Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі з «воўчымі білетамі»


Дзьмітры Новік

Дзьмітры Новік

Шмат хто з былых палітвязьняў, якія былі асуджаныя за Плошчу і выйшлі на волю памілаванымі, ня можа знайсьці ў Беларусі нават некваліфікаваную працу. Ставяцца яны да гэтага па-рознаму.

Дзьмітрый Новік быў асуджаны за Плошчу на 3,5 года і пасьля некалькіх месяцаў зьняволеньня памілаваны. Былы кіраўнік аховы амбасады, маркетоляг Дзьмітрый Новік ужо амаль два гады ня можа знайсьці ў Беларусі працу паводле адукацыі і параўноўвае сваю сытуацыю з той, калі чалавеку выдаюць «воўчы білет»:

«Гэта як „воўчы білет“, які заўсёды з табой і табе перашкаджае. Калі працадаўца даведваецца, што ты асуджаны паводле „палітычнага“ артыкула, за што дакладна, то адхрышчваюцца ад цябе яшчэ горш. Я шукаў працу паўсюль: дома ў Баранавічах, у Менску, у іншых гарадах краіны. Марна. Нават дарожным рабочым уладкавацца складана. Усё ўпіраецца ў тое, за што я быў асуджаны. Незалежна ад маіх асабістых якасьцяў. У тым ліку зь веданьнем замежнай мовы немагчыма знайсьці працу».

Сяргей Марцалеў

Сяргей Марцалеў

Палітоляг, адмыслоўца ў палітычнай рэкляме Сяргей Марцалеў — таксама беспрацоўны ўжо другі год. Да арышту ў сьнежні 2010 году Марцалеў узначальваў перадвыбарчы штаб кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча. Суд пакараў Сяргея 2 гадамі ўмоўна, і міліцыя патрабуе ад яго працаўладкавацца. Нават у кладаўшчыкі Сяргея Марцалева не ўзялі, і ён спрабуе знайсьці працу грузчыка:

«Атрымаў сьпіс крамаў, дзе патрэбныя грузчыкі, і абыходжу паступова гэтыя крамы, размаўляю з дырэктарамі. Пакуль мне прапаноўваюць толькі пакінуць тэлефон і кажуць, што пазвоняць. Што гэта азначае — ветлівая адмова ці звычайная працэдура, каб параіцца з начальнікам — ня ведаю».

Паводле Сяргея Марцалева, большасьць былых палітвязьняў Плошчы, хто ня зьехаў зь Беларусі, — у падобнай сытуацыі. Сяргей мяркуе, што гэтым людзям трэба дапамагчы авалодаць іншай прафэсіяй ці стаць індывідуальнымі прадпрымальнікамі, каб быць больш незалежнымі ў эканамічным пляне. Але такой арганізацыі ў Беларусі няма, канстатуе Сяргей Марцалеў.

Аляксандар Малчанаў

Аляксандар Малчанаў

Былы палітвязень Аляксандар Малчанаў пасьля памілаваньня быў зноў асуджаны на 1,5 года зьняволеньня за крадзеж мэталалому з закінутага заводу ў Жодзіне. На судзе Аляксандар Малчанаў распавядаў, што яго нікуды ня бралі на працу і ён мусіў здабываць сродкі на пражыцьцё, зьбіраючы мэталалом.

Мікіта Ліхавід

Мікіта Ліхавід

Былы ўдзельнік Плошчы Мікіта Ліхавід, юрыст паводле адукацыі, даўно кінуў спробы працаўладкавацца паводле дыплёма. У большасьці фірмаў, куды ён зьвяртацца, пра яго ведалі і казалі, што ім вельмі прыемна, што ён хоча ў іх працаваць, але калі будзе праверка, то іх могуць зачыніць. Ад адной прапановы «паспрыяць» ён сам адмовіўся, каб «не падстаўляць» людзей. Урэшце Мікіта Ліхавід знайшоў сябе на грамадзкай працы ў праваабарончай установе «Плятформа» і кажа, што духам ня падае:

«Калі гэтак з намі змагаюцца, мы сустракаем такі супраціў, што нас зачыняюць, то значыць — мы на слушным шляху. Значыць, нешта пэўнае ў нас атрымліваецца».

Сяргей Казакоў

Сяргей Казакоў

Дзьмітрый Буланаў

Дзьмітрый Буланаў

Былыя палітвязьні Дзьмітрый Буланаў і Сяргей Казакоў кажуць, што ратуюцца музыкай. У абодвух няма сталай працы, але ёсьць сябры, канцэрты, музыка, песьні, асабістая творчасьць. Сяргей Казакоў ня лічыць, што атрымаў ад лёсу «воўчы білет»:

«Людзі нядрэнна жывуць і з судзімасьцю, неяк круцяцца. Я, прыкладам, і так не зьбіраўся станавіцца нейкім чыноўнікам ды ісьці ў міністэрства. Мне гэта моцна не перашкаджае. Гэта перашкаджае хутчэй пры ўладкаваньні на нейкую дзяржаўную працу, дзе патрабуюць, каб не было судзімасьці, і правяраюць мінулае».

Некаторыя былыя палітвязьні зьехалі вучыцца за мяжу. Неўзабаве дыплём эканаміста атрымае ў Лодзі Фёдар Мірзаянаў. Ягоны сябар Ільля Васілевіч таксама вучыцца ў Польшчы — на адмыслоўца ў галіне турызму. Ці вернуцца яны ў Беларусь? Сваякі юнакоў кажуць, што пры цяперашнім рэжыме — наўрад ці.

Яшчэ адна нешматлікая катэгорыя былых вязьняў Плошчы — гэта тыя, хто працягвае заставацца ў шэрагах апазыцыйных арганізацый. Маладафронтавец Уладзь Яроменак і зараз адбывае адміністрацыйны арышт. Прычым невядома, за што дакладна. Актывіста асудзілі завочна і затрымалі ў міліцыі, калі ён прыйшоў адзначацца, бо за ім усталяваны прафіляктычны нагляд.

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Да красавіка 2014 году пад такім наглядам мае заставацца і актывіст моладзевай суполкі «Зьмена» Павал Вінаградаў. За мінулы год у яго было 8 арыштаў. У працаўладкаваньні маладому чалавеку некалькі разоў адмаўлялі:

«Калі шчыра, я ўжо і не спрабую.Мяркую, такія спробы будуць марнымі. Таму даводзіцца жыць „на грошы дзярждэпартамэнту ЗША і польскай выведкі“. Гэткую фразу я прачытаў пра сябе ў адной дзяржаўнай газэце і добра яе запомніў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG