Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У тумане» паводле Быкава — на фэстывалі ў Гётэборгу


25 студзеня стартуе Гётэборскі міжнародны кінафэстываль — самы буйны кінафорум у краінах Скандынавіі.

Гэтым разам ён будзе доўжыцца да 4 лютага, а ягоная праграма ўключае больш за паўтысячы стужак з 84 краінаў сьвету. Кінапаказы будуць праходзіць у 10 катэгорыях: ад анімацыі да дакумэнталістыкі.

Беларусь у Швэцыі прадстаўлена мастацкім фільмам кінарэжысэра Сяргея Лазьніцы «У тумане» па аднайменнай аповесьці Васіля Быкава. Як удакладнілі арганізатары, драму, экранізаваную ў каапэрацыі з шэрагам краінаў, пакажуць двойчы: 27 студзеня і 2 лютага. Карціну зьнялі ў рэкордныя тэрміны ў Латвіі — за 28 дзён. Яе ўдзельнікі — кінастудыя «Беларусьфільм», MA.JA.DE Fiction (Нямеччына), кампанія «Джы Пі» (Расея), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрлянды), Фонд падтрымкі эўрапейскага кіно Eurimages.

Раней стужка «У тумане» атрымала прэстыжны прыз журы Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы на 65-м Міжнародным кінафэстывалі ў Канах, Гран-пры VI Міжнароднага кінафэстывалю імя Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», прыз «Залаты абрыкос» на IX Міжнародным кінафэстывалі ў Ерэване, узнагароду Адэскага міжнароднага фэстывалю, была адзначаная на XXI фэстывалі кіно краінаў СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі «Кінашок-2012» у Анапе. Летась фільм Сяргея Лазьніцы атрымаў Гран-пры за найлепшы фільм на Менскім міжнародным кінафэстывалі «Лістапад».

Дзеяньне карціны адбываецца ў 1942 годзе ў акупаванай Беларусі. Пуцявога абходчыка Сушчэню ілжыва абвінавачваюць у супрацоўніцтве з акупантамі. Два партызаны прыходзяць на хутар да Сушчэні, каб пакараць яго.

Рэжысэр Сяргей Лазьніца нарадзіўся ў Баранавічах. Апошнія дзесяць гадоў жыве і працуе ў Нямеччыне. Кінасцэнар паводле аповесьці Васіля Быкава быў напісаны яшчэ на пачатку 2000-х, менавіта ім тагачасны рэжысэр-дакумэнталіст хацеў дэбютаваць у ігравым кіно. Права на пастаноўку атрымаў незадоўга да сьмерці Быкава.
XS
SM
MD
LG