Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі чалавек у Нацбанку сыходзіць


Мікалай Лузгін

Мікалай Лузгін

Першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Мікалай Лузгін напісаў заяву аб сыходзе са сваёй пасады па ўласным жаданьні.

Ён мяркуе ўладкавацца намесьнікам старшыні праўленьня банку «БелВЭБ» («дачкі» расейскага ВЭБа), які з кастрычніка 2010 году ўзначальвае былы першы намесьнік кіраўніка Нацбанку Павал Калаўр, паведамляе Інтэрфакс.

Лузгін пакуль устрымліваецца ад камэнтароў. Рашэньне пра адстаўку прымаецца на ўзроўні Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньня Лузгін быў на працоўным месцы. У банку «БелВЭБ» карэспандэнту «Свабоды» сказалі, што там пакуль ня маюць інфармацыі пра вызваленьне Лузгіна ад пасады ў Нацбанку:

«Мы ўсе ведаем Лузгіна як паважанага спэцыяліста, і кожны банк быў бы рад бачыць яго ў шэрагах сваёй каманды».

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч называе Лузгіна прафэсіяналам у сфэры грошай і крэдыту:

«Калі я працаваў загадчыкам катэдры ў Інстытуце народнай гаспадаркі, ён там працаваў дацэнтам і чытаў лекцыі „Грошы і крэдыт пры капіталізьме“. Гэта яшчэ ва ўмовах савецкай улады. Таму ён рынкавую сыстэму добра ведаў. У Нацбанку ён спрабаваў праводзіць адпаведную палітыку. Але яны была ў рамках існуючай у Беларусі адміністратыўна-каманднай мадэлі. Таму крэдытную экспансію, адміністраваньне, дырэктыўнае крэдытаваньне ён не спыніў. Хоць ён цудоўна ведае, як трэба кіраваць грашовай і банкаўскай сыстэмай».
XS
SM
MD
LG