Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Іркуцку не дазволілі круглы стол пра паўстаньне Каліноўскага


Бел-чырвона-белыя сьцягі на фэстывалі нацыянальных меншасьцяў у Іркуцку, 2012 г.

Бел-чырвона-белыя сьцягі на фэстывалі нацыянальных меншасьцяў у Іркуцку, 2012 г.

У Іркуцку не дазволілі праводзіць круглы стол «Паўстаньне 1863 году: факты і камэнтары» ў памяшканьні Грамадзкай палаты вобласьці 26 студзеня. Але «Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Яна Чэрскага» знайшло іншае памяшканьне для гэтага мерапрыемства.

«Іркуцкае таварыства беларускай культуры» было заснаванае 16 з паловай гадоў таму яшчэ ў траўні 1996 году, — расказаў Радыё Свабода старшыня таварыства Алег Рудакоў. — Мы надалі яму імя Яна Чэрскага. Ён, як вядома, быў удзельнікам паўстаньня 1863 году і якраз змагаўся ў шэрагах атрадаў Кастуся Каліноўскага. Яму было тады 18 гадоў, яго злавілі царскія войскі. Спачатку быў накіраваны рэкрутам у Омск, а потым яму дазволілі жыць вольным пасяленцам, але толькі за Ўралам. І Чэрскі выбраў Іркуцк. Тут ён стаў знакамітым геолягам і географам і прысьвяціў шмат навуковых працаў Байкалу і навакольлю. Гэта знакаміты чалавек тут. Калі надышла дата, наступіў 2013 год, студзень месяц, пачатак паўстаньня 1863 году, мы не маглі гэтую падзею абыйсьці. Мы вырашылі правесьці з гэтай нагоды круглы стол.

У Іркуцку, на жаль, усіх удзельнікаў паўстаньня 1863 году стэрэатыпна памылкова называюць палякамі. У нас нават ёсьць пабудаваная каталіцкая царква пры ўдзеле паўстанцаў, дык яе інакш як польскім касьцёлам ніхто не называе. Безумоўна, на жаль, гэты стэрэатып вельмі моцна тут ужыўся, пашыраўся. Мы вядзем адукацыйную працу ў гэтым кірунку, раскрываем шмат «белых плямаў» з гісторыі беларускага народу. І таму мы вырашылі правесьці круглы стол, запрасіць на яго найперш журналістаў асноўных іркуцкіх СМІ, прадстаўнікоў украінскага, польскага і літоўскага культурных цэнтраў, безумоўна і прадстаўнікоў з расейскага боку, прадстаўнікоў абласной і гарадзкой адміністрацыі.

Плянавалася, што правядзем круглы стол ва ўтульнай залі Грамадзкай палаты Іркуцкай вобласьці, там ёсьць усё належнае для мультымэдыйнай прэзэнтацыі. Але, на жаль, нам адмовілі ў апошні момант правесьці там гэтае мерапрыемства. Тлумачэньні былі нейкія дзіўныя і трошкі незразумелыя. Безумоўна, я спадзяюся , што гэта ня нейкая дзяржаўная палітыка, а недасьведчанасьць асабістых чыноўнікаў, якія вырашылі трошкі перастрахавацца, і вырашылі, што гэта тэма — вельмі вострая. І на ўсялякі выпадак не дазволілі нам правесьці гэты круглы стол у залі Грамадзкай палаты Іркуцкай вобласьці."

Радыё Свабода: І якое выйсьце вы знайшлі ў гэтай сытуацыі?

Рудакоў: Гэта не адзіная заля, дзе можна праводзіць такія мерапрыемствы, і мы гэта зробім у гандлёвым цэнтры «Пасаж» па вуліцы Літвінава (таксама сымбалічная назва для нас). Гэтае памяшканьне належыць адміністрацыі гораду Іркуцку. Гэта будзе не такое камфортнае памяшканьне, але мы можам сабраць дастатковую колькасьць людзей і правесьці наш круглы стол.

Самае галоўнае для нас, каб потым пасьля круглага стала былі публікацыі ў СМІ Іркуцка. Для нас найперш важна распавесьці іркуцянам пра беларусаў, якія ўдзельнічалі ў гэтым паўстаньні. Мы, безумоўна, будзем распавядаць і пра Кастуся Каліноўскага, і пра «мужыцкую праўду», і пра Яна Чэрскага, Віткоўскага. І гэта для нас галоўная мэта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG