Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў, чатыры Тацяны і Маскоўскі ўнівэрсытэт


Кампанія «Гавары праўду!» 25 студзеня, у Тацянін дзень, запрасіла ў госьці некалькі Тацян — каардынатарку кампаніі Тацяну Караткевіч, праваабаронцу Тацяну Равяку, журналістку Тацяну Мельнічук, грамадзкую актывістку Тацяну Гурэцкую.

Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў апавёў пра князя Шувалава, які прынёс на подпіс расейскай імпэратрыцы Лізавеце Пятроўне ўказ аб заснаваньні Маскоўскага ўнівэрсытэту ў дзень нараджэньня сваёй жонкі. Таксама ён узгадаў расейскі дзень студэнта і асобна — сьвятую велікамучаніцу Тацяну.

На пытаньне Радыё Свабода, чаму спадар Някляеў вырашыў адзначыць менавіта Тацянін дзень, якое дачыненьне гэты дзень мае да Беларусі, той адказаў:

«Імя Тацяна ў перакладзе азначае „наладжвальніца“. А ў Беларусі вельмі шмат цудоўных жанчын з імем Тацяна. А я з тых людзей, які любую нагоду ператварыць будзённы шэры дзень у сьвяточны выкарыстоўвае. Я за тое, каб ствараць прыгожыя казкі, прыгожыя міты пра наша жыцьцё, нягледзячы на тое, што яно не такое ўжо і казачнае, не такое міталягічнае, але яно ідзе!»

Імпрэза праходзіла ў форме трох урокаў Тацян. Першы ўрок — што вынесьлі са студэнцтва, другі — што скарэктавала жыцьцё, і трэці — зь якім сёньня ідуць да людзей, паплечнікаў, сяброў.

Усе прысутныя Тацяны распавялі пра свае ўрокі жыцьця. А што да сьвятой велікамучаніцы Тацяны — пагадзіліся, што яна была, хутчэй за ўсё, праваабаронца, змагалася за свабоду веравызнаньня. І хоць яе катавалі, абстрыглі ёй валасы, запусьцілі да яе драпежніка — ільва, якога яна прыручыла, а ўрэшце скончылася ўсё сумна — «усячэньнем галавы», сьвятая велікамучаніца Тацяна засталася адданай сваім перакананьням…

Уладзімер Някляеў падараваў усім прысутным Тацянам сваю новую кнігу «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» зь вершаваным надпісам:

«Тацяне ў дзень Тацяны
на казачныя сны,
на тое, каб сатканы
былі на шчасьце дні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG