Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 10-даляравай страхоўкі ўдовы загінулых лётчыкаў адмовіліся


У цэнтры Анатоль Матошка, справа ад яго — штурман Сяргей Казлоў, крайні зьлева — пілёт Сяргей Лысаіванаў
У цэнтры Анатоль Матошка, справа ад яго — штурман Сяргей Казлоў, крайні зьлева — пілёт Сяргей Лысаіванаў

Стала вядомая праўда пра зьбіты ў Шры-Ланцы ў верасьні 1998 году беларускі самалёт «Ан-24». Шрыланкійскі тэрарыст прызнаўся, што выпусьціў па ім ракету. Пілятавалі паветранае судна лётчыкі Гомельскага авіяатраду.

У невялікай двухпакаёўцы панэльнага дома ў рабочым мікрараёне «Гомсельмаш» гутарым з жонкай камандзіра экіпажа Анатоля Матошкі спадарыняй Зояй. Пасьля авіякатастрофы ў Шры-Ланцы яна мусіла памяняць жытло — пераехаць у меншую кватэру:

«У нас была трохпакаёвая кватэра ў 9-павярховым доме на Сельмашы. Я пачала рамонт, парадкаваць яе — думала, вернецца. Калі ўсё гэта здарылася, у мяне моцна пахіснулася здароўе. Я не магла на пазытыве працаваць далей у касмэтычнай фірме. Матэрыяльна стала цяжка, і я зразумела, што трохпакаёўку мне будзе цяжка аплочваць».

У Зоі з Анатолем гэта быў другі шлюб. Сумесных дзяцей у іх не было. Зоя Ўладзіміраўна кажа, што муж у 1998 годзе другі раз выправіўся на працу ў Шры-Ланку. Там жа працаваў і другі гомельскі экіпаж пад кіраўніцтвам камандзіра Казючыца. Людзі, па сутнасьці, паляцелі ў пекла. У Гомелі першаклясныя лётчыкі не маглі толкам зарабіць. Нават разгружалі самалёты, каб мець нейкія 30–40 даляраў.

Зоя: «Афіцыйна ў той момант ніхто не гаварыў пра тое, што там ішлі баі. Усе заяўлялі: там стабільная сытуацыя».

Гомельскі самалёт баявік падбіў, калі той выконваў рэйс з Джафны ў Каломба. Апрача камандзіра Матошкі, загінулі тры Сяргеі: другі пілёт Сяргей Лысаіванаў, штурман Сяргей Казлоў і бортмэханік Сяргей Анапрыенка, а таксама 48 пасажыраў.

Камандзір экіпажу Анатоль Матошка
Камандзір экіпажу Анатоль Матошка
Доўгі час родныя гомельскіх лётчыкаў не маглі наагул даведацца, што здарылася на далёкім востраве ў Індыйскім акіяне. Зьвярталіся ў гомельскі лётны атрад, «Белавія», Міністэрства замежных спраў, амбасаду Шры-Ланкі, адміністрацыю прэзыдэнта:

«Мы дамагаліся, каб афіцыйна кіраўніцтвам, урадам былі дадзеныя зьвесткі пра тое, што здарылася з самалётам, што адбылося зь людзьмі. Гэта ня проста нашыя мужыкі — гэта людзі, грамадзяне дзяржавы. Цягам столькіх гадоў нам так нічога й не паведамілі».

Праз суд сваякі дамагліся, каб лётчыкаў прызналі загінулымі. А калі дайшла справа да выплаты праз страхавую кампанію належнай у такіх выпадках кампэнсацыі, то жонак і дзяцей загіблых проста прынізілі: прапанавалі суму, эквівалентную 10 далярам. І яны адмовіліся ад такой выплаты.

Сваякі загінулых самі даведаліся, што кіеўская авіяцыйная кампанія, празь якую «Гомельавія» накіроўвала экіпажы з самалётамі ў Шры-Ланку на працу ў тамтэйшую прыватную кампанію Lionair, нібыта мела са шрыланкійскім бокам страхавыя дамовы ў дачыненьні да лётчыкаў. Жонкі загінулых гомельскіх лётчыкаў пачалі зьбіраць дакумэнты, каб даслаць іх ва Ўкраіну. Але з гэтых высілкаў таксама нічога ня выйшла:
Ня ведаю, куды яны выпарыліся, зьмянілі тэлефоны.

«Ня ведаю, куды яны выпарыліся, зьмянілі тэлефоны. Але іх проста ня стала. І ўсе гэтыя дакумэнты з усімі страхоўкамі ў нас засталіся на руках пустым грузам».

У другога пілёта Сяргея Лысаіванава й бортмэханіка Сяргея Анапрыенкі заставаліся на той час па двое малых дзяцей. Дапамогу на іх ад авіякампанія дала проста адчэпнага. Удовам лётчыкаў спатрэбілася нямала высілкаў, каб гадаваць іх, вучыць.

Жонка аднага з чальцоў загінулага экіпажу ўдакладніла: «Калі мы гадавалі адны дзяцей без мужоў, ніхто нам на дапамогу не прыйшоў. Пэнсію плацілі ад «Гомельавія» 60 ці 50 тысяч на той час, я ўжо добра й ня памятаю колькі. Але гэта былі мізэрныя грошы».

Адзінае, што здолела годна зрабіць кампанія «Гомельавія» для загінулых у Шры-Ланцы чатырох лётчыкаў — гэта паставіць ім абэліск на гарадзкіх могілках у Асаўцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG