Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даём заём!» — Ці варта браць?


У мэдыях і транспарце ўсё больш новай рэклямы, якая прапануе «хуткія грошы» пад нібыта невялікі працэнт.

Рэкляма пазыкаў грошай у мэтро «Даём заём!», «Грошы ў пазыку на любыя патрэбы», «Парадуй жонку — вазьмі ў нас грошы»… Падобныя аб’явы штодня зьяўляюцца ў менскім мэтро, спакушаючы пасажыраў хутка атрымаць грошы пад невялікі, як здаецца, працэнт. Але ці варта браць?

Думкі менчукоў на гэты конт падзяліліся. Залежаць яны найперш ад асабістага досьведу. Супрацоўніца камэрцыйнай фірмы Ксенія лічыць, што ўзяты ў банку крэдыт каля 2 тысяч даляраў, каб набыць кухню, для яе аказаўся выгадны:

«Узяла я ў крэдыт 16 мільёнаў, а выплачу каля 19,5 — залежыць ад тэрміну, калі пагашу крэдыт. Паводле дамовы з банкам я магу пагашаць датэрмінова. Для мяне гэта выгадна. Бо ў мяне нармальны заробак, але праблема ў тым, што я не магу аддаць вялікую суму адразу».

Ксенія папярэджвае: яна ўважліва вывучае ўмовы пагадненьня з банкам, калі бярэ крэдыт, і не спакушаецца на асабліва прывабныя прапановы. У яе ёсьць адмоўны прыклад — сьвякроў узяла крэдыт, але не падлічыла ўсе страты і ў выніку апынулася ў складаным фінансавым становішчы.

Пэнсіянэрка Ларыса Мікалаеўна кажа: у іх у доме палова жыхароў, якія ўзялі крэдыты, — у такім «складаным становішчы». Сама яна плянавала ўзяць 10 мільёнаў крэдыту на ўнёсак за прыватызацыю кватэры, але добра, што адмовілася:

«Два гады, кажуць у банку, як пэнсіянэрка, вы будзеце плаціць недзе па 879 тысяч. Калі ласка, прыходзьце, усё зробім. Але калі я падлічыла, што за 24 месяцы гэта будзе каля 19 мільёнаў, то, зразумела, я адмовілася браць такі крэдыт».

Ларыса Мікалаеўна распавяла пра дачку, якая ўдвая пераплаціла за кампутар, бо расплачвалася праз крэдыт. Паводле пэнсіянэркі, вінаватыя схаваныя ў дамове камісіі, якіх не заўважылі і не ўлічылі. Вось жа, ня толькі старыя людзі робяцца ахвярамі банкаўскіх хітрыкаў!

З 22 студзеня Нацыянальны банк абавязаў камэрцыйныя банкі пазначаць у дамовах на. крэдытаваньне працэнт пагашэньня крэдыту цалкам, выключыўшы ўсе камісійныя плацяжы. Мяркуецца, што, падпісваючыся пад крэдытам, людзі будуць ведаць, які канкрэтна адсотак яны мусяць плаціць і за які час. Пакуль адсоткі гэтыя ўражваюць: «Прыёрбанк» — да 65 працэнтаў гадавых, «РРБ-банк» — да 67%, «Дэльта-банк» — да 96%. Некаторыя адмыслоўцы ў фінансавай сфэры раяць увогуле ўстрымлівацца ад спажывецкіх крэдытаў даўжэйшых, чым на 3–4 месяцы. Лічыцца, што крэдытныя рэсурсы цягам году павінны стаць дзешавейшымі, а значыць, тыя, хто зараз возьме доўгатэрміновы крэдыт пад 30–40%, прайграюць.
Новае правіла пазначаць агульны працэнт за пазыку не распаўсюджваецца на пасярэднікаў

Вернемся ў мэтро, дзе заклікаў узяць грошы ў пазыку з кожным днём усё больш. Ці варта ім верыць? Эканаміст Сяргей Балыкін раіць уважліва вывучаць ня толькі ўмовы крэдытаваньня, але і тое, хто іх прапануе:

«Такія аб’явы даюць альбо крэдытныя саюзы, якія зьяўляюцца спажывецкімі каапэратывамі, альбо гэта нейкія арганізацыі, якія выступаюць агентамі банкаў. Гэта не піраміды, але ці варта да іх зьвяртацца — гэта пытаньне пра тое, ці варта ўвогуле зьвяртацца да пасярэдніка. Пасярэднік можа і дапамагчы знайсьці выгадныя ўмовы, і ўзяць камісію фактычна за нішто. Трэба глядзець на ўмовы, пазычаць ці не пазычаць. Адна парада — галавой думаць».

Экспэрт нагадаў, што новае правіла пазначаць агульны працэнт за пазыку не распаўсюджваецца на згаданых пасярэднікаў, і таму атрымальніку крэдыту трэба быць пільным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG