Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта піша дырэктар дэпартамэнту МЗС Польшчы Эва Фігель. Дыпляматка даслала свой ліст, дарэчы, на беларускай мове, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку.

«Хачу падкрэсьліць, што ўвядзеньне гэтага пагадненьня залежыць выключна ад волі беларускага боку, — піша спадарыня Фігель. — Польшча не аднойчы зьвяртала ўвагу ўладаў Беларусі на неабходнасьць тэрміновага завяршэньня працы па ўвядзеньню пагадненьня. На жаль, увядзеньне гэтага пагадненьня ў аднабаковым парадку ў любым аб’ёме практычна немагчыма».

Ліст з МЗС Польшчы накіраваны на імя Анатоля Лябедзькі ў адказ на яго зварот ад імя партыі да прэм’ера Польшчы з прапановай узнавіць дыскусіі па спрошчаным перасячэньні мяжы грамадзянамі, якія жывуць у памежнай зоне. Гэтая праблема закранае больш за мільён жыхароў Берасьцейскай і Гарадзенскіх абласьцей.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі з гэтай нагоды згадвае:

«15 студзеня падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандру Лукашэнку задалі пытаньне: калі ўступіць у сілу польска-беларуская дамова аб малым памежным руху? І вось яго даслоўны адказ: „У той жа час, як зь Літвою. Гэта не ад нас залежыць. У нас шмат пытаньняў да польскага боку, перш за ўсё палітычныя, ёсьць шэраг нявырашаных пытаньняў. Яны нас насьцярожваюць. Тэхнічныя пытаньні тут не галоўныя. Трэба ўсё вырашаць у комплексе“.

На мой погляд, у гэтым адказе ўсё сказана. Афіцыйны Менск чакае, што Польшча зьменіць сваё стаўленьне да парушэньняў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. І можна сказаць, шантажуе Варшаву.

Хачу зьвярнуць увагу, што адпаведная дамова ўжо адносна даўно падпісаная кіраўнікамі абедзьвюх краін. Але, каб яна пачала дзейнічаць, Беларусі і Польшчы патрэбна, паводле дыпляматычных нормаў, абмяняцца адпаведнымі нотамі. Наколькі я ведаю, палякі неаднаразова прапаноўвалі гэта зрабіць. А беларусы пад рознымі дайпрычынамі не сьпяшаюцца.

Такія паводзіны беларускага боку могуць сьведчыць аб непрадказальнасьці яго паводзінаў і надалей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG