Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарэктар ЭГУ: Мы надавалі мала ўвагі беларускай тоеснасьці


Дарыюс Удрыс

Дарыюс Удрыс

Прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па разьвіцьці і міжнародных сувязях Дарыюс Удрыс наведаў Прагу, каб узяць удзел у адкрыцьці выставы «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка». У студыі «Свабоды» спадар Удрыс распавёў, чаму ЭГУ нельга лічыць унівэрсытэтам «для эміграцыі», як узмацніць беларускасьць у навучальнай праграме і чаму выставу пра БНР пакуль што немагчыма паказаць у Беларусі.

Удрыс: Выстава — гэта вынік працы нашых дасьледнікаў, якія знайшлі ў літоўскіх дзяржаўных архівах шэраг дакумэнтаў, датычных стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Сьпярша гэтую выставу наладзілі ў Вільні. Была спроба прывезьці гэтую выставу ў Беларусь, але гэтага не атрымалася. На запрашэньне пасла Чэскай Рэспублікі ў Літве выставу прывезьлі ў Прагу.

РС: Як вы лічыце, ці будзе магчымасьць у блізкай будучыні паказаць выставу ў Беларусі?

Удрыс: Было б цудоўна, але я даволі скептычна гляджу на магчымасьць атрымаць афіцыйны дазвол. У мяне склалася ўражаньне, што цяперашнія ўлады Беларусі ня вельмі добра ўспрымаюць усё, што мае дачыненьне да БНР і што магло б абудзіць у людзях моцнае адчуваньне нацыянальнай тоеснасьці. Выглядае, што яны баяцца, што гэта будзе цяжка кантраляваць. Мы ведаем, што гэты ўрад любіць усё кантраляваць, і, здаецца, яны бачаць пагрозу ў нацыянальным абуджэньні.

РС: Дагэтуль існуе Рада БНР — сымбалічны «урад у выгнаньні». Ваш унівэрсытэт таксама дзейнічае па-за межамі Беларусі. Але некаторыя крытыкі кажуць, што ЭГУ — гэта ўнівэрсытэт «не ў эміграцыі, а для эміграцыі». Якая частка вашых студэнтаў вяртаецца ў Беларусь, а колькі зь іх застаюцца за мяжой?

Нашая галоўная місія — служыць беларускім студэнтам і навукоўцам, якія прыходзяць у ЭГУ, бо ў нас ёсьць акадэмічная свабода.
Удрыс: Я б ня ставіў пытаньне такім чынам, бо нельга казаць, што яны альбо вяртаюцца, альбо губляюцца для Беларусі.

Прыкладна палова студэнтаў, якія вучацца ў Вільні, адразу па заканчэньні вучобы вяртаюцца ў Беларусь. Але тыя, хто не вяртаецца, у большасьці сваёй працягваюць навучаньне ў асьпірантурах. А ў адказ на пытаньне, ці наш унівэрсытэт «у эміграцыі або для эміграцыі», мы падкрэсьліваем, што гэта ўнівэрсытэт для студэнтаў. Нашая задача — даць ім адукацыю, пашырыць іх далягляды, даць ім магчымасьці самаразьвіцьця, але такім чынам, каб захаваць сувязі зь Беларусьсю. Нашая галоўная місія — служыць беларускім студэнтам і навукоўцам, якія прыходзяць у ЭГУ, бо ў нас ёсьць акадэмічная свабода, чаго няма ў іншых беларускіх унівэрсытэтах.

Мы спадзяемся, што нават тыя студэнты, якія не вяртаюцца ў Беларусь, захаваюць сувязі з краінай і сувязі міжсобку. Наш моцны бок у тым, што мы даем беларусам магчымасьць быць разам падчас унівэрсытэцкай адукацыі. У адукацыйных праграмах для беларусаў за мяжой так бывае не заўсёды — некаторыя зь іх прыяжджаюць вучыцца маленькімі групамі ці паасобку, і я ў любым выпадку лічу, што гэта добрая магчымасьць, і ні ў якім разе не выступаю супраць любых формаў дапамогі ў адукацыі беларусаў.

Але ў выпадку ЭГУ перавага ў тым, што мы маем супольнасьць беларускіх студэнтаў. І яны самі кажуць, што шмат у чым наш унівэрсытэт — гэта першае месца, дзе яны адчуваюць да сябе павагу як да беларусаў.

РС: Наколькі вялікі конкурс на паступленьне ў ЭГУ?

Удрыс: Вядома ж, ёсьць конкурс, здаюцца ўступныя экзамэны, і толькі па выніках студэнт атрымлівае права вучобы. У апошнія гады ў нашым унівэрсытэце навучаюцца прыкладна 1800 студэнтаў. Мы не чакаем, што блізкім часам гэтая лічба значна павялічыцца.

Тут ёсьць такі дэмаграфічны фактар — спад нараджальнасьці ў першыя гады пасьля распаду СССР. Таму нам трэба будзе больш працаваць над залучэньнем абітурыентаў. Таксама мы разглядаем магчымасьць прымаць студэнтаў не зь Беларусі, але каб пры гэтым ня трацілася галоўная місія — адукацыя беларускіх студэнтаў.

РС: Але, калі ЭГУ будзе прымаць студэнтаў не зь Беларусі, ці ня зьменіць гэта сутнасьці і мэтаў вашага праекту?

Мы будзем трымацца сваёй місіі і забясьпечваць тое, каб ЭГУ захаваў сваю беларускую тоеснасьць.
Удрыс: Вядома ж, нам трэба быць з гэтым асьцярожнымі, каб ня страціць нашай асноўнай місіі. Але пры гэтым студэнты звычайны выйграюць, калі атрымліваюць магчымасьць кантакту зь людзьмі зь іншых краінаў, зь іншымі меркаваньнямі. Мы ня думаем, што гэта будзе кепска, калі невялікі працэнт студэнтаў будзе зь іншых краінаў. Мы гэта дазваляем і цяпер, але актыўна не займаемся залучэньнем абітурыентаў зь іншых краінаў. Але ў любым выпадку мы будзем трымацца сваёй місіі і забясьпечваць тое, каб ЭГУ захаваў сваю беларускую тоеснасьць.

РС: У апошнія гады ЭГУ сутыкнуўся зь фінансавымі праблемамі — вядуцца нават размовы пра пагрозу існаваньню ўнівэрсытэту ў прынцыпе. Якая цяпер фінансавая сытуацыя ЭГУ?

Удрыс: Дзякуючы адданасьці донараў, якія падтрымліваюць ЭГУ, а гэта больш за тузін урадаў эўрапейскіх дзяржаваў і ЗША, Эўракамісія, Рада міністраў паўночных краінаў і шэраг фундацыяў, пэрспэктывы цяпер выглядаюць даволі добра.

Аднак шмат што з гэтай фінансавай падтрымкі выдзяляецца толькі на адзін год, і рашэньне аб яе працягу мае прымацца штогод. А ўлічваючы фінансавы крызіс, які ахапіў Эўропу і ЗША, мы ня можам быць упэўненыя, што на наступны год будзем мець той самы ўзровень падтрымкі, як сёлета. Для нас гэта праблема, і менавіта таму мы пачалі новую кампанію разьвіцьця, якую я ўзначальваю. Нашая задача — пашырыць падтрымку, залучыўшы болей прыватных фінансавых донараў.

РС: Як бы вы параўналі ўзровень адукацыі ў ЭГУ зь сярэднім узроўнем ва ўнівэрсытэтах краінаў Эўразьвязу і ва ўнівэрсытэтах Беларусі?

Дзякуючы адданасьці донараў, якія падтрымліваюць ЭГУ, пэрспэктывы цяпер выглядаюць даволі добра.
Удрыс: Тыя з нашых студэнтаў, хто пачынаў навучаньне ў беларускіх ВНУ, кажуць, што ім найбольш падабаецца інтэрактыўнасьць, якая характэрная для навучаньня ў ЭГУ, больш сучасны падыход, сучасьнейшыя матэрыялы, тое, што ад цябе не патрабуюць проста паўтараць выкладчыку тыя правільныя адказы, якія ты ад выкладчыка пачуў. Частка навучаньня ў ЭГУ — крытычнае мысьленьне, творчы падыход, адказнасьць. Нашыя студэнты могуць карыстацца акадэмічнай свабодай, чаго няма ў беларускіх унівэрсытэтах. У беларускіх унівэрсытэтах трэба быць вельмі асьцярожным з тым, што ты кажаш, якія пытаньні задаеш і чым ты займаесься. Агулам студэнты задаволеныя ўзроўнем навучаньня ў ЭГУ.

Але пры гэтым мы, вядома ж, не на тым узроўні, як хацелася б. Мы хочам быць узорным унівэрсытэтам для нашага рэгіёну. У наступныя гады мы хочам палепшыць узровень нашай адукацыі, далучыўшы найлепшых выкладчыкаў зь іншых эўрапейскіх унівэрсытэтаў і зь Беларусі, а таксама захаваць нашых найлепшых выкладчыкаў.

Нас чакае шэраг аглядаў, а ў 2014 годзе дзяржаўная акрэдытацыя, якую ў Літве пэрыядычна павінны праходзіць усе вышэйшыя навучальныя ўстановы. Мы сур’ёзна да гэтага рыхтуемся, праводзім унутраную праверку якасьці нашых праграмаў — навучальных і дасьледчыцкіх — і робім захады, каб палепшыць іх якасьць.

РС: ЭГУ ня раз рабілася аб’ектам крытыкі, у тым ліку з боку былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, які назваў ваш унівэрсытэт «фабрыкай дэнацыяналізацыі». Што б вы адказалі тым, хто лічыць, што ЭГУ аддае мала ўвагі беларускай культуры і мове?

Удрыс: Зноўку ж я спашлюся на нашых студэнтаў. Шмат хто зь іх казаў, і для мяне было крыху дзіўна гэта чуць, што ЭГУ — першае месца, калі параўнаць з установамі ў Беларусі, дзе яны сапраўды адчуваюць сябе беларусамі, могуць праяўляць сваю беларускую тоеснасьць і не адчуваць сябе прыніжанымі.

РС: Але ці не падаецца вам, што параўнаньне з установамі ў Беларусі задае надта нізкую планку, калі ўлічыць непрыхільнасьць цяперашняга рэжыму да беларускай культуры і мовы?

Мы спадзяемся знайсьці новыя рэсурсы, каб памацніць беларусазнаўства ў нашым унівэрсытэце. Для гэтага вельмі цяжка знайсьці рэсурсы.
Удрыс: Магчыма, гэта праўда. Вядома ж, нам ёсьць што рабіць, каб надалей узмацніць беларускую тоеснасьць ЭГУ. У мінулыя гады мы былі вельмі сканцэнтраваныя проста на выжываньні і не аддавалі шмат увагі культываваньню беларускай тоеснасьці ва ўнівэрсытэце. Я думаю, мы будзем спрабаваць палепшыць гэтую сытуацыю.

РС: А вы маглі б падзяліцца канкрэтнымі плянамі?

Удрыс: Мы цяпер распрацоўваем абавязковую базавую праграму ўнівэрсытэту (core curriculum), якая грунтуецца на гуманітарных навуках і на міждысцыплінарным падыходзе, паводле якога студэнты павінны атрымаць веды ў шэрагу прадметаў, а ня толькі па сваёй спэцыяльнасьці. Цяпер ва ўнівэрсытэце ідзе дыскусія пра тое, што павінна трапіць у гэтую абавязковую праграму. Я асабіста выступаю за ўзмацненьне яе беларускіх аспэктаў. Па-мойму, вельмі лягічна, каб кожны, хто вучыцца ў ЭГУ, атрымліваў базавыя веды ў шэрагу прадметаў, датычных Беларусі. У нас гэта ўжо ёсьць — мы маем курс «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце эўрапейскай цывілізацыі», а таксама курс «Палітыка Беларусі», якія ўваходзяць у базавую праграму. І, вядома ж, мы маем іншыя навучальныя курсы, датычныя Беларусі, але яны ў базавую праграму не ўваходзяць — людзі самі могуць выбраць, у прыватнасьці, беларусазнаўства.

Мы таксама спадзяемся знайсьці новыя рэсурсы, каб памацніць беларусазнаўства ў нашым унівэрсытэце. Для гэтага вельмі цяжка знайсьці рэсурсы, бо, па-першае, студэнтаў у прынцыпе цяжка заахвоціць да вывучэньня гісторыі, бо яны ня бачаць кар’ерных пэрспэктываў з дыплёмам гісторыка. Гэта праблема ўсіх унівэрсытэтаў, ня толькі ЭГУ. Акрамя таго, тут ідзе гаворка пра нацыянальную гісторыю краіны, якая цяпер, калі так можна сказаць, ня мае моцнай нацыянальнай тоеснасьці. Таму нам трэба гэта абуджаць у студэнтах, а таксама зацікавіць іх прадметам, які ня вельмі папулярны з кар’ерных меркаваньняў. Гэта нялёгкая задача, але мы вельмі хацелі б гэта зрабіць, і мы шукаем дадатковыя рэсурсы, каб гэта ажыцьцявіць.

Дарыюс Удрыс (зьлева) у часе вядзеньня дэбатаў аб вышэйшай адукацыі ў Літве. За сталом — літоўскія палітыкі.

Дарыюс Удрыс (зьлева) у часе вядзеньня дэбатаў аб вышэйшай адукацыі ў Літве. За сталом — літоўскія палітыкі.


РС: Ці можаце вы назваць вашых выпускнікоў, якія зрабілі пасьпяховую кар’еру ў Беларусі ці па-за яе межамі?

Удрыс: Я назаву некалькі нядаўніх прыкладаў — нашая выпускніца стала заснавальніцай газэты «Віцебскі кур’ер», ёсьць выпускнік, які заснаваў у Беларусі фірму, што займаецца мэдычным турызмам, то бо нашыя выпускнікі пасьпяховыя ня толькі ў грамадзянскай супольнасьці, але і ў бізнэсе. Большасьць з нашых выпускнікоў, як і варта было чакаць, працуюць у прыватным сэктары. Што да выпускнікоў у сьвеце, дык адзін зь іх, напрыклад, займаецца касьмічным правам у Нью-Ёрку. Ён здаў адвакацкі іспыт у штаце Нью-Ёрк, што само па сабе дасягненьне, то бо ён здолеў перанесьці ў амэрыканскі кантэкст веды, атрыманыя ў ЭГУ.

РС: Вяртаючыся да пытаньня пра ўнівэрсытэт «у эміграцыі ці для эміграцыі» — ці можна лічыць гэта посьпехам, калі ваш студэнт робіцца пасьпяховым адвакатам у Нью-Ёрку пасьля праграмы, якая ў прынцыпе скіраваная на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі?

Я ня бачу ў большасьці нашых студэнтаў актыўнага жаданьня пакінуць Беларусь назаўжды.
Удрыс: Мы разглядаем посьпех нашых студэнтаў як посьпех для унівэрсытэту. Мы таксама лічым, што яны застануцца ў кантакце праз нашую асацыяцыю выпускнікоў, над умацаваньнем якой мы цяпер працуем. Калі мы хочам мець плён ад дзеяньняў нашых студэнтаў, якія будуюць сваю кар’еру ці ў Беларусі, ці па-за яе межамі, важна падтрымліваць сетку кантактаў паміж імі, якая будзе зьвязваць іх з радзімай. Дарэчы, чалавек у Нью-Ёрку, пра якога я вам сказаў, выказаў жаданьне ўзначаліць нашую асацыяцыю выпускнікоў у ЗША. У нас ня так шмат выпускнікоў у розных частках сьвету. Некаторыя з нашых студэнтаў трапілі ў іншыя ўнівэрсытэты, калі ЭГУ зачынілі ў Менску, і ім не было дзе працягваць адукацыю. Таму яны апынуліся па-за межамі краіны.

Я ня бачу ў большасьці нашых студэнтаў актыўнага жаданьня пакінуць Беларусь назаўжды. Нават тыя, хто не вяртаецца па сканчэньні ўнівэрсытэту, кажуць, што ў пэрспэктыве хацелі б вярнуцца. Але шмат хто зь іх хоча пашырыць свае далягляды, свой прафэсійны досьвед і веды па-за межамі Беларусі. Важна, як я ўжо сказаў, падтрымліваць між імі кантакт, каб іх досьвед стаў рэсурсам для Беларусі, калі прыйдзе час пераменаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG