Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім стане для Чэхіі першы ўсенароднаабраны


Першыя ўсенародныя выбары прэзыдэнта Чэхіі прынесьлі перамогу Мілашу Зэману. Ён заяўляе, што ацэньвае «голас народа» як моцны мандат. Чаго можна чакаць ад гэтага палітыка? Глядзіце сёньня а 14-ай гадзіне

Фэномэн Зэман

Былы прэм’ер некалькі апошніх гадоў заставаўся ў ценю, крыху адышоўшы ад палітычнага жыцьця. Ён практычна ня жыў у Празе, пераехаўшы ў вёску, дзе бавіў час у кампаніі кніг, цыгарэт і бехераўкі. Бітву пэнсіянэра Зэмана за пасаду прэзыдэнта распачала партыя Зэманаўцы, закладзеная ў яго падтрымку. Многія папракаюць Зэмана, што занадта вялікую ролю тут адыграў былы камуністычны функцыянэр Міраслаў Шлоўф, але сувязь з камуністамі ў посткамуністычнай Чэхіі ня стала вялікім кампраматам. Зэман у свае 68 не страціў харызмы, досьціпу і гумару. Ён жартаваў над сабой, што ўжо не завабіць выбарцаў сваім трайным падбародкам, але стары вопытны конь ведаў, што мае вялікія шанцы.

Як пэнсіянэр перамог князя-міністра

Асноўны супернік Зэмана — міністар замежных спраў, віцэ-прэм’ер правай урадавай кааліцыі Карэл Шварцэнбэрг праводзіў больш яркую і дарагую кампанію. Штаб 75-гадовага міністра і князя нават выпусьціў процьму значкоў зь ягоным партрэтам у выглядзе панка.

Шварцэнбэрга падтрымлівалі вялікія гарады і людзі з вышэйшай адукацыяй, зоркі культуры. Два супернікі правялі мноства публічных дэбатаў, час якіх быў нічым неабмежаваны.

Шварцэнбэрг, які мае лёгкі дэфэкт вымаўленьня і старамодную чэскую мову, часта заставаўся ў ценю досьціпаў Зэмана. Урэшце самым склізкім месцам стала пытаньне пра дэкрэты прэзыдэнта Бэнэша пра пасьляваеннае адсяленьне немцаў з чэскіх земляў.

Неадназначны адказ Шварцэнберга, што дэкрэты ўжо адмененыя, саслужыў яму дрэнную службу. А калі Шварцэнберг яшчэ крыху зблытаў словы чэскага гімна, было пра што чэхам дыскутаваць за куфлям піва. Немалую ролю адыграла і тое, што выбары праходзілі паралельна з рашэньнем ураду замарозіць зарплату і павысіць падаткі. Піва і хлеб да выбараў падаражэлі.

Чалавек у Брне трымае значок Карла Шварцэнбэрга на фоне плякату Мілаша Зэмана
Чалавек у Брне трымае значок Карла Шварцэнбэрга на фоне плякату Мілаша Зэмана


Зэман і расейскі грошы

У выбарчым штабе Зэмана вядучую ролю адыгрываў Марцін Неедлы, былы валейбаліст, пазьней бізнэсовец, зьвязаны з расейскім рынкам нафтапрадуктаў, стваральнік фірмы Lukoil Aviation Сzech, якая, напрыклад, забясьпечвае палівам чэскія самалёты. Зэман быў вымушаны пастаянна выкручвацца ад нязручных пытаньняў, ці ня мае ён расейскіх спонсараў. Спасылацца прыходзілася на «празрысты» рахунак, які паводле закону павінны мець кандыдаты на чэскага прэзыдэнта. Зэман таксама ўпарта не адказвае на пытаньне, дзе працуе ягоная жонка (паводле сьцьвярджэньняў некаторых мэдыяў, можа працаваць якраз для Лукойлу). З перамогай Зэмана яго ідэйныя праціўнікі пачалі называць яго «расейскім шпіёнам», небясьпечным для дзяржаўных інтарэсаў Чэхіі.

З другога боку, Зэман застаецца адным з нямногіх палітыкаў, якога ўлада і грошы не сапсавалі. Людзям імпанавала, што за часы прэм’ерства ён ніяк не палепшыў свае жыльлёвыя ўмовы, адышоўшы з высокай функцыі літаральна ў вясковую хатку, якую і дачай назваць нельга (адзін пакой і кухня). Тое ж, што «нямецкія сымпатыі» Шварцэнберга аказаліся для чэхаў страшнейшымі за «расейскія сымпатыі» Зэмана само па сабе гаворыць пра адметную зьмену.

Зэман і Беларусь

Мілаш Зэман наведаў Беларусь у 2002 годзе, калі быў чэскім прэм’ерам і прадстаўніком камісіі па правах чалавека Сацінтэрну. Уражаны, што галоўная газэта краіны называецца «Советская Белоруссия» ён назваў краіну «палітычным музэем». У інтэрвію Радыё Свабода Зэман расказаў пра тое, як беларускія дыпляматы шэсьць разоў спрабавалі арганізаваць яго сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Зэман прапанаваў правесьці сустрэчу ў рамках дэлегацыі — разам з прадстаўніком Сацінтэрну і з беларускім сацыял-дэмакратычным палітыкам Міколам Статкевічам. Менск адмовіўся. Цяпер галоўны сябра Мілаша Зэмана сярод беларускіх палітыкаў сядзіць за кратамі, і гэта не абяцае Менску ні пацяпленьня, ні спуску.

Зьлева - прэм'ер-міністар Чэхіі Мілаш Зэман, справа - Старшыня БСДП Мікола Статкевіч
Зьлева - прэм'ер-міністар Чэхіі Мілаш Зэман, справа - Старшыня БСДП Мікола Статкевіч


Як зь першай дамай?

Мілаш Зэман двойчы жанаты. Ад першага шлюбу ў яго сын, ад другога — дачка. Яго другая жонка Івана маладзейшая за яго на 21 год, цягам прэзыдэнцкай кампаніі яна з публічнай падтрымкай мужа не выступала. Зэмана ўвесь час суправаджала яго дачка Кацярына. Адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў Зэман перад тэлевізійнымі камэрамі назваў Кацярыну první slečnou, г.зн. першай паненкай, ці першай дачкой. Прэс-сакратарка Зэмана сёньня тым ня менш запэўніла, што чэхі будуць мець традыцыйную «першую даму». Як Зэман быў яўным выбарам цяперашняга прэзыдэнта Клаўса, гэтак і пані Зэманава — выбарам цяперашняя першай дамы Лівіі Клаўсавай. Жонка прэзыдэнта Клаўса прызналася, што ня можа ўявіць, каб яе наступніца не гаварыла па-чэску. Тым самым кінула цень па жонку Карла Шварцэнберга, прадстаўніцу аўстрыйскай шляхты.

Мілаш Зэман ідзе галасаваць з дачкой Кацярынай
Мілаш Зэман ідзе галасаваць з дачкой Кацярынай


Зэманаўскія пляны

Інаўгурацыя Мілаша Зэмана на пяцігадовы тэрмін павінна адбыцца 8 сакавіка. Спасылаючыся на свой «моцны мандат» ад народа, Зэман паабяцаў быць прэзыдэнтам усіх. Ён таксама даў зразумець, што будзе прысутным пры абмеркаваньні ва ўрадзе ці парлямэнце найважнейшых пытаньняў, такіх, як напрыклад, пэнсійная рэформа. Зэман абяцае дабіцца абявязковай маёмаснай дэклярацыі і ўвядзеньня прагрэсіўнага падатку. Пасьля скандалу з разьвітальнай амністыяй Клаўса, якую ацанілі як уседараваньне мафіі, Зэман кажа, што ніколі ня будзе праводзіць амністый.

Камэнтатары не выключаюць, што актыўнасьць Зэмана прывядзе фактычна да ўзьнікненьня «паўпрэзыдэнцкай» парлямэнцкай дэмакратыі. Што да сувязяў з Лукойлам, дык Зэман паабяцаў дазволіць яму адкрыць бэнзазапраўку проста ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта на Праскім градзе пры ўмове, што цана за літар бэнзіну будзе на дзьве кроны ніжэйшая. Жартаваў, вядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG