Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірны-старэйшы: Ня думаю, што Азаранку нешта дэмаралізуе


Вікторыя Азаранка на Australian Open

Вікторыя Азаранка на Australian Open

26 студзеня ў фінале аднаго з чатырох тэнісных турніраў «Вялікага шлему», Australian Open у аўстралійскім Мэльбурне, Вікторыя Азаранка згуляе з кітаянкай На Лі. Беларуска — пераможца мінулагодняга аўстралійскага турніру. Яна мае нядрэнныя шанцы ня толькі абараніць тытул, але і зарабіць больш за 2,5 мільёны даляраў прызавых. Пры іншым жа раскладзе параза скіне яе зь першага радка ўсясьветнага рэйтынгу жаночага тэнісу. Ці не дэмаралізавалі Азаранку абвінавачаньні ў махлярстве, якія пасыпаліся пасьля паўфінальнай сустрэчы з маладой амэрыканкай Слоўн Стывэнс?

На фінальны паядынак пакуль яшчэ першая ракетка сьвету Вікторыя Азаранка выходзіць з рэпутацыяй спартоўкі, якая можа весьці «несумленную гульню». Менавіта такое кляймо прыклеілі беларусцы ня толькі аўстралійскія ды амэрыканскія журналісты і тэнісныя спэцыялісты, але нават «браты-расейцы». Нагодай да абвінавачаньня стала паўфінальная сустрэча з 19-гадовай Слоўн Стывэнс. Першы сэт Азаранка без праблемаў выйграла зь лікам 6:1, але ў другім гульня перастала клеіцца, і пры пагрозе зраўнаньня ліку яна ўзяла мэдычны перапынак. Цягнуўся ён, па падліках назіральнікаў, удвая даўжэй за дазволены, што магло «дэмаралізаваць» суперніцу.

Атрымаўшы дапамогу, Азаранка мабілізавалася і давяла партыю да агульнай перамогі. Ужо пасьля заканчэньня матчу дзясяткі камэнтатараў выбухнулі гнеўнымі тырадамі: маўляў, беларуска паводзіць сябе як шулер, жульнічае ды ашуквае спартовую грамадзкасьць.

Як да падобных абвінавачаньняў ставяцца беларускія тэнісныя адмыслоўцы? І ці ня лічаць яны, што пад такім шквалам атакаў перад галоўным матчам будзе дэмаралізаваная якраз Вікторыя Азаранка?

Мікалай Мірны

Мікалай Мірны

Мікалай Мірны, трэнэр і бацька тытуляванага тэнісіста Максіма Мірнага, выказвае такую думку:

«Так, пра ўсё гэта чытаў. Але я ня думаю, што з боку Вікі гэта насамрэч мела месца. Звычайнае спартовае жыцьцё, са сваімі адхіленьнямі. У кожнага ёсьць нейкія балячкі, якія чалавек залечвае своечасова ці не зусім своечасова. А ўжо справа вашага брата-журналіста — нейкім чынам гэта ўсё раскручваць.

Пра што яшчэ гаварыць, калі першая ў сьвеце выйшла ў фінал? Трэба нешта прыдумляць. Вось журналісты і прыдумляюць.

Але абсалютна дакладна, што яна цяпер менш за ўсё думае пра гэта, а думае зусім пра іншае. Найперш, калі сапраўды нешта баліць, то як бы хутчэй сваю баяздольнасьць аднавіць, бо на кану надзвычай вялікія рэчы стаяць. Гэта вы пагаварылі-пагаварылі і пра ўсё забыліся. А яна ж ніякіх правілаў не парушала, таму ёй вінаватай сябе лічыць няма ў чым. Ня той момант, каб зараз зацыклівацца на гэтым.

Ня думаю, што яна павінна нейкім чынам рэагаваць і тым больш што яна „дэмаралізуецца“. Да таго ж, каб была ў фінале амэрыканка, зь імем якой увесь гэты нібыта скандал зьвязваюць, — было б адно. А то ў фінале кітаянка, ні ў кога ніякай зацікаўленасьці распальваць жарсьці. Дый ня той узровень, каб Вікторыі пра гэта ўвесь час думаць».

А вось вядомая колісь тэнісістка Вольга Барабаншчыкава, якая брала ўдзел у многіх турнірах «Вялікага шлему», лічыць, што мэдычная дапамога насамрэч можа ўнесьці ў гульню развал і выбіць суперніка з каляіны. Але калі ў дадзеным выпадку такую магчымасьць санкцыянавалі судзьдзі, то ўсе прэтэнзіі абураных спэцыялістаў застануцца безвыніковымі:

Вольга Барабаншчыкава

Вольга Барабаншчыкава

«Складана нешта казаць, але Віка так сябе паказала, што ёй вельмі часта даводзіцца здымацца з турніраў, на жаль. Але я вельмі зьдзіўленая, што ў такім матчы судзьдзі дазволілі ёй узяць такую працяглую паўзу. Я не прыпомню, каб на такой стадыі такое ўвогуле было магчыма. І калі б такое ўчынілі супраць мяне, я б, напэўна, таксама паспрабавала на гэтым завастрыць увагу. Мне гэта крыху незразумела. Але яшчэ больш незразумела, як судзьдзі такое дапусьцілі. Насамрэч арганізатары бываюць вельмі памяркоўныя да тэнісістаў першай дзясяткі, бо на іх, у прынцыпе, і трымаецца тэніс, на іх людзі ходзяць глядзець. І нават не вялікі сакрэт, што некаторыя, асабліва сярод мужчынаў, прымаюць допінг і ўсё такое, але на гэта заплюшчваюцца вочы».

Карэспандэнт: «Вікторыя Азаранка вядомая як досыць экспрэсіўная спартоўка, якую лёгка вывесьці з раўнавагі. Адаб’ецца на гульні?»

«Мяркую, што ў яе нешта адназначна ўнутры адкладзецца. Але, у прынцыпе, як любы чалавек, прафэсіянал такога ўзроўню ў сваёй сфэры, яна здолее сабрацца і вельмі глыбока сабе да душы гэта не падпусьціць. Хоць у нейкім выглядзе гэтая гісторыя ўсё роўна адкладзецца».
Вікторыя Азаранка на гульні ў Мэльбурне 15 студзеня

Вікторыя Азаранка на гульні ў Мэльбурне 15 студзеня


Мэдычны перапынак, узяты Вікторыяй Азаранкай пасьля пяці нерэалізаваных матчболаў супраць Слоўн Стывэнс, выклікаў бурную рэакцыю тэніснай грамадзкасьці. За адзін вечар зьявіліся дзясяткі ацэнак учынку Азаранкі.

Так, адзін з кіраўнікоў Асацыяцыі тэнісу ЗША, былы тэнісіст Патрык Макінрой выказаў абурэньне паводзінамі Азаранкі: «Расхвалявалася і таму сышла з корту? Гэта што, жарт такі? Нейкая карыкатура!»

Іншы гулец, Брэд Гілбэрт, таксама не цырымоніўся: «Гэта вельмі дрэннае правіла — якое дае магчымасьць пакідаць корт перад падачай суперніцы. І наагул, што гэта было? Два перапынкі з-за розных траўмаў ці проста спосаб прывесьці галаву ў парадак?»

Галоўны рэдактар The Tennis Space Сайман Кэмбэрс заявіў, што жахліва ў адносінах да Слоўн Стывэнс браць двайны мэдычны перапынак пры ліку 5:4: «Вельмі сумняюся, што гэта было дапушчальна ў такой сытуацыі».

А экс-першая ракетка сьвету Яўген Кафельнікаў, абмяркоўваючы паўзу Азаранкі, напісаў у Твітэры: «Менавіта гэта я называю махлярствам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG