такі чароўны мэханізм, як інвэстыцыі ў асноўны капітал. Імклівы рост інвэстыцый працягваўся нават падчас эканамічнага крызісу. У нас пік росту ВУП і пік росту інвэстыцый у асноўныя сродкі вытворчасьці прыпаў на травень 2011 году. Гэта значыць, там крызіс ужо бушаваў, а мы радаваліся росту інвэстыцый на 20% і росту ВУП у 14%. І гэта тое, што адрозьнівае 2012 год ад 2011 году — што даволі істотна ўпалі ўнутраныя інвэстыцыі. Я б нават сказаў, што менавіта падзеньне ўнутраных інвэстыцый прыкладна на 15% і было асноўным фактарам, які дазволіў прадухіліць летась крызіс, які мог быць выкліканы стымуляваньнем росту ўнутранага попыту праз рост даходаў.

Ці аднолькавыя 500 сёньня і два гады таму?

Дракахруст: Эканаміст Леанід Злотнікаў, як і вы, Сяргей, кажа, што ў рапартах мінстату і ўраду ёсьць пэўны хітрык, што ў Беларусі даляр канца 2010 году і канца 2012 году — гэта розныя рэчы, што цэны вырасьлі ня толькі ў беларускіх рублях, але і ў далярах. І паводле падлікаў эканаміста цяперашні сярэдні заробак — гэта дзесьці 420 даляраў у далярах канца 2010 году. Ці згодны вы з такімі падлікамі? І з чаго гэта ў Беларусі цэны вырасьлі ў далярах?

Чалы: У Беларусі цэны расьлі больш шпарка, чым адбывалася паслабленьне курсу. Таму, відавочна, што адзін і той жа спажывецкі кошык у далярах зараз каштуе даражэй, чым раней. У прынцыпе, гэта была сьвядомая палітыка ўладаў. Усё ж такі было вельмі выразна відаць па 2012 годзе, што рэгулюемыя цэны расьлі хутчэй, чым рынкавыя. Дзесьці гэта рабілася для таго, каб у нейкай ступені мінімізаваць наступствы такой вось «раздачы сланоў» — павышэньня заробкаў да абяцаных калісьці даўно гэтых 500 даляраў. Гэта было відаць па тэмпах росту акцызаў на тавары, гэта было добра бачна на тэмпах росту паслуг ЖКГ.

Яшчэ вельмі важны момант, чаму рост даходаў летась не прывёў да паўтарэньня крызісу. Усё ж такі тады — напрыканцы 2010 году- напачатку 2011 году — былі вельмі вялікія дэвальвацыйныя чаканьні. Мы памятаем статыстыку куплі насельніцтвам наяўнай валюты, тады абяцаныя 500 даляраў насельніцтва пабегла літаральна ператвараць у 500 даляраў. І наша банкаўская сыстэма гэтага не вытрымала.

Дракахруст: І для Аляксандра Лукашэнкі стала велізарным сюрпрызам, што пабеглі ня толькі і ня столькі багацеі, колькі пэнсіянэры.
Аляксандр, як вы можаце патлумачыць «на пальцах» гэтую рэч? Вось у Злучаных Штатах, дзе бацькаўшчына даляра, цэны ня надта моцна растуць. У рэшце рэшту цэны на тавары ў Расеі, у Польшчы, якія ў Беларусь можна завесьці, таксама ў далярах не растуць. І калі ў Беларусі нейкія цэны растуць у далярах, то па ідэі павінен працаваць мэханізм гандлёвага арбітражу: людзі едуць у Расею, прывозяць больш танны тавар і цана павінна была б падаць. Як могуць у Беларусі расьці цэны ў далярах? Патлумачце.

Чубрык: Перш, чым перайсьці да вашага пытаньня, хачу сказаць пра вельмі істотную рэч, пра якую казаў Сяргей — што зьніжаліся інвэстыцыі ў асноўны капітал. Звычайна ў пэрыяды выбараў, калі расьлі заробкі, адначасова скарачаліся інвэстыцыі. Пасьля выбараў звычайна растуць інвэстыцыі, а да выбараў — заробкі. Але ў 2010 годзе расьлі і заробкі, і інвэстыцыі. А ў 2012 інвэстыцыі скарачаліся. Гэта і стала адной з крыніц, якая дазволіла давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў.

Што тычыцца пытаньня, як так атрымалася, што ў Беларусі цэны расьлі і ў далярах, то дынаміка рэальнага курсу беларускага рубля да даляра, які ўлічвае інфляцыю ў Беларусі і ў ЗША паказвае, што мы яшчэ ня выйшлі на дакрызісны ўзровень заробкаў. У далярах цэны падвысіліся ў параўнаньні з 2011 годам, а не ў параўнаньні з 2010 годам.

Мне давялося папрацаваць 2 гады ў Азербайджане. Калі я зьехаў зь Менску ў Баку, то я быў упэўнены, што Менск у параўнаньні з Варшавай, Вільняй — гэта дарагі горад. Калі я прыехаў у Баку, то зразумеў, што ў Менску можна даволі някепска жыць. У 2010 годзе, калі я езьдзіў з Баку ў Менск некалькі разоў на год, я стаў заўважаць, што цэны сталі набліжацца да цэнаў у Баку. Пасьля крызісу Менск зноў стаў вельмі прыемным горадам для жыцьця. Але потым цэны зноў пачалі расьці, і ў далярах у тым ліку. І зараз шмат якія цэны ў Менску перавысілі цэны ў Баку. Але Баку — сталіца нафтавай краіны, а Менск — не. Чаму ж так атрымліваецца? З афіцыйнай статыстыкі мы не пабачым адказу, бо афіцыйная статыстыка бярэ цэны ў нейкіх дзіўных крамах, у якіх хацелася б пабываць. Выглядае, што галоўная прычына такіх высокіх цэнаў — адсутнасьць канкурэнцыі. Гэта вельмі абмяжоўвае магчымасьці для зьмяншэньня цэнаў ці захаваньня нізкіх цэнаў.

Колькі «важыць» расейская дапамога?

Дракахруст: Якую ролю ў гэтым, так бы мовіць, «вяртаньні ў беларускі эканамічны цуд» адыграла Расея, расейская дапамога, расейскія грошы? Ці не перабольшаная гэтая роля?

Тут напрошваецца аналёгія з пасьляваенным амэрыканскім плянам Маршала. Часам можна пачуць меркаваньне, што ён быў вырашальным фактарам для пад’ёму Заходняй Эўропы. Але вось трапілі на вочы лічбы: Нямеччына па тым пляне за тры гады (1948-1951) атрымала 1 мільярд трыста мільёнаў даляраў. У цэнах гэтага году гэта прыкладна 15 мільярдаў даляраў. Сума ўнушальная, асабліва для разбуранай ушчэнт краіны. Але лічыць яе чароўнай палачкай, якая ператварыла галечу ў працьвітаньне, неяк не выпадае. Дык можа і з Беларусьсю ў 2012 годзе так — расейскія грошы былі важным фактарам, але зусім ня толькі імі тлумачыцца тое, што адбылося?

Няма сумневу, што асобыя адносіны з Расеяй заўсёды былі фактарам высокага эканамічнага росту. Самі расейцы ледзь не 50 мільярдаў налічылі нам нашых выгод ад супрацоўніцтва зь імі з часоў здабыцьця незалежнасьці Беларусі. Я лічу, што гэта сапраўды адно зь вялікіх дасягненьняў, якія цяперашнія ўлады могуць паставіць сабе ў заслугу. Таму што ніводнай з постсавецкіх краін не атрымалася так удала карміцца дзякуючы Расіі. Бесьперашкодны доступ да расейскага рынку — гэта важны фактар.

Чалы: Паляпшэньне ўмоваў гандлю з Расеяй у канцы году сапраўды вельмі добра паўплывала на эканамічнае становішча ў 2012 годзе. Я праціўнік таго, каб называць гэта нейкім датацыямі або субсыдыямі. Гэта, груба кажучы, тое, што мы і так павінны былі даўно атрымаць ад удзелу ў мытным саюзе і далейшых інтэграцыйных праектах з Расіяй. Гэта, вядома ж, даволі істотны чыньнік таго, што ў 2012 годзе ніякіх крызісных тэндэнцый не назіралася. Але чаму нельга параўноўваць сытуацыю пасьляваеннай Нямеччыны зь беларускай? Бо там, як вы разумееце, расьлі зь вельмі нізкай базы, там прамысловасьць разбураная ўшчэнт, а часткова і вывезеная. Ствараць новых прадпрыемстваў на пустым месцы значна прасьцей, чым калі вы ў сытуацыі такой пераіндустрыялізаванай краіны, як Беларусі, якая працавала на ўвесь СССР.

Вось гэты плян мадэрнізацыі — гэта хоць нейкая спроба адказаць на пытаньне, што рабіць з гэтымі прадпрыемствамі, якія, як чамадан без ручкі — і несьці цяжка і кінуць шкада.

Няма сумневу, што асобыя адносіны з Расеяй заўсёды былі фактарам высокага эканамічнага росту. Самі расейцы ледзь не 50 мільярдаў налічылі нам нашых выгод ад супрацоўніцтва зь імі з часоў здабыцьця незалежнасьці Беларусі. Я лічу, што гэта сапраўды адно зь вялікіх дасягненьняў, якія цяперашнія ўлады могуць паставіць сабе ў заслугу. Таму што ніводнай з постсавецкіх краін не атрымалася так удала карміцца дзякуючы Расіі. Бесьперашкодны доступ да расейскага рынку — гэта важны фактар. Зараз ён адносна бесьперашкодны з прычыны дзеяньня дзіўнага мэханізму, якога ў прынцыпе не павінна быць у Адзінай эканамічнай прасторы, пад назвай «балянс» — нафтавы, сельскагаспадарчы, іншы.

Дракахруст: Сяргей, тое, што гэта фактар — гэта ўсім відавочна. Але пытаньне — якая яго вага? А калі б яго не было? Усё б абрынулася? Вось расейцы кажуць — 50 мільярдаў даляраў з 1991 году, за 20 гадоў, прыкладна па 2.5 мільярды ў год. Але ВУП Беларусі зараз — 60 мільярдаў даляраў. Ну вось такія суадносіны.
Дык гэта карысны, добры, важны фактар ці гэта ўмова выжываньня, не было б яго, і ў Беларусі была б галеча і эканамічная катастрофа?

Чалы: Вядома ж не было б. Калі лічыць тыя прэфэрэнцыі, якія нам удалося атрымаць на 2012 год дзякуючы зьніжэньню цаны на газ і дзякуючы адсутнасьці мыта на сырую нафту, то гэта максымум 2 — 3 мільярды даляраў у год пры ВУП прыкладна 55 мільярдаў. Я б не сказаў, што гэта вызначальная велічыня.

Дракахруст: Аляксандр, а як вы можаце адказаць на гэтыя пытаньні? Вага, важнасьць, крытычнасьць клубка стасункаў з Расеяй (не будзем, калі Сяргей не дазваляе, называць гэта датацыямі)? Ну тым ня менш гэта нейкі трансфэрт, грошы адтуль ідуць у Беларусь. Наколькі ён вырашальны, а калі не вырашальны — чаму працуе і дае нейкія вынікі эканоміка, якая з пункту гледжаньня лібэральнай парадыгмы, у прынцыпе, павінна была даўно «накрыцца медным тазам»? Яна ім і накрываецца, але потым з-пад таза вылазіць і зноў неяк разьвіваецца.

Чубрык: Наконт таго, якая вага гэтых стасункаў з Расеяй у 2012 годзе, адназначнага адказу няма, таму што гэтыя стасункі пачаліся не ў 2012 і не ў 2011 гадах, а ў 1995 годзе, калі было падпісана пагадненьне пра мытны саюз з Расеяй. Фактычна тады мы атрымалі бесьперашкодны доступ на расейскі рынак і танныя газ і нафту. У 2012 годзе гэтыя фактары паўплывалі на сытуацыю, а ў 2011 годзе яны мелі вырашальны ўплыў. Але ўплыў гэты быў насамрэч хутчэй адмоўным.

Чаму? Таму, што напрыканцы 2011 году беларускія ўлады пачыналі ўголас казаць пра тое, што трэба рабіць структурныя рэформы, у іх атрымалася спыніць крэдытаваньне эканомікі праз банкаўскае рэфінансаваньне. Але пасьля прыйшлі расейцы і сказалі: " Хлопцы, у вас тут грошай няма. Дык вось — калі ласка". То бок атрымліваецца, што як толькі беларусы, беларускі ўрад пачалі думаць нешта ў кірунку рэформаў і зьменаў той самай эканамічнай мадэлі, магчыма не радыкальнай зьмены, а пэўных зьменаў эканамічнай мадэлі, як зьявіліся расейскія грошы. І пасьля гэтага адразу нават прарынкавая рыторыка была згорнутая.

Ці будзе новы абвал?

Дракахруст: Ну вось 2012 год скончыўся такімі прыгожымі лічбамі, урад адрапартаваў — 500 даляраў сярэдняга заробку ёсьць, усё вярнулася на колы свае. Але гэтыя колы свае — гэта сьнежань 2010 году? Ці ня можа той жа мэханізм абрынаньня ў крызіс, які спрацаваў тады, спрацаваць і зараз? Ці нейкі іншы мэханізм, але абрынаньня туды ж.

Чубрык: У нас не сытуацыя 2010 году і сытуацыі сакавіка 2011 году. Глядзіце: вельмі істотнае адрозьненьне ад таго часу — што мы маем плаваючы курс. Тады курс быў фіксаваны, рэзэрваў не было зусім, яны былі фактычна ў глыбокім мінусе, калі ўлічыць тыя грошы, якія Нацбанк быў вінны камэрцыйным банкам. Тады былі вельмі высокія дэвальвацыйныя чаканьні, зараз, дзякуючы сквапнасьці беларусаў і высокім стаўкам банкаўскага адсотку, такіх чаканьняў няма. Хаця, калі стаўкі зьменшыць, то яны зьявяцца.

Мы ў крыху іншай сытуацыі, чым тады, але доўгатэрміновыя пэрспэктывы даволі сумныя, нават з улікам мытнага зьвязу. Проста таму, што ў Расеі, як у нашым найбуйнейшым гандлёвым партнэры, як і наагул у сьвеце запавольваецца эканамічны рост. Гэта значыць, што попыт на нашу прадукцыю будзе расьці больш павольна, а можа і наагул зьменшыцца.

Чалы: Я пагаджуся з Аляксандрам у тым, што сытуацыя, вядома ж, не пагражае нам крызіснымі сцэнарамі, аналягічнымі 2011 году. Сапраўды, найважнейшая заваёва крызісу 2011 году, да якой вельмі доўга ўлады прыходзілі, хоць гэта рашэньне ляжала на паверхні — гэта пераход да плаваючага валютнага курсу і да адносна жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. І мы бачым, што менавіта гэтыя рэчы, ну і плюс, вядома ж, абмежаваньне ўнутраных інвэстыцый, сытуацыю даволі эфэктыўна вырашылі. Зь іншага боку ўсё, што адбылося — гэта ліквідацыя вострага сындрому. Як бы ў хранічна хворага здарыўся інсульт, яго ад інсульту выратавалі, але ж хранічныя захворваньні нікуды ня дзеліся.
Нягледзячы на тое, што гэтых 500 долараў мы дасягнулі, усё роўна розьніца ў заробках з суседняй Расеяй па асобных пазыцыях — у два-тры разы, і існуе вялікая рызыка адтоку кваліфікаванай рабочай сілы. З гэтым трэба нешта рабіць. Зь іншага боку, увесь час зьніжаецца эфэктыўнасьць унутраных інвэстыцый, якія ў нас былі галоўным рухавіком стымуляваньня эканамічнага росту прыкладна з 2005-2006 гадоў.

Гэтую дэградацыю спыніць не атрымліваецца і адзіны адказ, які ёсьць у гэтай сытуацыі — гэта сапраўды сур’ёзная структурная перабудова эканомікі, на якую нашы ўлады ісьці не хочуць і не пойдуць, таму што гэта прадугледжвае вельмі сур’ёзныя зьмены ў эканамічных адносінах у краіне. Уся наша ўнікальная беларуская эканамічная мадэль будуецца на тым, што дзяржава павінна мець поўны кантроль над усімі працэсамі, якія ў эканоміцы адбываюцца. І страта гэтага кантролю лічыцца пагрозай, у тым ліку і палітычнай.

Тая мадэрнізацыя, пра якую зараз гаворыцца, разумеецца выключна як мадэрнізацыя тэхналягічная, то бок у нас усё добра, толькі патрэбныя новыя станкі. Яна, вядома ж, нічога не дасьць. У пэўным сэнсе сытуацыя аналягічная першым гадам гарбачоўскага кіраваньня, калі стала ясна, што савецкая эканоміка асабліва ўжо ня едзе. Зараз мы патрапілі ў працяглую пастку нізкага эканамічнага росту і невысокіх даходаў насельніцтва. Выходзіць зь яе трэба толькі радыкальнымі мерамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG