Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва спрабуе завабіць беларускіх бінэсоўцаў


Чарга фураў на беларуска-літоўскай мяжы, 2011 год.

Чарга фураў на беларуска-літоўскай мяжы, 2011 год.

Літоўскі партал DELFI пацікавіўся досьведам працы ў Літве ў беларускіх прадпрымальнікаў, якія прыехалі на форум інвэстыцый ў Друскенікі.

Большая частка прадпрыемстваў у Беларусі – дзяржаўныя, піша DELFI, але Беларусь імкнецца павялічваць экспарт, таму ў суседніх краінах адчыняюцца філіялы вытворчых прадпрыемстваў. Да прыкладу, у Літве працуюць даччыныя прадпрыемствы вытворца пакрышак «Белшына» і мэталюргічнага камбінату.

Але ў Літву прыходзяць і прыватныя інвэстары. Напрыклад, у Клайпедзе працуе прадпрыемства па вырабу архітэктурнага шкла Glassbel Group, а таксама транспартныя і будаўнічыя кампаніі.

Дырэктар беларускага прадпрыемства па перавозцы пасажыраў «Трансагенцтва фаварыт» і чалец праўленьня беларускага саюзу перавозчыкаў Уладзімер Саўко кажа, што Літва – улюбёнае месца для адпачынку і закупак беларусаў. «Мая кампанія прапануе турыстычныя паслугі, напрыклад, улетку былі рэйсы на мора, папулярныя і паездкі па пакупкі», – кажа ён.

Яшчэ адзін прадпрымальнік зь Беларусі, дырэктар будаўнічай кампаніі «Аконны майстар» Фэлікс Гавін кажа, што Літве можна браць пазыкі на добрых умовах. «У Літве «доўгія і танныя» грошы, то бок можна ўзяць пазыку надоўга і танна, а ў Беларусі грошы хутчэй «кароткія і дарагія», пэрыяд крэдыту карацейшы, а працэнты большыя», – патлумачыў Гавін.

Паводле статыстыкі на 1 кастрычніка 2012 году Беларусь была толькі на 24 месцы сярод краінаў паходжаньня замежных інвэстыцыяў у Літве.

Адна зь вялікіх праблемаў для беларускіх прадпрымальнікаў – візы. Нават тыя, хто мае доўгатэрміновыя дамовы з партнэрамі ў Літве, ня ўпэўненыя што атрымаюць візы на год.

Але прадпрымальнікі прызнаюць, што падобная сытуацыя і зь візамі ў іншыя краіны Эўразьвязу. А найгоршая сытуацыя цяпер зь візамі ў Польшчу – пасьля спрашчэньня парадку выдачы візаў зьявіліся людзі, які хочуць на гэтым зарабіць: яны за плату прапануюць дапамагчы атрымаць спрошчаную візу ў Польшчу і абмяжоўваюць іншым людзям доступ да сыстэмы рэгістрацыі ў Інтэрнэце.
XS
SM
MD
LG