Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па справе «МММ-2011» судзіцьмуць шасьцярых


Беларуская ўлётка МММ-2011

Беларуская ўлётка МММ-2011

Справу беларускага «МММ» неўзабаве расьсьледуюць і перададуць у суд, паведаміў кіраўнік Сьледчага камітэту.

10 месяцаў таму ўлады спынілі дзейнасьць беларускага філіялу фірмы «МММ-2011». «Справа беларускага „МММ“ хутка будзе расьсьледаваная і перададзеная ў суд», — заявіў кіраўнік Сьледчага камітэту Валянцін Шаеў на прэсавай канфэрэнцыі 24 студзеня. Паводле галоўнага сьледчага краіны, пад суд па справе «МММ» можа пайсьці 6 грамадзянаў Беларусі:

«Адна асоба знаходзіцца пад вартай, тры — пад закладам і да двух абраная мера стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту. Сутнасьць справы ў тым, што гэтыя асобы безь дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзіі на банкаўскую дзейнасьць займаліся гэтым відам дзейнасьці і атрымлівалі незаконны прыбытак».

Паводле сьледчых, ахвярамі беларускага «МММ» узору 2011 году сталі ў асноўным маладыя людзі, якія ня маюць досьведу канца мінулага стагодзьдзя, калі ад «МММ» першага ўзору пацярпелі мільёны жыхароў краінаў СНД.

Прыхільнікі «МММ» глядзяць на гэта па-іншаму. На іх думку, гэта дзяржава вінаватая ў тым, што людзі не нясуць грошы ў банк, а зарабляюць у структурах кшталту «МММ». Былы «сотнік» «МММ-2011» Дзьмітрый тлумачыў:

«Цэны апярэджваюць рост кошту банкаўскіх дэпазытаў. З-за гэтага людзі не нясуць у банк грошы, няма ў гэтым сэнсу. А тут працэнт дазваляе спачатку за кароткі тэрмін адыграць свае грошы, а потым чакаць працэнту ад укладу».

Укладчыкі «МММ-2011» называлі гэтую арганізацыю «глябальнай касай узаемадапамогі» і асабліва падкрэсьлівалі, што грошы яны прыносілі ў МММ самі, без прымусу, а працэнт ад гэтага ўкладу маглі атрымаць пры пэўных умовах, якія былі агавораныя дамовай. Між тым адмыслоўцы ў фінансавых справах адразу параўналі «МММ-2011» з «звычайнай пірамідай» і прадказалі, што яна абавязкова паваліцца.

«Яна ня можа быць вечнаю, бо мусіць нарастаць, каб пасьпявалі выплачваць іншым. Мяркую, што рухне і гэтая — наўрад ці падобным нелегальным чынам можна стварыць у Беларусі схему, якая будзе працаваць. Схема, якая працуе, павінна быць легальнай. На нелегальным рынку ім практычна немагчыма працаваць. І што ўвогуле значаць заявы: усё будзе добра, калі ня будзе ўмешвацца дзяржава? Гэта што, дзяржава будзе трываць у масавым парадку працу нелегальных шэрых схемаў на рынку? Гэта несур’ёзна. Канечне, яна ўмяшаецца. А як толькі ўмяшаецца, ім будуць кранты», — казаў эканамічны аглядальнік Марк Бернштэйн.

16 сакавіка 2012 года спэцназ КДБ, узламаўшы жалезныя дзьверы, уварваўся ў офіс «МММ-2011» ў Менску. Больш офіс наведнікаў не прымаў. Урачыста адчынены днём раней офіс фірмы ў Берасьці таксама быў зачынены. Кіраўнік прадстаўніцтва «МММ-2011» у Беларусі Аляксей Саладун, паводле паведамленьня зь ягонага мабільнага тэлефону, апынуўся ў КДБ.
XS
SM
MD
LG