Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румас: «З Пракаповічам працаваць будзе лёгка»


Сяргей Румас

Сяргей Румас

28 студзеня ў Менску адбылася прэзэнтацыя Банку разьвіцьця Беларусі. Гэта абсалютна новы для краіны фінансавы інстытут, які будзе фінансаваць найбуйнейшыя фінансавыя праекты ў краіне. Прынамсі, у бліжэйшых плянах гэтага банку — фінансаваньне будоўлі менскага мэтро, беларуска-кітайскага парку і іншых.

Карэспандэнт «Свабоды» запытаў кіраўніка банку, былога віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса, наколькі лёгка будзе яму працаваць зь віцэ-прэм’ерам Пятром Пракаповічам, які ў беларускім урадзе курыруе фінансавую сфэру. На гэтае пытаньне Сяргей Румас адказаў так:

«Мне здаецца, што ў сродках масавай інфармацыі няправільна сфармаваны вобраз Пятра Пятровіча. Мне часам нават падаецца, што ён большы лібэрал, чым я. Дзякуючы яму банкаўская сфэра сёньня — самая прасунутая ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь. Таму я ўпэўнены, што нам будзе зь ім працавацца лёгка».

Адказваючы яшчэ на адно пытаньне «Свабоды», Сяргей Румас сказаў, што яго ніхто не выганяў з ураду: «Я сам папрасіўся там працаваць. У гэтага банку, у гэтай інстытуцыі вельмі вялікая будучыня, і таму я хацеў над ёй папрацаваць».

На пачатку прэзэнтацыі выступіў прэм’ер Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясьніковіч, які сказаў, што гэты банк будзе працаваць пад патранажам ураду і на яго ўскладаюцца вялікія пляны:

«Гэта не „банчок“, як часам кажуць у банкаўскай сфэры, а сапраўдны, вельмі сур’ёзны банк з сур’ёзным капіталам і з сур’ёзнай сфэрай дзеяньня».

Сяргей Румас сказаў, што ён цяпер зарабляе больш, чым калі быў віцэ-прэм’ерам:

«У банках зарабляюць больш, чым ва ўрадзе. На сёньняшні дзень я атрымліваю больш, чым ва ўрадзе, хоць я ведаю, што Савет міністраў плянуе павысіць заробкі чыноўнікаў».
XS
SM
MD
LG