Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У часе першай сёлета прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка ізноў вярнуўся да так званага «кітайскага пытаньня» — будаўніцтва індустрыяльнага парку на Смалявіччыне агульнай плошчай 80 квадратных кілямэтраў. Праект ён назваў «выгадным» ды «абавязковым да рэалізацыі».

У свае часы ААТ «Кітайская карпарацыя САМС» прапанавала праінвэставаць яго на агульную суму ў 30 мільярдаў даляраў. Узамен кітайцы патрабавалі падатковых ільготаў і асаблівага прававога статусу, каб самі маглі выбіраць зручныя для сабе плошчы на Смалявіччыне. Год таму гэта выклікала масавыя пратэсты тысяч дачнікаў, у якіх маглі адабраць лецішчы з «соткамі» побач зь месцамі будаўніцтва. Людзі аб’ядналіся ў Асацыяцыю каапэратываў, якая зьвярнулася ў розныя інстанцыі ды запатрабавала правядзеньня рэфэрэндуму. Цэнтрам супраціву стала вёска Бярозавая Гара, вакол якой да 30 дачных каапэратываў ды 13 вёсак. Днямі, ужо пасьля заяваў Лукашэнкі, адбылася сустрэча дачнікаў з чальцом Савету Рэспублікі Яўгенам Карэшнікавым ды старшынём Смалявіцкага райсавету Аляксандрам Ляхоўскім, якія цягам дзьвюх гадзін запэўнівалі, што з прыходам кітайцаў беларусаў чакае толькі «дадатковы дабрабыт». Я й прыехаў туды, каб даведацца, што пра ўсё думаюць людзі, якія іх настроі ды жыцьцё.

...Калі падыходзіш да Бярозавай Гары з боку аўтабана, у вочы адразу кідаецца недабудаваны двухпавярховы дом, які зьзяе сьвежымі, жаўтаватымі, акуратна пакладзенымі бярвёнамі. Мяне ізноў сустрэў гаспадар — 60-гадовы спадар Павал Кандраценка.




Карэспандэнт: «Колькі часу будуеце сваю сядзібу?»

Кандраценка: «Больш за год. Уклаў ужо 25 тысяч даляраў, прыйдзецца яшчэ столькі на падлогу, аздабленьне, матэрыялы. Даведаўся пра тое, што патэнцыйна ўсё можа пайсьці на злом, калі ўжо зруб паставіў — дык я яго, можа б, ня ставіў! Хоць прэзыдэнт казаў, што нас кранаць ня будзе — у нас, маўляў, шмат зямлі...»

Карэспандэнт: «А прэзыдэнту верыце за 18 год?»

Кандраценка: «Спачатку верыў, потым — не, цяпер незразумела, што будзе. Я ж думаю апошнія гады свае тут адпрацаваць, пабудаваць і дапамагчы дзецям. Ужо ж таварыства стварылі — „Сваю сотку“, нешта будзем рашаць, кампэтэнтныя людзі займаюцца. Я разумею так — пабудавалі б самі, тэхналёгію купілі...»

Да мяне далучаецца старшыня садовага таварыства «Алеся» Менскай трыкатажнай фабрыкі, спадар Пётра Максімук. Землі яму яшчэ ў 96-м выдзеліў Смалявіцкі райвыканкам. Разам падыходзім да хаты Міхася Крэля. Пасьля прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі старыя асьцярогі ў 33-гадовага гаспадара ўзьніклі ізноў.

Крэль: «Пасяліўся ды будуюся 6 год і не разумею, што адбываецца. Сказалі прыватызаваць участак — зрабіў, потым дом — калі ласка. Цяпер у мяне што, забяруць альбо дадуць кампэнсацыю?! Яна мне не патрэбная! І я, і сям’я ня хочам сыходзіць адсюль! Улетку тут кожны дзень, узімку таксама — у мяне тут сабака. І соткі, і сад, асфальт паклаў сваімі сіламі — прыехалі чатыры „МАЗы“, усё параўнаваў. Можна зайсьці ў дом, зірнуць — усё будавалася для сябе. Жах, што адбываецца, і чаму наш прэзыдэнт усё дапускае?! Я гатовы на любыя формы супраціву ў межах закону... »

Карэспандэнт: «А ў каапэратыве колькі людзей, Пятровіч?»

Максімук: «162 чалавекі — 162 хаты...»

Карэспандэнт: «Наколькі моцнае адзінства ў „Алесі“ па кітайскім пытаньні?»

Максімук: «Усе аднагалосна не хацелі б такога суседзтва. Проста няма рэальнай інфармацыі. Калі што, і Пятровіцкае вадасховішча закранецца — зона адпачынку і менчукоў, і дачнікаў, пачнуцца зьлівы адкідаў. Няма зразумелага адказу на нашы звароты і ў выканкам, і куды можна...»

Шэсьць жа гадоў таму пасяліўся тут 45-гадовы будаўнік Сяргей Зайцаў. Вось ягонае меркаваньне.

Зайцаў: «Па тых часах купіў за 2 мільёны — гэта прыватызаваная зямля. У мяне пабудовы зарэгістраваныя, гарод забясьпечвае цэлы год — прадукцыя безь нітратаў, для здароўя. Я рады кітайцам, дзе нам трэба адрадзіць землі — на Чарнобыльшчыне. Туды ня лезуць, таму катэгарычны іх праціўнік. Будаваць трэба выключна для беларусаў, каб наша насельніцтва, што засталося, не зьяжджала з правінцыйных паселішчаў. Мы ў стане разьвівацца, як перадавая нацыя, пабудаваць дэмакратычную краіну. Першачарговая задача — правесьці рэфэрэндум, каб паказаць, што мы ня хочам прыродаахоўныя ўчасткі зямлі беларускай, што засталіся, аддаць на самавынішчэньне...»

У 33-гадовага супрацоўніка «Белтэлекама» Міхася Ўшакова на падворку ўсё крактала ды кудахтала.



Ушакоў: «Мая хата прывезена з бацькаўшчыны, з Капыльшчыны — гэта дом маёй маці. Дому гадоў 5, а ўчастак — з 93 году...»

Карэспандэнт: «Я бачу, на падворку і пеўні, і куры, і качкі, індыкі...»

Ушакоў: «Разводжу гаспадарку, каб не галадаць — і яйка, і мяса. Птушак і для сябе, каму трэба, і прадам. Раней трусы былі, але зьвёў — хварэюць. Будую гумно — птушкі ж розных пародаў. Я ня супраць кітайцаў, але канкурэнты мне будуць: паставяць завод, што есьці будуць — той жа мазут?»

* * *



Іду ў глыбіню дачных паселішчаў. Цяпер мяне ўжо сустракаюць дачнікі цэлымі гурткамі — прачулі пра прыезд карэспандэнта «Свабоды». Гавораць пра першыя сустрэчы з кітайцамі ў Менску.

Спадарства: «Я шмат разоў чуў, што яны мацюкамі кантралёраў пасылаюць — жах! Некультурна і нахабна сябе паводзяць, плююцца... Кажам, вы ж у чужой краіне, як вам ня сорамна! А ён кажа — вы бяз нас г..о! А там нашы мужыкі былі гадоў па 40, узялі яго пад рукі, вывелі — ня ведаю, што было далей..»

Пасьля году шчыльных кантактаў з уладамі людзі кажуць, што ў іх «адкрыліся вочы». Ізноў роскід меркаваньняў.



Спадарства: «Пакуль Батура будзе ва ўладзе, будзе кепска — разьмеркаваньне зямлі залежыць ад яго. А прэзыдэнт „не“ яму ня скажа, бо за ім стаіць. А я сюды кожнае лета прывожу дзяцей, яны сілкуюцца сьвежым паветрам, возера 500 мэтраў адсюль... А калі людзі будуць супраць — ніхто не папрэ... А крэдыт у каго бярэм пад зямлю?! Чаму ён павінен працаваць прэзыдэнтам?! Навошта нам гэтая гульня? Іх шарыкавыя ручкі, батарэйкі, што на месяц не хапае!.. Я Анатоль Купрэйчык, інвалід 2 групы — я ў горадзе не магу знаходзіцца — перакананы, што тэхнапарк ніякай карысьці не прынясе...»

Карэспандэнту «Свабоды» людзі выказваюцца і пра пазыцыю, дакладней, пра яе адсутнасьць у дзяржаўных СМІ.

Спадарства: «На тэлебачаньні ўсё выразаюць, бо здымкі БТ. Яны выразалі тое, што канкрэтна гаварылі цёшча, цесьць, дзеці мае. Паказалі, што ўсе задаволеныя, усе сьмяюцца. Паказалі вагончык суседзяў з тралейбуса, абшытага дошкамі. А побач стаіць катэдж былога міліцыянта, які зараз каштуе тысяч 80 даляраў — яны нават не зьнялі... І ў нас які-ніякі дом, але лепшы, чым вагончык, — не зьнялі!»

Натуральна, не абыходзіцца без камэнтароў наконт апошніх заяў Лукашэнкі.



Спадарства: «Лукашэнка сказаў сваім ва ўрадзе — уціхамірвайце, рабіце што хочаце, каб спакойныя былі. А мы колькі прывезьлі сюды зямлі, гною, за капейкі апошнія будавалі... Пры чым тут кітайцы? Тут не кітайцы — правіцелі вінаватыя! А Лукашэнку трэба адправіць да кітайцаў. (Сьмех.) Людзі баяцца, а я былы міліцыянт, не баюся яго! Я Аляксандар Мікалаевіч Сьмердзюкоў, паўтара года да пэнсіі...»

Уразіў маналёг спадарыні Ірыны Галаўко з таварыства, якое так і завецца — «Бярозавая Гара», менскага ТАА «Першы будтрэст».

Галаўко: «Тысячы кітайцаў — дэмаграфічная бомба. Ня будзе Батуры, ураду. Нашым дзецям прыйдзецца з усім гэтым разьбірацца, а мы людзі, і зямля наша праваслаўная. Пачынаючы з татара-мангольскага нашэсьця мы на сваёй зямлі. І раптам людзі іншай веры, і ў такой колькасьці! Пры тым гэта чайна-таўн, наркотыкі, казіно, свая культура ў іх — усё ж гэта будзе разьвівацца. Мы баімся за сваіх дзяцей. Гаворачы па-беларуску, будзе разбуранае гняздо: калі пан хоча — дасьць зямлю, хоча — забярэ. У нашым зямельным заканадаўстве ёсьць такі пункт, што ў сувязі са стратэгічнай неабходнасьцю ўрад можа забіраць зямлю ў людзей. Але стратэгічныя аб’екты — гэта вайсковыя, а тут прыйдзе прыватны забудоўшчык. А гэтым лецішчам каля 20 год. Мы з мужам ніводнага лета не правялі на моры — будавалі для сябе, каб дзецям нешта пакінуць. А калі нас забудуюць 30-павярховымі дамамі, якое сьвежае паветра?!»



Улады дагэтуль усімі сіламі імкнуцца здушыць супраціў. Пра апошні выпадак напярэдадні Новага году расказаў сябра БАЖ Сяргей Вазьняк.

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

Вазьняк: «24 сьнежня дэпутат Смалявіцкага райсавету Ягор Лебядок прызначыў сустрэчу з грамадзянамі. Гэта ўхвальная штука, бо ў нас мала хто з дэпутатаў выконвае патрабаваньні закону і робіць справаздачы перад выбарцамі. Мы, група журналістаў, паехалі на гэтую сустрэчу — я, Мікалай Петрушэнка, Лола Барэйва, Вячаслаў Пяшко. У нас былі рэдакцыйныя пасьведчаньні, пашпарты. Нас ля ўваходу ў ДК сустрэў намесьнік начальніка Смалявіцкага РАУС падпалкоўнік Андрэй Мартысюк і двое ўчастковых. Сказалі, што трэба ўстанавіць нашы асобы, і на тры гадзіны адвялі ў РАУС. Ніхто там ніякія асобы не ўстанаўліваў. Выпусьцілі, калі сустрэча Лебядка завяршылася...»

Грамадзянская кампанія «Наш дом» накіравала пасьля афіцыйны запыт у Смалявіцкі РАУС у сувязі з «грубым парушэньнем правоў і свабодаў грамадзян». Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі, падпалкоўнік Уладзімір Пеляк афіцыйна выбачыўся. Але напярэдадні эфіру прыйшло паведамленьне, што яго адхілілі ад пасады і перавялі ў апэратыўнікі.

Між іншым, Вазьняк — адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая адпачатку аказвае дачнікам арганізацыйную ды юрыдычную дапамогу.

Карэспандэнт: «Чаго яны баяцца, Сяргей?»

Вазьняк: «Іх так навучыў Лукашэнка, каб не задавалі журналісты нязручных пытаньняў і каб чаго ня выйшла. За 18 год іх прывучыў Аляксандар Рыгоравіч: прэса — гэта вораг. Ім гэта ўбіта ў галаву, і ён дзейнічаў паводле гэтай схемы...»

Карэспандэнт: «Пры гэтым улада ня кажа, што можа адбыцца. Калі ўзяць апошнюю прэс-канфэрэнцыю Лукашэнкі, ён казаў, што нам вельмі выгадна, калі тэхнапарк будзе пабудаваны — маўляў, атрымаем лішніх 45 мільярдаў...»

Вазьняк: «Мы ж ня супраць інвэстыцый, эканоміка ў іх мае патрэбу. Мы супраць таго, што ўсё робіцца закрытым ад грамадзтва. Мы ня ведаем, як праходзяць тэндэры, ці атрымаюць чыноўнікі хабар ды адкаты, чаму рашэньне будаваць парк прымалася без папярэдніх слуханьняў з грамадзянамі Смалявіцкага раёну. Там закранаюцца інтарэсы некалькіх вёсак, дачных каапэратываў. Па першым жа варыянце стаяла пытаньне аб зносе лецішчаў, адсяленьні людзей. Калі людзі шум паднялі, кампанія „Гавары праўду“ пачала подпісы зьбіраць. І ўказ Лукашэнкі калі выйшаў, аказаўся мякчэйшы за тыя ранейшыя пляны. А калі ўлада нешта ўтойвае ад прэсы, значыць, ёсьць што ўтойваць ад людзей. Адсюль шмат падазрэньняў, недавер грамадзян да ўлады, да закрытасьці чыноўнікаў...»

Дарэчы, сваю думку пра эканамічную мэтазгоднасьць тэхнапарку раней выказаў мне экс-старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Багданкевіч: «Умовы кантракту, у прынцыпе, ільготныя. Для Беларусі прымальныя — тры гады плаціць ня будзем, 6% гадавых. (Расейскі „Сбербанк“ даваў пад 10–12% нам.) Але ж усё пытаньне ў тым, на што кітайцы даюць — на фінансаваньне, продаж уласнага абсталяваньня! У Кітаю ня возьмеш крэдыт, каб скарыстоўваць яго, дзе выгадней, а толькі на той праект, які яны самі будуюць, фінансуюць, даюць абсталяваньне. Таму пытаньне ў тым, наколькі яно якаснае, сувымерна з абсталяваньнем эўрапейскім, амэрыканскім. Наколькі ўсё эфэктыўна будзе пасьля? І другое — даецца пад гарантыі ўраду, доўг дзяржавы будзе павялічвацца...»

Мы працягваем размову зь Сяргеем Вазьняком.

Карэспандэнт: «Ізноў цытую Лукашэнку: пратэсты — гэта „заказы адтуль“...»

Вазьняк: «На гэтую сустрэчу прыехала старшыня аднаго з таварыстваў Аксана Зелянеўская. Яе пусьцілі, яна задавала пытаньні. Я ня ведаю, якія заказы для Аксаны адтуль і адгэтуль паступалі — як для агенткі ЦРУ, Масаду (сьмяецца). У яе лецішча ў Смалявіцкім раёне непасрэдна ля тэрыторыі тэхнапарку. І яны там усе непакояцца. І выстаўляць чалавека, які адстойвае свае правы, у вобразе агента іншаземнай выведкі — вельмі прымітыўна. Кіраўнік дзяржавы — чалавек, які вельмі прымітыўна думае: нават дапусьціць ня можа, што чалавек непакоіцца. Замест таго каб чыноўнікі патлумачылі, выслухалі, каб інвэстыцыі пайшлі і людзі нічым не ахвяравалі, адразу яе абвясьцілі ворагам, журналістаў таксама, а мы, чыноўнікі, — малайцы, што ўціхую зрабілі...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG