Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Халіп: Пташуку не далі зьняць фільм пра Каліноўскага


Міхаіл Пташук
Міхаіл Пташук

Кінарэжысэру Міхаілу Пташуку сёньня споўнілася б 70 гадоў. Адзінаццаць год таму стваральнік стужак па творах Шамякіна, Караткевіча ды Быкава загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў Маскве. Ягоныя мары зьняць фільмы пра Каліноўскага і Вітаўта ды пра зьверствы энкавэдзістаў засталіся толькі ў памяці сяброў.

Беларускі кінарэжысэр, актор, прадусар Міхаіл Пташук нарадзіўся 28 студзеня 1943 году ў вёсцы Федзюкі Ляхавіцкага раёну. Скончыў рэжысэрскі факультэт Тэатральнай вучэльні імя Шчукіна, Вышэйшыя рэжысэрскія курсы Дзяржкіно СССР. Працаваў рэжысэрам у тэатрах Масквы і Казані. З 1974 году — на кінастудыі «Беларусьфільм». Там зь ім пасябраваў кінасцэнарыст Уладзімер Халіп. Ён прыгадвае:

«Зьявіўшыся ў нас на студыі, ён неяк адразу ўвайшоў у творчы працэс. Ён упэўнена ішоў ад фільму да фільму».

Сцэнары для многіх сваіх стужак ён шукаў на старонках беларускай літаратуры, зьняўшы за шэсьць гадоў тры фільмы па яе творах. Распавядае паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін
«Ён любіў, ведаў і вельмі хацеў здымаць фільмы па творах беларускай літаратуры. Прытым — па творах прыкметных. Гэта і „Чорны замак Альшанскі“ Ўладзімера Караткевіча, і „Вазьму твой боль“ Івана Шамякіна. Я запомніў, як ён няпроста, нялёгка падыходзіў да „Знака бяды“ Васіля Быкава, як ён працаваў над гэтым фільмам, як ён змагаўся разам з Быкавым за гэты фільм, бо ў яго было вельмі многа праціўнікаў, асабліва ў той часткі, дзе гаворка ідзе пра калектывізацыю».

Кінакрытык Ала Бабкова кажа, што апошнія фільмы беларускага кінэматографу, якія мелі прыкметны міжнародны розгалас, — гэта фільмы менавіта Пташука: «Каапэратыў «Палітбюро» (1992) і «Ў жніўні 44-га...» (2000). І тым ня менш яна лічыць, што лепшымі ягонымі стужкамі маглі быць тыя, якія яму не дазволілі зьняць.

«На жаль, Міхась Пташук не ажыцьцявіў два мо самыя важныя свае праекты. Ён ня зьняў стужку „Вітаўт“ па сцэнары Аляксея Дударава. „Вітаўт“ — гэта ягоны боль, зь якім ён пайшоў. Адначасова ён ня зьняў стужку пра сваё ваеннае дзяцінства, пра тое, як у 41–44 гадах акупаванае насельніцтва было паміж розных полюсаў, паміж немцамі і тымі, хто быў у лесе, а пазьней яшчэ і НКУСам».

Гэтыя два фільмы Міхаілу Пташуку не далі зьняць на «Беларусьфільме» ў сярэдзіне 90-х. А на пачатку беларускай незалежнасьці была пахаваная ягоная мара — фільм пра Каліноўскага, сцэнар да якога напісаў Уладзімер Халіп:

Уладзімер Халіп
Уладзімер Халіп
«І вось з гэтым сцэнаром, калі была, здавалася б, новая эпоха, ужо Беларусь стала незалежнай як бы і ўжо нейкае новае начальства ў нас зьявілася, Міхась Пташук пайшоў па розных інстанцыях. А інстанцый было шмат. Хадзіў-хадзіў, і ўсе гаварылі, што Міхась Пташук — гэта ж такая прабіўная сіла, ніхто перад ім устаяць ня зможа. Не-е-е, ён вярнуўся ні з чым. Кажа — немагчыма гаварыць ні з кім, нібы — у вату. І ня толькі гэтая тэма. Шмат яшчэ іншых тэмаў, зь якімі ён таксама прабіваўся да экрану і якія сапраўды зрабілі б зь яго вялікага беларускага майстра, таму што ён па прыродзе сваёй быў беларусам, любіў усё гэта, разумеў усё гэта, ён мог гэта рабіць, яму гэтыя фільмы рабіць не дазвалялі».

З тых жа фільмаў, што ўдалося зьняць, на кіна- і тэлеэкранах амаль нічога не зьяўляецца. У сёньняшняй праграме БТ пазначаны «Ў жніўні 44-га», а СТВ — «Вазьму твой боль». Прычыны незапатрабаванасьці стужак Пташука, па словах спадара Халіпа, ляжаць у агульнай плыні палітыкі.

«Усё беларускае прыдушана, усё вынішчаецца сьвядома, мэтанакіравана. І зразумела, што й Міхась ня ўпісваецца ў гэтую палітыку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG