Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаткавікі склалі «чорны сьпіс» прадпрымальнікаў


Міністэрства падаткаў і збораў пачало зьмяшчаць у інтэрнэце сьпісы фірмаў і прозьвішчы індывідуальных прадпрымальнікаў з «рызыкоўнай рэпутацыяй». Меркаваньні наконт неабходнасьці такіх сьпісаў сярод бізнэсоўцаў разыходзяцца.

Сьпіс толькі пачалі друкаваць, а ў ім ужо 93 радкі з прозьвішчамі і назвамі фірмаў. Прыватнае гандлёвае прадпрыемства «Манкар», «Комбіхтрэйд», «Квартабел», «ІрбасСэрвіч» ды іншыя. Ёсьць у сьпісе і прозьвішчы прадпрымальнікаў. Рашчынскі, Курачкін, яшчэ 14 прозьвішчаў.

Знаходжу ў базе тэлефонаў нумары мабільнікаў на прозьвішча Рашчынскі. Аднак абодва нумары маўчаць. Беспасьпяховым быў і пошук фірмаў, занесеных у сьпіс «рызыкоўных». Прыкладам, на тэлефоне, які быў пазначаны як нумар фірмы «Белнаркамед», адказалі, што такой фірмы тут ужо няма:

«„Белнаркамеду“ не існуе ўжо, напэўна, гадоў шэсьць. Фірма расфармаваная, яна не працуе».

З «рызыкоўных» фірмаў, чые каардынаты знайшліся ў інтэрнэце, усе гэткія самыя — даўно не працуюць.

У Міністэрстве падаткаў і збораў кажуць, што публікаваць сьпіс неабходна найперш дзеля саміх жа прадпрымальнікаў — каб ведалі, з кім нельга мець справу. Сьпіс адпаведна і называецца — «Рэестар камэрцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў з павышанай рызыкай зьдзяйсьненьня правапарушэньняў у эканамічнай сфэры».

Заснаваны рэестар паводле 488-га ўказу Аляксандра Лукашэнкі, які ўступіў у сілу з 1 студзеня. Парушэньне хоць аднаго з пунктаў гэтага ўказу і служыць падставай, каб занесьці прадпрымальніка ці фірму ў «чорны сьпіс». Парушэньні розныя: ад ухіленьня ад сплаты падаткаў да перадачы дакумэнтаў, пячаткі ці блянкаў асобе, якая ня мае права займацца прадпрымальніцтвам.

Прэсавы сакратар Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Шкут удакладняе, што для ўключэньня ў рэестар мала волі чыноўнікаў:

«Чаму яны мусяць быць унесеныя ў сьпіс? Пры наяўнасьці аднае ці больш падстаў. Законная сіла прысуду суду, прыкладам, які ўстанавіў прыкметы ілжэпрадпрымальніцтва».

Уключаць у сьпіс «рызыкоўных» будуць цягам 15 дзён пасьля паведамленьня будучаму фігуранту сьпісу. Калі ж цягам 10 дзён ад яго паступяць пярэчаньні, то працэдура расьцягнецца да 20 працоўных дзён. А вось выйсьці з «чорнага сьпісу» можна будзе толькі падаўшы хадайніцтва і пры ўмове выпраўленьня недахопаў.

Паводле Сяргея Шкута, на сёньня яшчэ ніводзін фігурант «чорнага сьпісу» не спрабаваў перапыніць зьмяшчэньне яго ў гэты сьпіс.

Прадпрымальнік Аляксандар мае інтэрнэт-краму. Аляксандар вітае новаўвядзеньне, якое, на яго думку, будзе спрыяць больш сумленнаму бізнэсу:
Але калі б яны ў той сьпіс яшчэ і дзяржаўныя структуры ўключылі, якія таксама сядзяць на картатэцы…

«Як на мяне, гэта правільна. Хай глядзяць, бачаць, што нас няма ў гэтым сьпісе, і да нас будуць зьвяртацца, калі нас няма ў гэтым сьпісе. А калі будзем у такім сьпісе — значыць, нешта ў нас ня тое. Там, можа, фірма сядзіць на картатэцы як даўжнік, іх пакупнік будзе ім грошы пераводзіць, а тавару не атрымае, бо ўсё зьесьць картатэка. Каб такога не было — гэта добра. Але калі б яны ў той сьпіс яшчэ і дзяржаўныя структуры ўключылі, якія таксама сядзяць на картатэцы…».

Паводле лідэра прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Аляксандра Шумчанкі, дзяржава збольшага адмоўна ставіцца да прадпрымальнікаў, і кожны зь іх можа апынуцца ў такім сьпісе штучна:

«Калі яны кажуць: ідзіце адкрывайце бізнэс, а потым на гэты бізнэс прыходзяць дзесяць ратоў, якія зьдзіраюць зь яго тры скуры… Давайце тады, каб усё было сумленна і адкрыта — тады трэба ў два бакі ўводзіць сьпісы. Таму мяркую, што ніхто да такога сьпісу сур’ёзна не паставіцца. Як працавалі, гэтак і будуць працаваць, без узгадненьня зь нейкім сьпісам. Вядома, у цывілізаванай краіне, дзе ціск на бізнэс быў бы рэдкасьцю, такі сьпіс меў бы значэньне. Але ў нас усю краіну можна запісаць пры жаданьні ў такі сьпіс».

Паводле прадстаўніка Міністэрства падаткаў і збораў, дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы ня будуць трапляць у рэестар «рызыкоўных», бо «за імі ёсьць іншыя рычагі кантролю».
XS
SM
MD
LG