Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для музэю падышла б ня толькі «Амэрыканка»


ПК-1 у Менску
ПК-1 у Менску

Наша мінулая праграма, а дакладней — працытаваныя ў ёй радкі зь дзёньніка палітвязьня Ігара Аліневіча пра тое, што калі-небудзь у «Амэрыканцы» будзе музэй, выклікала нямала водгукаў ад чытачоў ды слухачоў праграмы.

Адзначу, што Беларусь — адна зь нямногіх краінаў ва Ўсходняй Эўропе, дзе падобных музэяў няма. Тым часам колькасьць наведнікаў падобных экспазыцыяў у Вільні, Будапэшце, Бэрліне, Львове ды іншых гарадах былога «сацыялістычнага лягеру» сьведчыць, што цікавасьць да гэтай праблематыкі ў грамадзтве ёсьць.

У якасьці альтэрнатывы ў Беларусі пры такіх структурах, як КДБ ды МУС, створаныя музэі або гістарычныя цэнтры, якія распавядаюць пра гераічнае мінулае «органаў» і іх супрацоўнікаў. Трапіць у такія музэі звычайным людзям ня надта проста. У інтэрнэце мы, аднак, знайшлі відэа пра экспазыцыю ў берасьцейскім КДБ.

А цяпер да допісаў, якія паступілі ў нашу праграму і ў якіх ідзецца пра тое, ці варта ствараць падобныя музэі і якімі ім быць.


«Музэй турмы — гэта музэй асуджэньня рэжыму»


Аўтары некаторых камэнтароў сумняюцца ў мэтазгоднасьці музэю, пра які марыць Ігар Аліневіч. Яны лічаць, што да яго стварэньня грамадзтва яшчэ «не дасьпела». Аўтары ж іншых допісаў (іх большасьць), як і ўдзельнікі сёньняшняй праграмы — наадварот, упэўненыя, што беларусы пойдуць у такі музэй, бо сёньня яны маюць цікавасьць і да такіх старонак сваёй гісторыі. Іншая справа, што пры цяперашняй ўладзе гэта наўрад ці магчыма, але чаму б не пачаць абменьвацца ідэямі?

Архітэктар Ігар, якога некалькі разоў затрымлівалі падчас грамадзянскіх акцыяў ды садзілі на Акрэсьціна, мяркуе, што «музэй мае нагадваць музэі-турмы спэцслужбаў, якія ўжо дзейнічаюць у Вільні ці Бэрліне»…

Галіна з Масквы напісала: «Баюся, што ўся краіна стала ўжо своеасаблівым музэем такога кшталту. Не сакрэт, што некаторыя расейцы едуць у Менск менавіта з-за настальгіі па мінулым. Няблага было б убачыць ім і такую экспазыцыю».

Пустая жоўтая тэчка сярод вернутых рэчаў Уладзіслава Кавалёва
Пустая жоўтая тэчка сярод вернутых рэчаў Уладзіслава Кавалёва
У якасьці экспанатаў чытачка бачыць, напрыклад, тую ж «жоўтую папку» расстралянага Ўлада Кавалёва. Да сям’і яна прыйшла пустой, а хацелася б бачыць запісы хлопца, якія, па словах яго маці, «скрала ў яе КДБ»…

Наш сталы чытач і карэспандэнт Зьміцер Леановіч лічыць, што найперш трэба стварыць аб’яднаны мэмарыял беларускіх турмаў. Ён перакананы, што музэй турмы — гэта музэй асуджэньня рэжыму, а таму «рана ці позна павінен быць створаны. Прычым, «зусім не абавязкова ў будынку КДБ»:

«Тая ж „Валадарка“ нічым ня горшая будзе з гістарычнага гледзішча. Яна старэйшая за „Амэрыканку“, і людзей празь яе прайшло нашмат больш. Расстрэлы, катаваньні — усё гэта было і працягвае быць на „Валадарцы“. Спэцназ? Калі ласка, бывае там штогод. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба. Магчыма, нават трэба зрабіць аб’яднаны ці зборны музэй, у якім дэманстраваліся б экспазыцыі з розных турмаў. Бо ў нас усе турмы — прыклад зьнявагі, катаваньняў ды забойстваў грамадзянаў. І самае галоўнае, на мой погляд: такі музэй ня можа існаваць без асуджэньня як камунізму, так і лукашызму. Мне шкада людзей, якія гэтага не разумеюць».

З думкаю Зьмітра пагаджаецца сядзелец адной зь беларускіх папраўчых калёніяў Андрэй. Ён лічыць, што «Валадарка», або гарадзенская турма, дзе яму даводзілася сядзець, у параўнаньні зь іншымі беларускімі турмамі да таго ж і вельмі цікавыя архітэктурна-гістарычныя аб’екты. Калі дадаць да гэтага яшчэ імёны славутых вязьняў, то наведнікі абавязкова пойдуць ў такі музэй. «Нельга дапусьціць, каб гэтыя будынкі камусьці прадалі і зрабілі зь іх гатэлі ці нейкія забаўляльныя цэнтры», — адзначае аўтар…

Былы арыштант гарадзенскага СІЗА журналіст Андрэй Пачобут таксама лічыць ідэю стварэньня турмы-музэю нядрэннай. Аднак…
Андрэй Пачобут пра ідэю стварыць музэй у Гарадзенскай турме
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00
Наўпроставы лінк

Пачобут: «На сёньняшні дзень пры сёньняшняй уладзе гэта нерэальна. Што гэтая ўлада будзе ў гэтым музэі дэманстраваць? Але ўпэўнены, што рана ці позна гэтае месца будзе адзначана — вельмі шмат нявінных людзей там сядзела ды загінула.З гэтай турмой зьвязаныя такія гучныя прозьвішчы, як Прытыцкі, Тарашкевіч, шмат іншых людзей, якія адыгралі сваю ролю (без ацэнкі — якую) у гісторыі, тым больш што на тэрыторыі гэтай турмы ў пэрыяд 1939–1941 гг. выконваліся сьмяротныя прысуды. Турма — гэта частка гісторыі Горадні, якая б магла прыцягваць гарадзенцаў і ня толькі іх»


«Ідэальным музэем беларускіх калёній магла б стаць ПК-1»


Так лічыць супрацоўніца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч. Папраўчая калёнія № 1, ПК-1 або «адзінка, што месьцілася ў Менску на Кальварыйскай, была разбураная ў 2011. Сёньня на тым месцы — жылыя гмахі. У асяродку зьняволеных „адзінка“ мела рэпутацыю „самай жорсткай“ калёніі ў краіне… На Кальварыйскай ў часы незалежнай Беларусі сядзелі — дыпляматы, навукоўцы, лекары, дырэктары буйных прадпрыемстваў, дэпутаты.

„Прыйшоў час, калі людзі ня проста мусяць, а ўжо хочуць гэта ведаць“, — гаворыць наша суразмоўца. У 2004-2006 гадах яна працавала мэдсястрой у. Рэспубліканскім турэмным шпіталі, які месьціўся на тэрыторыі „адзінкі“.

Красоўская -Касьпяровіч: „ПК-1 зьявілася адразу пасьля вайны, Спачатку тут былі суцэльныя баракі сыстэмы ГУЛАГ, асобна мужчынскія, асобна жаночыя. Пры мне сядзеў „старажыл“ — дзядуля, які распавядаў пра свае таемныя паходы на жаночую тэрыторыю. Потым жанчын перавялі ў іншую калёнію. У канцы 1950-х рукамі зэкаў быў пабудаваны галоўны корпус. Якасьці цэглы была ня надта добрай, перакрыцьці былі зробленыя з дошак з праслойкай будаўнічага сьмецьця і пілавіньня. Усё гэта было даволі ненадзейным. Калі прарывала трубы і даводзілася здымаць падлогу, стваралася ўражаньне, што на 2-м і 3-м паверхах ходзіш проста па паветры. Першы паверх увогуле ўрос у зямлю, і там было надзвычай холадна“.

Разам з жылой сэкцыяй для зьняволеных у галоўным корпусе знаходзілася і „бальнічка“.

„У халодныя зімы, прыходзячы на працу, — узгадвае Алёна, — мне не аднойчы даводзілася аддзіраць хворых ЗК ад мэталічных ложкаў. Нягледзячы на тое, што людзі апраналі на ноч усё цёплае — фуфайкі, шапкі, — яны ўсё роўна за ноч прымярзалі“. Прыкладна такая ж карціна назіралася і ў ШЫЗА. Штрафны ізалятар „адзінкі“ лічыўся адным з самых страшных ва ўсіх беларускіх калёніях…Дакладна ведаю, што ўсё заставалася ў такім стане да самога канца ў 2011… ПК-1 была характэрным прыкладам беларускіх калёній сярэдзіны 20-га — пачатку 21 стагодзьдзяў».


Музэйныя экспанаты знойдуцца ледзь ня ў кожным доме


Улічваючы колькі людзей перасядзела ў Беларусі апошнім часам, то быць кансультантамі такога музэю ці прапанаваць для яго цікаўныя экспанаты змогуць вельмі многія нашы суайчыньнікі, — мяркуе Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Красоўская-Касьпяровіч: «Напрыклад, тая ж турэмная вопратка ці абутак. Так зімовы абутак, які выдаюць асуджаным, практычна ня мае ніякага ўцяпленьня і выраблены з сынтэтычных матэрыялаў. Гэта тлумачэньне, чаму нават і цяпер, стоячы ў шыхце, асуджаныя пераступаюць з нагі на нагу. Яшчэ таксама прадметы гігіены (кавалачкі мыла, памерам з скрыначку для запалак, якія сьмярдзяць псінаю ды выдаюцца асуджаным для мыцьця і асабістых патрэбаў). Творчасьць асуджаных — карціны, вырабы з дрэва, плястмасы, хлебнага мякішу. Разнастайныя „мастыркі“ (сродкі наўмыснага калецтва асуджаных). Шмат іншых элемэнтаў турэмнай субкультуры»

Алёна Красоўская-Касьпяровіч расказвае, што калі зносілі калёнію, былыя зэкі, нягледзячы на ўсе свае цяжкія ўспаміны, лезьлі праз плот, каб толькі ўбачыць апошні раз месца, зь якім былі зьвязаныя многія іхнія гады. Іх, зразумела, «ганялі і не пушчалі», а яны ўсё прыяжджалі з розных куткоў Беларусі ды іншых краін. На машынах, якія стаялі ля брамы, было шмат расейскіх нумароў. Адзін з расейцаў прасіў ахоўнікаў: «Пусьціце мяне, калі ласка, я тут 8 гадоў правёў»… Для іх, ужо вольных, гэта было важна — разьвітацца з месцам, якое прынесла шмат пакут Зразумела, такое ўласьцівае ня ўсім.


Псыхатраўмы вязьняў


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч
На жаль, мае веды ў гэтай галіне вельмі сьціплыя, і вялікая частка гэтай псыхалягічнай аблогі засталася для мяне нябачнай».Успаміны пра няволю рознымі вязьнямі перажываюцца па-рознаму. Паводле адмыслоўцаў, усё залежыць ад характару псыхатраўмы, якую атрымаў чалавек, ад яго індывідуальнай рэакцыі на ціск вонкавых абставінаў.

У сваім турэмным дзёньніку Ігар Аліневіч піша, што адной з галоўных задач, якія ён штодня ставіў перад сабой на парадку дня, «гэта не звар’яцець».

«Увесь час даводзіцца быць у максымальным напружаньні: сачыць за кожным словам, ходам думкі (сваёй і сьледчага), за дыялёгам у цэлым. Гэта вельмі няпроста… Не гаварыць — немагчыма. Неаднаразова я ішоў з намерам зьвесьці размову да кароткіх адказаў, але раз за разам сьледчаму ўдавалася разгаварыць мяне… У кабінэце знаходзіцца прыгожы сэрвіз, пернікі, каньяк — усё як у фільмах. Ніякай гарбаты з карнікамі! Людзі чамусьці думаюць, што гэта дробязі. Маўляў, калі „мент“ паводзіць сябе культурна і прыстойна, то можна і гарбаты паганяць. Іхняя прыязнасьць да цябе — гэта элемэнт павуціньня, для таго каб выклікаць падсьвядомы давер. Практыкуецца падладжваньне пад цябе, пад сыстэму тваіх каштоўнасьцяў, з улікам тваіх думак. Спрабуюць вэрбаваць, маюць нейкі разьлік, што ты прамяняеш сумленьне на іхнія нікчэмныя падачкі…

Зь дзёньніка Ігара Аліневіча
Зь дзёньніка Ігара Аліневіча
У сваёй кніжцы пра выжываньне ў турме, урыўкі зь якой гучаць у аўдыёвэрсіі праграмы, былы палітвязень, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі ў якасьці магчымых наступстваў падобнага псыхалягічнага ціску на вязьня называе псыхічныя ці псыхасаматычныя расстройствы. Сярод першых іх праяваў — парушэньні сну. Думкі пацярпелых увесь час занятыя трывожным чаканьнем паўтору стрэсавай сытуацыі, перажываньняў, спалучаных зь ёй, і зазнанага пачуцьця бездапаможнасьці. Розныя гукі, пахі ці сытуацыі могуць лёгка стымуляваць успаміны пра падзеі, зьвязаныя з псыхатраўмай, што і прыводзіць да думак пра сваю бездапаможнасьць.


«Паміж „Штазі “ і КДБ нямала паралеляў»


Бэрлінскі псыхааналітык, былы вязень усходненямецкай тайнай паліцыі «Штазі» Карл-Гайнц Бомбэрг называе падобныя праявы псыхічнай траўматызацыяй асобы. Ён знаходзіць нямала паралеляў паміж мэтодыкай працы цяперашняга КДБ і колішняй «Штазі».

Карл-Гайнц Бомбэрг
Карл-Гайнц Бомбэрг
«Усе віды і спосабы камунікацыі вязьня з вонкавым сьветам заблякаваныя. Я доўгі час нічога ня ведаў пра сваю сытуацыю, а мае родныя — пра мяне. Перапіска была пад кантролем, лісты не даходзілі. Адвакатаў вэрбавалі спэцслужбы. У мяне, напрыклад, адвакатам быў вельмі вядомы ў апазыцыйных колах тагачаснай ГДР Вольфганг Шнур. І толькі пасьля падзеньня бэрлінскага муру стала вядома, што ён быў неафіцыйным супрацоўнікам «Штазі». Шнур доўга не наведваў мяне, тлумачачы тым, што яму не давалі гэтага рабіць. Кантраляваў перапіску і даваў парады, што пісаць…Шукаліся розныя слабыя месцы характару, тое, што чалавек найбольш баіцца страціць. Імкнуліся запалохаць. Выкарыстоўвалі самыя розныя мэтады, каб траўмаваць чалавека псыхічна, зрабіць яго няўпэўненым у сабе. Такое было«.

Вось ужо больш за 20 гадоў, адзначае нямецкі псыхіятар, як няма ГДР і няма «Штазі», а многія былыя вязьні гэтай турмы прыходзяць да яго ў надзеі пазбавіцца ад сваіх набытых яшчэ ў тыя часы страхаў. У 1994 ў Бэрліне зьявіўся мэмарыял ахвярам тайнай паліцыі ГДР Хоэеншёнгаўзэн. Сёньня, калі меркаваць паводле колькасьці наведнікаў, гэта адзін з самых папулярных у Бэрліне. (Пра яго мы раскажам у адной з нашых будучых праграмаў)

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:43 0:00
Наўпроставы лінк

Праведзенае праграмай апытаньне на вуліцах Магілёва на тэму стварэньня турмы-музэю ў Беларусі паказала: у той час як апытаныя жанчыны цалкам падтрымліваюць ідэю, большасьць мужчын ставяцца да зь недаверам або кажуць, што не разумеюць самой ідэі. Па колькасьці папраўчых устаноў (18) Магілёўшчына займае вядучае месца ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG