Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч пакутуе ад запаленьня цэнтральнага нэрва


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Ад запаленьня цэнтральнага нэрва Зьмітра Дашкевіча выратоўваюць абязбольваючыя ўколы.

Стаў вядомы дыягназ хваробы, ад якой пакутуе з Гарадзенскай турме лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч. «У Зьмітра лекары выявілі запаленьне цэнтральнага нэрва», — паведаміла карэспандэнту Свабоды жонка палітвязьня Наста Дашкевіч. Паводле яе зьвестак, Зьміцер ад прыступу хваробы ня мог нармальна рухацца і турэмныя лекары калолі яму абязбольваючыя лекі. «Але гэта лячэньне часовае і далей Зьмітру патрэбна сталая мэдычная дапамога. Зараз ён пачувае сябе лепей. Асноўнае лячэньне трэба будзе праводзіць, калі ён выйдзе на волю», — кажа Наста.

Днямі ліст ад Зьмітра Дашкевіча атрымаў палітвязень Павал Севярынец, які адбывае «хімію» ў Пружанскім раёне. Павал Севярынец адзначае, што і гэты ліст ад Дашкевіча, як і былыя, вельмі аптымістычны і сьветлы. «Пра сваю хваробу ён нічога не напісаў, але гэта як заўсёды — ён ніколі не скардзіцца на здароўе, што б зь ім не было», — кажа Павал Севярынец.

Дашкевіч і Севярынец праз лісты абменьваюцца і меркаваньнямі пра палітычную сытуацыю. Гэтым разам ацэнкі Зьмітра Дашкевіча супалі з меркаваньнем Паўла Севярынца.

«Асабліва шмат тут не скажаш, а коратка можна параўнаць палітычную сытуацыю з балотам. І ён так пра яе і кажа. Нават яму з турмы гэта бачна».

Зьмітра Дашкевіча ўтрымліваюць ў гарадзенскай турме. Перад заканчэньнем двухгадовага тэрміну зьняволеньня нібыта за хуліганства напярэдадні выбараў палітвязьня асудзілі яшчэ на год за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі і кінулі ў турму як злоснага парушальніка рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG