Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС не атрымала ліст Мігальскага


Марэк Мігальскі

Марэк Мігальскі

МЗС не зьбіраецца рэагаваць на зварот эўрадэпутата Марэка Мігальскага пра сустрэчу з палітвязьнямі Зьмітром Дашкевічам і Міколам Статкевічам.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

«Ліст мы не атрымлівалі... Магу толькі парэкамэндаваць удакладніць у самога Мігальскага, якім чынам ён накіроўваў гэты ліст. А звароты праз СМІ мы не разглядаем».

Памочніца дэпутата Мігальскага Ганна Бяляс паведаміла «Свабодзе», што гэты ліст быў накіраваны поштай учора.

«Я не ведаю, калі атрымаюць гэты ліст, каб было хутчэй, мы накіруем яго яшчэ і факсам. Пабачым, якая будзе рэакцыя, хаця, шчыра кажучы, надзеі ў нас слабыя, бо ведаем, як беларускія ўлады рэагуюць на такія лісты. Мы не адзін раз рабілі звароты, напрыклад, у калёніі ў справе ўмоваў знаходжаньня там палітвязьняў, і заўсёды атрымлівалі адказы, што ўмовы добрыя, а тое, што мы пішам — непраўдзівае. Не выключаю, што і цяпер мы атрымаем такі адказ».

Спадарыня Бяляс распавяла, што Марэк Мігальскі праводзіць акцыю салідарнасьці з Дашкевічам і Статкевічам ужо некалькі месяцаў, зьвяртае ўвагу Польшчы і ўсёй міжнароднай супольнасьці на стан гэтых палітвязьняў і агульны стан з правамі чалавека ў Беларусі.

«Вельмі важна ўвесь час аб гэтым гаварыць і напамінаць пра справы палітвязьняў. Галоўная ж мэта — іх вызваленьне».

Марэк Мігальскі, намесьнік кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнта па адносінах зь Беларусьсю, ініцыятар кампаніі салідарнасьці з Дашкевічам і Статкевічам, зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з просьбай сустрэцца зь імі ў турмах.

У лісьце ён выказвае сваю занепакоенасьць інфармацыяй пра перасьлед палітвязьняў турэмнай адміністрацыяй, ціск і цяжкія умовы.

Мігальскі сярод іншага адзначыў, што хоча сустрэцца зь вязьнямі сумленьня, праверыць умовы іх утрыманьня, а таксама ацаніць іх фізычны і псыхічны стан здароўя.

Ліст быў надрукаваны ў шэрагу незалежных беларускіх СМІ.

У жніўні 2011 года Мігальскі хацеў наведаць Беларусь, але яму было адмоўлена.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Прадстаўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч з нагоды гэтага звароту заявіў «Свабодзе», што замежныя прадстаўнікі час ад часу маюць магчымасьць сустракацца зь беларускімі палітвязьнямі, гэтак нядаўна падобныя сустрэчы меў папскі нунцый у Беларусі, але часьцей улады Беларусі адмаўляюць у арганізацыі такіх спатканьняў, як гэта было з просьбай літоўскага амбасадара наведаць Алеся Бяляцкага.

Паводле Стэфановіча, Дашкевіч і Статкевіч пераведзеныя ў турмы з суровым рэжымам, хоць перад новым годам улады дазволілі ім спатканьні з роднымі і шлюб Дашкевіча і Палажанкі.

«Але ціск працягваецца і на іх, і на іншых палітвязьняў. І цяпер трэба весьці размову ня столькі пра спатканьні эўрадэпутата зь імі, колькі патрабаваць іх неадкладнага вызваленьня. Урад Беларус павінен разумець, што вырашэньне праблемы палітвязьняў зьяўляецца праблемай нумар адзін у дачыненьнях паміж Эўразьвязам і Беларусьсю», — сказаў Стэфановіч.
XS
SM
MD
LG