Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бабкова — пра рэчы і зьявы ў беларускай літаратуры


Вольга Бабкова, фота nn.by

Вольга Бабкова, фота nn.by

Маўклівасьць прысутных побач з чалавекам шматлікіх рэчаў падманлівая. Яны ўтвараюць свой гаманкі сьвет, ад якога часам хочацца пазбавіцца, імкнучыся да стваральнай пустаты, але рукі не падымаюцца разьвітацца з часткай самога сябе...

«Рэчы — апошняе цела людзей, якое жыве найдаўжэй..» (А.Разанаў). А звыклыя ў жыцьці зьявы, пабачаныя з таленавітага гледзішча, робяцца праявамі быцьця.

Вольга Бабкова — пра рэчы і зьявы ў беларускай літаратуры


Слоўнік Свабоды
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2012

365 словаў ад 36 аўтараў «на дзень, для памяці і для роздуму» ўвайшлі ў слоўнік, ідэя якога — «20 стагодзьдзе ў беларускай мове». Атрымалася амаль гульня з працягам, бо новыя словы і сэнсы прыходзяць у голаў спакваля і зьнянацку, таму напрыканцы кнігі пакінуты чысты аркуш для нататак. Чытаньне Слоўніка — інтэлектуальнае задавальненьне. Аўтарам была прадстаўлена цудоўная магчымасьць праз кароткі тэкст сказаць істотнае, глыбокае, часам паэтычнае. Бог. Хата. Слова. А таксама — Балота. Брук. Няміга. А яшчэ — Тхло. Струк. Чэр... Шмат чаго можна даведацца, чытаючы пра словы ў Слоўніку. Напрыклад, пра самую вялікую падзею з усіх, што здарылася пасьля таго, як Усёмагутны Творца аддзяліў сьвятло ад цемры (пра гэта ў тэксьце Валянціна Акудовіча «Нядзеля»). Увогуле, Слоўнік згуртаваў у межах сваёй прасторы аўтараў, непаўторны голас і мысьленьне якіх таксама каштоўны фонд НАШАГА 20 стагодзьдзя.

Вінцэсь Мудроў. «Альбом сямейны»
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2007

Падзеі, постаці і рэчы, што надарыліся, дзеялі і былі ва ўжытку ад пачатку 60-х да сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя — героі кнігі Мудрова. Уважлівы храніст, пільны назіральнік, удумлівы захавальнік памяці склаў рэестар рэчам, якія ўжо канулі ўнівеч. Іх, безумоўна, яшчэ можна адшукаць на гарышчах, у хлявах, на звалках.., але найлепшы прытулак яны маюць у памяці сваіх гаспадароў. (Як не згадаць ужо хрэстаматыйнае: «..Старыя рэчы заўсёды дарэчы»). Турэцкі пісьменьнік Архан Памук у мінулым годзе ў Стамбуле стварыў Музэй нявіннасьці, дзе сабраў старыя рэчы са штодзённага жыцьця звычайных людзей з 1950 па 2000 гады. Вінцэсь Мудроў у Полацку стварыў Альбом, які так шчымліва, весела і сьветла сьведчыць аб рэальнасьці мінулага.

..Пёркі з зорачкай і чарніліцы ў паркалёвых торбачках, мапэды, «каляровыя» тэлевізары з паліхромнай рэнтгенаўскай плёнкай на экране, фільмаскоп з гісторыямі на прасьціне ў цёмным пакоі, дзявочыя сьпеўнікі, авоська, трумо-трыльяж, цягнік «Чайка», каса... — сапраўды, музэй нявіннасьці.

Віктар Шалкевіч. Requiem па непатрэбных рэчах
Гарадзенская бібліятэка. Гародня, 2011

«..яны, непатрэбныя рэчы, займаюць часам дужа мейсца, на іх асядае пыл, у іх вядуцца молі і кузуркі, іх точыць шашаль, але непатрэбныя рэчы амаль не старэюць, бо яны ня маюць канкрэтнай даты і дня народзінаў, яны жывуць сваім непатрэбным жыцьцём і перажываюць сваіх творцаў і ўладальнікаў надоўга.. .» Шалкевіч напісаў дваццаць эсэ пра рэчы, сям’ю, мястэчка Поразава, людзей і час. І яшчэ пра зорнае неба. А паміж радкоў — пра свой шчасьлівы дар бачыць і цаніць, любіць жыць. Таленавітая кніга. Чаго вартае эсэ пра Хлеў! Можа быць, ня так даўняя зьмена стагодзьдзя на календары, імклівасьць цяперашняга часу, на што зьвяртаюць увагу нават дзеці, вымушае складаць гэткія цёплыя вопісы зьнікомага сьвету. І вопіс гэтых непатрэбных рэчаў «часоў караля Саса» можа працягвацца бясконца. А яшчэ кніга адметная мовай: «пыркатун», «пюрнік», «арацыя», «панурая палеская крэкаць».., — таксама своеасаблівы вопіс жыцьця па-поразоўску.

Вандруючы па Ваўкавышчыне, наведаўшы Сьвіслач, Краскі, Гнезна.., вядоўца Цімох А. пасьля мястэчка Поразава запусьціў у аўтобусе песьні Шалкевіча. Бо — Радзіма.. .

Павал Севярынец. Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Рыга, 2005

У кожнай нацыі абавязкова ёсьць такі легендарны паўстанец. Малады. Ідэаліст. Змагар супраць акупацыі, які церпіць паразу, але не скараецца, — напісаў Павал Севярынец пра Кастуся Каліноўскага. Так. Абавязкова ёсьць. І мы яго ведаем. Галоўны пасыл кнігі Севярынца — любоў да Беларусі. Кніга — вынік пошуку прысутнасьці Бога ў беларускіх вобразах, зьявах і рэчах. Яе мэта — расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма. У выніку атрымалася энцыкляпэдыя двухсот найбольш характэрных беларускіх з’яваў, гэткая фэнамэналёгія нацыянальнай ідэі, герархія якой у кнізе выглядае наступным чынам: Зямля, Гісторыя, Гаспадарка, Культура, Спорт, Асобы, Духовасьць. Дзьвесьце адказаў на пытаньне — што такое Беларусь, чым можна ганарыцца, якой нацыя мусіць быць у ідэале. Фішка ў інтэлектуальнай гульні пад назовам: «Давядзі, што мне гэта ня мроіцца!» Севярынец з усёй сваёй адданасьцю і любоўю даводзіць, што Беларусь ёсьць нашай рэчаіснасьцю. Нашым багацьцем, хараством, Боскім цудам. І гэта натуральна перагукаецца са словамі законьніка-капуцына з кнігі Шалкевіча: «Ды як можна кінуць усё гэта? Такая прыгажосьць.. ». Такім чынам, простая формула нацыянальнай ідэі мае схарон у сэрцы — «Люблю Беларусь!» Сам аўтар апярэджвае магчымых крытыкаў: узьнёсласьць кнігі — ад спрадвечнай беларускай паэтычнасьці, ідэалістычнасьць — дык гаворка ж ідзе аб ідэі.

Анатоль Сыс. Лён. Выбраныя творы. Паэзія, артыкулы, інтэрвію
Менск, «Кнігазбор» 2006

Чамусьці напрыканцы захацелася казаць толькі пра паэзію. Тут, у Беларусі, паэты выбіраюць сабе няпростую долю.. .
Начаваў я ў вульлі
пад крылом у пчалінае маткі,
пчолы казкі гулі,
трутні ноч
казыталі мне пяткі,
а пад раніцу твар
спаласнуўшы пчаліным гавенцам,
дзе мядовы алтар,
перад маткаю стаў на каленцы,
каб дазволіла мне
пад крылом да вясны зімаваці.
Маці ўмёрла ў мяне,
хоць на зімку пабудзь маёй маці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG