Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць карэннай мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і навуковай сфэры. 25 студзеня ён уручаў дыплёмы доктара навук і атэстатаў прафэсара навуковым і навукова-пэдагагічным работнікам.

Паводле Лукашэнкі, «нельга дазволіць сабе распыляць сродкі дзеля задавальненьня чыста акадэмічнай цікаўнасьці. Беларуская навука павінна быць „завострана“ пад патрэбы нашай сувэрэннай дзяржавы і стаць больш кампактнай па сваёй структуры». Паводле акадэміка Аляксандра Вайтовіча, мадэрнізацыю кіраўнік краіны абвяшчае не ўпершыню:

«Пра гэту мадэрнізацыю ён кажа ўжо больш за 10 гадоў. У 2000-м годзе, калі ён прадстаўляў агульнаму сходу акадэміі новага кіраўніка Мясьніковіча, ён перад усімі аб гэтым ужо сказаў. Потым зрабілі нейкі зьезд вучоных, піяр-акцыю, там ён сказаў, што ніякай мадэрнізацыі не трэба, маўляў, усё зроблена. Потым зноў ён падпісаў указ, якім зацьвердзіў канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, маўляў пра ўсе праблемы, якія ёсьць у навуковай сфэры, у канцэпцыі сказана. А потым у 2011 і пачатку 2012 года ён зноў пачаў казаць пра мадэрнізацыю. То бок пра гэта гаворыцца ўжо больш за 10 гадоў, але нічога не робіцца. А тое, што рабілася ў навуковай сфэры, яшчэ больш ускладніла ўсе праблемы. Праблем маса».

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі ўшчыльную сутыкнуліся з праблемай зьмены навуковых пакаленьняў, жадаючых паступаць у асьпірантуру ўсё меней.

Паводле Аляксандра Вайтовіча, моладзь у навуку не ідзе ў тым ліку з-за нізкіх заробкаў. Сярэдні заробак у навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук летась складаў 3,5 мільёны рублёў. Таксама бракуе прыборнай базы і матэрыялаў. Яшчэ адна праблема палягае ў некваліфікаваным кіраўніцтве навуковай сфэрай.

«У Акадэміі навук 10 гадоў кіраваў чалавек, які наогул не разьбіраецца ў навуцы і кіраваў зусім непрафэсійна. Ён стварыў шмат праблем. І нарэшце, зусім нічога не робіцца ў краіне па стварэньні інавацыйнага працэсу. Да гэтага трэба дадаць малую навукаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту, якая складае цягам праўленьня Лукашэнкі 0,8%. Нейкія робяцца імітацыйныя захады. Усё гэта імітацыя, а не вырашэньне праблем».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG