Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Керы — новы Дзяржаўны сакратар ЗША


Джон Керы

Джон Керы

Сэнат Кангрэсу ЗША бальшынёй галасоў падтрымаў кандыдатуру Джона Керы на пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША.

Керы амаль чатыры гадзіны адказваў на пытаньні парлямэнтарыяў, якія тычацца ягоных плянаў на пасадзе дзяржсакратара.

Кэры запэўніў, што яго дзеяньні ня будуць супярэчыць палітыцы адміністрацыі Барака Абамы і ён маецца працягнуць тактыку, абраную ягонай папярэдніцай Гілары Клінтан.

«Вы праявілі цярпеньне і выдатную дасьведчанасьць ва ўсіх пытаньнях падчас слуханьняў у камітэце», — сказаў, завяршаючы слуханьні, сэнатар Робэрт Мэнэндэс. У сваю чаргу, сустаршыня камітэту Робэрт Коркер заявіў, што Керы будзе зацьверджаны сэнатам на новай пасадзе «у бліжэйшыя дні».

Кандыдатуру Джона Керы на пасаду кіраўніка Дзярждэпартамэнту прэзыдэнт краіны Барак Абама выставіў 21 сьнежня. Кэры — адзін з самых паважаных спэцыялістаў у галіне зьнешняй палітыкі, які карыстаецца вядомасьцю і павагай у сьвеце.

Камэнтары беларускіх палітыкаў і экспэртаў

Станіслаў Шушкевіч: «Палітыка адносна Беларусі будзе той жа»

Старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч:

Станіслаў Шушкевіч
​ ​«Я думаю,што палітыка адносна Беларусі будзе той жа, як і была дагэтуль. Я добра ведаю новага часова паверанага Голдрыча. Яго мяккія дыпляматычныя разважаньні наконт таго, што ў нас робіцца, адпавядаюць разуменьню ўсёй папярэдняй гісторыі нашых міждзяржаўных дачыненьняў. І што трэба іх мяняць у людзкі бок і што гэта магчыма толькі тады, калі тут будзе прававая дзяржава. Звычайна ў сакавіку Дзярждэпартамэнт рыхтуе даклад аб стане дэмакратыі ў сьвеце і паглядзім як там будзе ацэнена Беларусь. Я думаю, належным чынам».


Мусіенка: Чым меней Кэры будзе закранаць тэму Беларусі, тым лепей

Кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру ECOOM Сяргей Мусіенка спадзяецца, што афіцыйнаму Менску будзе лягчэй весьці дыялёг з Джонам Керы, чым з Гілары Клінтан:

Сяргей Мусіенка

Сяргей Мусіенка

«Мне падаецца, што будзе лягчэй, бо Керы больш сыстэмны чалавек, які прайшоў такую жыцьцёвую школу і больш сур’ёзна стаіцца да розных пытаньняў. Тое, як Клінтан на апошніх слуханьнях выклікала крытыку... Я ўважліва сачыў за яе выступамі, калі яна нават не адказвала на пытаньні, якія задавалі кангрэсмэны.

З Керы, я думаю, размова будзе больш спакойнай, тым больш, рост эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі будзе падштурхоўваць да гэтага. Кэры вядомы чалавек, іншая справа, наколькі я памятаю, раней асабліва ён да тэмы Беларусі не падыходзіў. Але, на маю думку, чым меней дзяржсакратары ЗША закранаюць тэму Беларусі, тым лепей».


Мілінкевіч: Ня будзе аніякай палёгкі. Гэта важна ведаць Лукашэнку

Лідэр Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

​«Керы дастаткова дасьведчаны палітык, вядомы ў ЗША і ў сьвеце. Але не думаю, што будзе зьмена палітыкі адносна Беларусі. Бо тая, якая праводзіцца сёньня Злучанымі Штатамі, грунтуецца на маральных каштоўнасьцях, на правах чалавека, на свабодах. І ЗША ніколі не адыдуць, не будуць праводзіць так званую рэал-палітык, то бок забудуцца пра палітычныя праблемы, а будуць толькі эканамічна супрацоўнічаць. Адназначна, патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў і для ЗША, і для Эўропы будзе абсалютна неабходнай умовай аднаўленьня адносінаў. Не будзе аніякай палёгкі. Я думаю,што гэта важна ведаць беларускаму ўраду, Аляксандру Лукашэнку, што без вызваленьня палітвязьняў Беларусь усё больш будзе пагружацца ў самаізаляцыю. Трэба вываляць,бо гэта неабходна для будучыні краіны. Таму зьменаў не прадбачу, а палітыка будзе такой самай прынцыповай і на каштоўнасьцях».


Фёдараў: Керы будзе выконваць палітыку Абамы

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Спэцыяліст у галіне міжнародных дачыненьняў Андрэй Фёдараў ня думае, што палітыка Джона Керы будзе істотна адрозьнівацца ад той, якую праводзіла Гілары Клінтан:

«У Амэрыкі ёсьць свае інтарэсы, якія яна будзе праводзіць, зразумела, яна будзе рэагаваць на зьнешнія абставіны, ня будзе ісьці, як ледакол, шмат што будзе залежаць ад агульнай абстаноўкі ў сьвеце, але прынцыповых адрозьненьняў я не чакаю.

Не думаю, што стаўленьне ЗША да Расеі пры Керы стане больш жорсткім, але гэта будзе залежаць ад паводзінаў Масквы, калі яна будзе працягваць рабіць такія жэсты як „антымагніцкі закон“, дык тады хто б ні быў дзяржсакратаром, рэакцыя будзе аднолькавай. Нягледзячы на тое, што ў ЗША дзяржсакратар мае больш паўнамоцтваў, чым наш міністар замежных спраў, але ўсё роўна зьнешнюю палітыку вызначае прэзыдэнт».

Юры Чавусаў: Керы — герой вайны з «Пурпурнымі сэрцамі»

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Калі браць замежнапалітычную лінію ўвогуле, то яна перадвызначаная кіраўніком дзяржавы, і з прыходам Абамы ў Белы дом ЗША кардынальна зьмянілі стаўленьне да праблемных рэжымаў у сьвеце. Палітыка Злучаных Штатаў стала больш гнуткай, больш скіраванай на дыялёг. Гэтая зьмена прыпала на пэрыяд, калі і Беларусь быццам бы была настроеная на ажыцьцяўленьня дыялёгу з Захадам. Хутчэй за ўсё, гэтая лінія знойдзе свой працяг і пры дзяржаўным сакратары Джону Керы, бо прэзыдэнт у ЗША не зьмяніўся ў выніку выбараў».

Палітоляг Чавусаў зазначае, што Керы ў Беларусі ведаюць меней, чым яго папярэдніцу Клінтан. Аднак:

«Постаць героя вайны з мэдалямі „Пурпурнае сэрца“ выклікае вялізную павагу».


Вінцук Вячорка: Керы будзе выконваць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» — гэта закон і прыняты ён быў ад пачатку і потым перапрыняты паводле двухпартыйнага прынцыпу. Гэта значыць, ягонымі ініцыятарамі заўсёды былі прадстаўнік Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый. І калі казаць пра заканадаўчую ўладу, то заўсёды ў камітэтах, структурах адказных за абарону правоў чалавека, якія сочаць за дэмакратыяй у сьвеце, пароўну прадстаўленыя абедзьве партыі. І ў гэтым сэнсе дзяржсакратар, як выканаўчая ўлада, натуральна, ён на гэта будзе зважаць і будзе выконваць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае ня толькі дэклярацыі але і канкрэтныя захады".


Джон Керы пра сытуацыю ў Беларусі

У красавіку 2011 году Джон Керы, выступаючы на паседжаньні Сэнату ЗША наконт падаўжэньня тэрміну дзеяньня «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», заявіў: «Больш за сто дзён прайшло пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка інсцэнізаваў ашуканскія выбары, арыштаваў кандыдатаў, якія пасьмелі балятавацца супраць яго і здушыў доступ беларусаў да свабоднай прэсы і інфармацыі. Нягледзячы на тое, што ўвага міжнародных мэдыяў перамясьцілася да іншых падзеяў, мы не забыліся пра народ Беларусі — і не забудземся. Шматлікія гераічныя асобы дагэтуль марнеюць у турме, бяз доступу да сваіх сем’яў і юрыдычнай дапамогі.

Падаўжаючы пастанову аб дапамозе беларускаму грамадзтву, Злучаныя Штаты робяць, што могуць для спрыяньня свабоднаму абмену ідэямі і альтэрнатыўным лідэрам Беларусі. Беларусы маюць гэткае ж права на самакіраваньне і свабоду выяўленьня, як і іх суседзі. Нельга дазволіць апошняй дыктатуры Эўропы існаваць без адпору».

У 2011 годзе Керы заклікаў да адрасных санкцыяў супраць беларускага рэжыму

У студзені 2011 году The Washington Post надрукавала артыкул Джона Керы (дэмакрат) і незалежнага сэнатара Джо Лібэрмана. Разам яны заклікалі Захад адказаць на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі ў Беларусі адраснымі эканамічна-фінансавымі і візавымі санкцыямі.

«Сытуацыя ў Беларусі патрабуе моцнага і бескампраміснага адказу ад усіх бакоў. Палітзьняволеныя беларускім рэжымам (...) мусяць быць неадкладна вызваленыя, а іх бясьпека гарантаваная», — адзначалі ў тым артыкуле амэрыканскія палітыкі.

«Пакуль ня будзе выразных і адназначных доказаў таго, што беларускае кіраўніцтва сур’ёзна ставіцца да асноўных правоў сваіх грамадзянаў», Джон Керы і Джо Лібэрман прапанавалі наступныя крокі:

«Наш урад і Эўразьвяз мусяць увесьці адрасныя санкцыі, у тым ліку візавую забарону і замарожваньне актываў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў і іх памагатых, адказных за перасьлед і парушэньні правоў чалавека.

Мы настойліва заклікаем Эўразьвяз далучыцца да Злучаных Штатаў у забароне бізнэсу і замарожваньні актываў беларускай дзяржаўнай нафтахімічнай кампаніі „Белнафтахім“, а таксама іншых юрыдычных асобаў, якія ўзбагачаюць Лукашэнку і яго паслугачоў за кошт беларускага народу.

Мы просім Эўразьвяз спыніць праекты, зьвязаныя зь беларускімі ўладамі, і прыпыніць сустрэчы зь беларускімі чыноўнікамі ў рамках Усходняга партнэрства. Мы заклікаем нашых эўрапейскіх партнэраў, каб замест гэтага яны далучыліся да ЗША ў намаганьнях павысіць узаемадзеяньне зь беларускім народам і забясьпечыць больш эфэктыўную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Мы заклікаем іншых сяброў міжнароднай супольнасьці, уключна з Расеяй, прыняць аналягічныя адрасныя дзеяньні супраць беларускага кіраўніцтва».



Джон Керы

Поўнае імя — Джон Форбс Керы (John Forbes Kerry)

Сябра Дэмакратычнай партыі.

Зь вядомай амэрыканскай сям’і Форбс.

Скончыўшы вядомую прыватную школу Institut Montana Zugerberg.

Вучыўся ў Ельскім унівэрсытэце.

Удзельнічаў у выбарчай кампаніі прэзыдэнта Джона Кенэдзі.

Ваяваў у Віетнаме.

З 1985 году малодшы, з 2009 — старэйшы сэнатар ад штата Масачусэтс.

Быў кандыдатам на прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі на выбарах 2004 году, але прайграў Джорджу Бушу-малодшаму.

Да таго, як стаць Дзяржаўным сакратаром ЗША, быў старшынём Сэнацкага камітэта ў замежных дачыненьнях.
XS
SM
MD
LG