Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найвялікшы запавет Каліноўскага


http://www.youtube.com/embed/CsN2pkusFMg

23 студзеня ў эфір выйшаў выпуск «Свабоды бяз гальштукаў», прысьвечаны асобе і дзейнасьці Кастуся Каліноўскага. Перадача выклікала розгалас. Прапануем тэкставую вэрсію дыскусіі.

Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Добры дзень! У ноч на 23 студзеня 1863 году, роўна 150 гадоў таму, на землях Беларусі, Літвы і Польшчы пачалося паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага супраць Расеі.

Кастуся Каліноўскага як найвялікшага нацыянальнага героя шанавалі і ўлады, і эліты падчас камуністычнага рэжыму. Аднак апошнім часам у Беларусі зьявілася тэндэнцыя да замоўчваньня ролі Кастуся Каліноўскага і нават дэгераізацыі ягонай асобы. Больш за тое, узьнікла спроба рэвізіі гэтага паўстаньня, здавалася б, ужо вывучанага.

Сёньня ўжо ёсьць людзі, якія хочуць выставіць Каліноўскага ня проста як кіраўніка ўласна беларускага паўстаньня, героя, а як кіраўніка польскага паўстаньня і, больш за тое, як тэрарыста, які нават ненавідзеў беларукі народ. Дык чым Каліноўскі, нацыянальны герой, не дагадзіў сучаснаму беларускаму рэжыму? І ці ёсьць Каліноўскі нашым — і паводле паходжаньня, і паводле вынікаў ягонай дзейнасьці, і паводле нашай патрэбы ў гэтым героі?

Пра Каліноўскага і нас, сучасных беларусаў, мы і пагаворым сёньня ў новай перадачы «Свабода бяз гальштукаў» з журналістам і гісторыкам Сяргеем Абламейкам, а таксама палітолягам Уладзімерам Падголам.

Сяргей, пытаньне вам: Каліноўскі наш ці ня наш, і прынцыпова — чаму?

Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка: Безумоўна наш, Вячаслаў. Кастусь Каліноўскі — стваральнік беларускай нацыянальнай ідэі, пачынальнік яе, гэта наш першы герой. Ён стварыў беларускую журналістыку, беларускую выдавецкую справу. Ён фактычна стварыў нацыянальную мову. Ён — паэт. У яго вельмі шмат якасьцяў, якія выносяць яго ў першыя шэрагі беларускага пантэону. Я б сказаў, што Скарына і Каліноўскі — дзьве галоўныя постаці гэтага пантэону, больш ніхто побач зь імі не стаіць.

Уладзімер Падгол: Я лічу, што Каліноўскі патэнцыйна наш. Для беларускіх нацыянальных элітаў ён наш. Калі казаць пра ўвесь беларускі народ, дык Каліноўскі — гэта яйка, і ён знаходзіцца ў гэтым яйку, і ці вылупіцца нацыянальны герой, ці не — для масавай сьвядомасьці — гэта залежыць ад таго, як мы яго выседзім ці ня выседзім.

Вячаслаў Ракіцкі: На сайце нашага радыё цяпер праводзіцца апытаньне: «Чаму ўлады не сьвяткуюць урачыста 150-я ўгодкаў паўстаньня Каліноўскага?». Каля 75 працэнтаў нашай аўдыторыі лічаць прычынай тое, што гэта паўстаньне было супраць расейскай улады, каля 20 працэнтаў адказалі, што прычына — увогуле прынцыповае адмаўленьне ўладаю любых паўстаньняў.

Уладзімер, з вашага гледзішча, чаму ўлады ўхіліліся ад сьвяткаваньня ў той час, калі сьвяткуюць у Польшчы, у Літве? Мы ведаем, што гэтае сьвята адзначалася ўчора на ўзроўні прэзыдэнта Польшчы.

Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол: Асабіста я бачу тут некалькі прычынаў. Па-першае, калі раптам Лукашэнка на ўсю Беларусь адсьвяткуе гэтае сьвята, «Лісты з-пад шыбеніцы» Каліноўскага (а яны вывучаюцца нават у школе) прагучаць ува ўсіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, — а там абсалютна антымаскоўскі тэкст: «Бяры сякеру і сячы гэтых маскалёў». І ўсё — танных нафты і газу больш ня будзе.

Па-другое, на 2015 год прызначана зьнішчэньне палітычнай незалежнасьці Беларусі — утварэньне Эўразійскага саюзу. У ім наднацыянальны парлямэнт з законамі наўпроставага дзеяньня. Сёньня мы маем страчаную эканамічную незалежнасьць (за кошт Эўразійскага мытнага хаўрусу), а 2015 год — канец нашай палітычнай незалежнасьці. Калі адсьвяткаваць гэтую падзею на дзяржаўным узроўні, тады ў 2015 годзе могуць паўстаць дзясяткі Каліноўскіх, і яны могуць сарваць пляны інтэгратараў.

Вячаслаў Ракіцкі: З гэтага адказу натуральна паўстае яшчэ адно пытаньне. У сёньняшняй рэвізіі паўстаньня Каліноўскага мы можам прачытаць, што Мураўёў (вешальнік, кат, які крывава задушыў гэтае паўстаньне) ужо ледзь не герой. Між іншым, у Зьмітрака Бядулі ў адным зь віленскіх вершаў ёсьць вельмі трапная характарыстыка Мураўёву: «фабрыкант вяровачных гальштукаў».

Сяргей, хто яны — сучасныя фабрыканты найноўшых поглядаў на антырасейскае паўстаньне Каліноўскага? Чаму яны так робяць? Яны выконваюць замову ўлады ці тут нейкія іншыя матывы? Чаму Каліноўскага зрабілі палякам? Ці ёсьць для гэтага падставы?

Сяргей Абламейка: Гэта «новыя старыя» людзі, і яны зноў пакліканыя да жыцьця той геапалітычнай сытуацыяй, у якой знаходзіцца Беларусь цяпер.

Найперш супраць Каліноўскага выступаюць заходнярусы: гэта тыя, хто выступае за кантроль Расеі над Беларусьсю, прыхільнікі трыадзінага рускага народу, які складаецца зь беларусаў, украінцаў і ўласна расейцаў. Гістарычна закіды Каліноўскаму сёньня выстаўляюцца двух тыпаў: адны кажуць, што гэта быў паляк (толькі паляк) і кіраўнік польскага паўстаньня, другія кажуць, што гэта савецкі камуністычны міт, які быў створаны камуністамі.

На гэта можна адказаць так: паўстаньне 1863 году вельмі добра вывучана як польскімі, так і савецкімі навукоўцамі. Выйшлі дзясяткі манаграфіяў, прысьвечаных гэтаму паўстаньню. Калі б мы хацелі сёньня падаць беларускі пункт гледжаньня, ня трэба нават вывучаць нічога і корпацца ў архівах: усё апублікавана і вывучана, толькі трэба даць беларускую трактоўку гэтаму паўстаньню, толькі выбраць тое, што адносіцца да нас і нашай тэрыторыі.

Зразумела, што ён быў не незалежнік: ён бачыў будучыню Беларусі ў аўтаноміі з Польшчай, — дык так і ў Радзе БНР былі аўтанамісты, якія бачылі будучыню Беларусі ў складзе Расеі. Але зь яго ліцьвінскага сэпаратызму і беларускай (ліцьвінскай) публіцыстыкі вырасла наша нацыянальная ідэя і як бы наноў гістарычна нарадзіўся наш народ.

Насамрэч гістарычных аргумэнтаў у заходнярусаў практычна няма. Яны кажуць: «Ён выдаваў польскі друк — ён быў палякам». Так, сапраўды Каліноўскі выдаваў дзьве польскія газэты і адну беларускую. У 1983 годзе я апублікаваў па-расейску ў газэце «Знамя юности» сваё першае апавяданьне, пасьля яшчэ былі публікацыі па-расейску. Сёньня пры жаданьні можна сказаць, што Абламейка — расейска-беларускі літаратар ці журналіст, або можна сказаць і так: ён прайдзісьвет, які хаваецца пад маскай беларуса, а насамрэч — расеец. Так вось заходнярусы сёньня кажуць і пра Каліноўскага.

Насамрэч, вядома, Каліноўскі быў сэпаратыстам. Гэта даказалі дасьледнікі. Ён на пэўным этапе паўстаньня перастаў выконваць указаньні Варшаўскага цэнтру. І ў сваёй беларускамоўнай публіцыстыцы ён даў бліскучыя прыклады нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, напрыклад, калі сказаў: «Горка пакінуць родную зямельку і цябе, мой дарагі народзе». Так што падставаў казаць, што ён быў палякам, няма. Зразумела, што ён быў не незалежнік: ён бачыў будучыню Беларусі ў аўтаноміі з Польшчай, — дык так і ў Радзе БНР былі аўтанамісты, якія бачылі будучыню Беларусі ў складзе Расеі. Але зь яго ліцьвінскага сэпаратызму і беларускай (ліцьвінскай) публіцыстыкі вырасла наша нацыянальная ідэя і як бы наноў гістарычна нарадзіўся наш народ.

Вячаслаў Ракіцкі: А зараз, Сяргей, пра другі аргумэнт у дэгераізацыі Каліноўскага як нацыянальнага героя. На гэта, дарэчы, зьвярнуў увагу адзін з чытачоў нашага сайту, які напісаў: «Як патлумачыць наяўнасьць у Менску з савецкіх часоў вуліцы імя Кастуся Каліноўскага?» (А вуліцы Каліноўскага ёсьць шмат у якіх гарадах Беларусі.) Ці не «саветы», камуністы міталягізавалі Каліноўскага як героя ў нейкіх сваіх мэтах?

Сяргей Абламейка: Зразумела, менавіта ў сваіх пэўных мэтах яны не міталягізавалі яго, але выкарысталі. Мы павінны добра ўсьведамляць сабе, што калі ў дваццатыя гады ствараліся савецкія камуністычныя вэрсіі гісторыі, дык ім патрэбныя былі такія людзі, як Каліноўскі. Бальшавікам былі патрэбныя слаўныя папярэднікі. Так яны выкарысталі «дзекабрыстаў». Так выкарысталі і паўстанцаў
Камуністы абвясьцілі паўстанцаў амаль сацыялістамі, але адначасова цалкам схавалі нацыянальную сутнасьць, нацыянальны бок дзейнасьці Каліноўскага. «Лісты з-пад шыбеніцы» і «Мужыцкая праўда» пры камуністах, за савецкім часам былі засакрэчаныя і схаваныя ў спэцхраны. Яны былі апублікаваныя толькі ў канцы васьмідзясятых гадоў, калі пачалася перабудова.

Каліноўскага. Трэба ведаць, што ўсе дакумэнты, якія датычыліся гэтага паўстаньня, захоўваліся ў партыйных архівах (напрыклад, у Варшаве ўсе дакумэнты ляжалі ў архіве ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі). Камуністы з паўстанцаў зрабілі рэвалюцыйных дэмакратаў, пачынальнікаў сацыял-дэмакратызму і сацыялізму. Каліноўскі для іх быў найперш і толькі «змагаром з самадзяржаўем».

Камуністы абвясьцілі паўстанцаў амаль сацыялістамі, але адначасова цалкам схавалі нацыянальную сутнасьць, нацыянальны бок дзейнасьці Каліноўскага. «Лісты з-пад шыбеніцы» і «Мужыцкая праўда» пры камуністах, за савецкім часам былі засакрэчаныя і схаваныя ў спэцхраны. Яны былі апублікаваныя толькі ў канцы васьмідзясятых гадоў, калі пачалася перабудова. Такім чынам, яны зрабілі з Каліноўскага ледзь не сацыяліста і барацьбіта за народнае шчасьце, але цалкам схавалі нацыянальны і антырасейскі аспэкт яго дзейнасьці. Натуральна, быў схаваны і канфэсійны бок яго палымянай публіцыстыкі. Цэлы шосты нумар «Мужыцкай праўды» быў, як вядома, прысьвечаны адраджэньню ўніяцкай царквы.

Вячаслаў Ракіцкі: Нашы рэгіянальныя карэспандэнты правялі ў розных гарадох Беларусі апытаньне людзей (што цікава, менавіта на вуліцах імя Каліноўскага), што яны ведаюць пра Каліноўскага, хто ён такі. І трэба сказаць, што людзі маюць вельмі цьмянае ўяўленьне пра гэтага героя. Чаму гераічнае імя Каліноўскага не ўвайшло шырока ва ўсьведамленьне сучасных беларусаў?

Гэты ўчынак — вельмі страшны для ўладатрымцаў, бо, крый Божа, зьявяцца сотні такіх Каліноўскіх, якія, ахвяруючы сваім жыцьцём, будуць змагацца за нацыянальную дэмакратычную дзяржаву.
Уладзімер Падгол: Каліноўскі пайшоў з жыцьця, не пісаў прашэньняў аб памілаваньні цару. У сваім «Лісьце з-пад шыбеніцы» ён кажа яшчэ і пра Бога: для яго жыцьцё на гэтым сьвеце ня скончылася, яно — вечнае, ён жывы ў Богу. Вось гэты ўчынак — ён вельмі страшны для ўладатрымцаў, бо, крый Божа, зьявяцца сотні такіх Каліноўскіх, якія, ахвяруючы сваім жыцьцём, будуць змагацца за нацыянальную дэмакратычную дзяржаву. Гэта вельмі проста.

Вячаслаў Ракіцкі: Вернемся зноў да крытыкаў асобы Каліноўскага. Цяпер мне хацелася б засяродзіць увагу на той крытыцы, якая даволі часта гучыць з вуснаў сьвядомых беларусаў, патрыётаў.

Контравэрсійныя погляды існуюць, і часам можна нават пачуць, што менавіта паўстаньне Каліноўскага шмат у чым замарудзіла эвалюцыю разьвіцьця Беларусі. З другога боку, мы чуем, што ён — сапраўды вястун беларускага нацыяналізму, і я, напрыклад, глыбока перакананы, што ад яго пачалася вось гэтая эра нацыянальнай сьвядомасьці. Той жа Францішак Багушэвіч — гэта ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага.

Сяргей, як бы вы адказалі беларускім патрыётам, якія таксама ставяць пад сумнеў гераічную гістарычную постаць Каліноўскага.

Сяргей Абламейка: 14 год таму, у 1998 годзе, у двух сваіх перадачах я гутарыў пра гэта з Паўлам Церашковічам і з Алегам Латышонкам. Абодва сказалі, што гісторыя Беларусі пайшла б значна больш шпарка і Беларусь была б больш нацыянальнай, калі б паўстаньня не было. Так лічыў Павал Церашковіч, так лічыў і Алег Латышонак. Казалі нават, што назвы «Беларусь» магло б ня быць.

Гэта прыемна чуць, чытаць і на гэтую тэму разважаць, аднак я глыбока перакананы, што так бы не было, таму што рэпрэсіі супраць беларускіх дзеячоў пачаліся задоўга да паўстаньня. Напрыклад, беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» Дуніна-Марцінкевіча быў забаронены задоўга да паўстаньня. Гісторыя пайшла так, як яна пайшла. І менавіта Кастусь Каліноўскі даў нам шмат з таго, на што ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя мы яшчэ не спадзяваліся. Яшчэ не было новай літаратурнай беларускай мовы. Ён яе фактычна ствараў. Пачытайце, параўнайце яго тэксты «Мужыцкай праўды» і «Лісты з-пад шыбеніцы» з тагачаснымі тэкстамі Дуніна-Марцінкевіча. Бяру на сябе сьмеласьць сьцьвярджаць, што ў Каліноўскага больш дасканалыя тэксты: зь літаратурнага, з моўнага пункту гледжаньня. Ён фактычна даў прыклад першай літаратурнай мовы, яе літаратурнай нормы.

сакрэтны «Западный комитет», які існаваў у структуры ўлады Расейскай імпэрыі і які ставіў перад сабой мэту абрусеньня заходніх губэрняў, быў створаны ў 1862 годзе, яшчэ да паўстаньня, і няўхільна выконваў свой плян абрусеньня Беларусі — і да паўстаньня, і пасьля яго. А ўніяцкая царква, як вядома, была ліквідаваная за 24 гады да паўстаньня.

Яго ліцьвінскі сэпаратызм, яго нацыянальная самаідэнтыфікацыя, якая праявілася ў «Лістах з-пад шыбеніцы», выліліся ў БНР, у нацыяналізм БНР і, урэшце, у стварэньне нашай дзяржаўнасьці. Інакш мы не маглі, бо Расея цалкам кантралявала сытуацыю ў Беларусі: і да паўстаньня, і пасьля паўстаньня яны хацелі зрабіць з нас расейцаў. Вось вам яшчэ адзін факт: той сакрэтны «Западный комитет», які існаваў у структуры ўлады Расейскай імпэрыі і які ставіў перад сабой мэту абрусеньня заходніх губэрняў, быў створаны ў 1862 годзе, яшчэ да паўстаньня, і няўхільна выконваў свой плян абрусеньня Беларусі — і да паўстаньня, і пасьля яго. А ўніяцкая царква, як вядома, была ліквідаваная за 24 гады да паўстаньня.

І апошняе. Калі разважаць пра інтэрпрэтацыі гісторыі, дык трэба ведаць, што існуюць і іншыя вэрсіі. Напрыклад, наш славуты гісторык прафэсар Доўнар-Запольскі лічыў дзейнасьць Мураўёва, які душыў паўстаньне і пасьля паўстаньня кіраваў Беларусьсю, пазытыўнай. Ён лічыў, што Мураўёў вызваліў Беларусь ад польскага элемэнту, ад польскага ўплыву.

Можна разважаць аб тым, што было б, але тое, што было насамрэч — гэта гераічная і прыгожая старонка нашай гісторыі.

Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер давайце пагаворым пра тое, якія ўрокі мы маглі б узяць ад Каліноўскага. Уладзімер, што са спадчыны Каліноўскага трэба было б узяць і сучасным беларускім асьветнікам, і, так бы мовіць, рэвалюцыянэрам (апазыцыйным палітыкам)?

Уладзімер Падгол: Так здарылася, што гэта 150-годзьдзе паўстаньня, і маральны подзьвіг Каліноўскага замкнуў — як быццам і не было гэтых 150 год — трапіў у 2013 год, паміж прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 і 2015 гадоў. І вось ён, Каліноўскі, тут, побач, цяпер. Гэта вельмі цікавая псыхалягічная часавая сытуацыя. Ягоны ўчынак дазваляе цяпер — як узор, як матрыца — прапусьціць усіх былых экс-кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі праз гэты ўчынак, а таксама стаць той плятформай, той матрыцай, тым фільтрам, празь які нам трэба прафільтраваць галавой будучых кандыдатаў у прэзыдэнты на 2015 год. Бо калі нават усе адмовяцца ад выбараў, узор Каліноўскага мусіць быць узорам для дзеяў апазыцыйных лідэраў.

Вось так нечакана ўчынак, якому 150 год, проста па часе трапіў у нашу сытуацыю, і — хочуць гэтага нашы палітычныя актывісты, лідэры грамадзянскай думкі ці не — на іх гэтая матрыца Каліноўскага ўжо накладваецца (сьвядома, непадсьвядома). Цягам адзначэньня гэтых падзеяў, цягам інтэрнэт-дыктоўкі гэта будзе вельмі яскрава відаць.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, чым асоба Каліноўскага можа быць важнай для наступных пакаленьняў, для беларускай будучыні?

Сяргей Абламейка: Я лічу, што Каліноўскі ў «Лістах з-пад шыбеніцы» пакінуў найважнейшы палітычны запавет наступным пакаленьням, які і сёньня, праз 150 год, усё яшчэ актуальны. Я вельмі люблю радкі аднаго зь лістоў і з вашага дазволу працытую:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе». Гэта — найвялікшы палітычны запавет Каліноўскага ўсім наступным пакаленьням.

«З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду. (...) Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе».

І сёньня Расея ўсё яшчэ кантралюе Беларусь, і сёньня яшчэ беларусы маюць гэтую праблему: краіна стаіць перад пагрозай русіфікацыі і ўступленьня ў склад Расеі... І гэты запавет застаецца актуальным. Гэта, яшчэ раз кажу, — найвялікшы палітычны запавет Каліноўскага ўсім наступным пакаленьням.

Вячаслаў Ракіцкі: Уладзімер, ці маглі б і вы працытаваць вашу самую любімую думку Каліноўскага, вашу самую ўлюбёную цытату. Які б мэсыдж ад Каліноўскага вы паслалі б у будучыню?

Уладзімер Падгол: Я б хацеў сказаць, што ня словы — галоўнае ў Каліноўскага. Увесь ухіл нашай перадачы і ўсяго, што я чытаю, гэта словы, словы, словы. Не. Галоўнае — учынак Каліноўскага. Гэта ахвяра сваім жыцьцём.

Я б хацеў сказаць, што ня словы — галоўнае ў Каліноўскага. Галоўнае — учынак Каліноўскага. Гэта ахвяра сваім жыцьцём.
Каліноўскі па сутнасьці стаў беларускім Сакратам. Сакрата незаконна асудзілі і прымусілі яго зрабіць выбар: альбо ён выпівае чашу цыкуты і памірае (і ён гэта зрабіў), ці, як сказалі яго вучні, «бяжы!». Ён сьвядома пайшоў на сьмерць, і пасьля сьмерці Сакрата адбыўся пераварот і скінулі тыранаў у той Старажытнай Грэцыі, дзе жыў Сакрат. Каліноўскі зрабіў тое ж самае, але на той час ягоны ўчынак яшчэ ня мог мець такога рэзанансу, які рэзананс можа быць сёньня.

Для мяне галоўнае сёньня і ў 2015 годзе — гэта дзея, якую ён зьдзейсьніў. Ахвяраваньне сваім жыцьцём, а не прашэньне аб памілаваньні. Вось гэта — галоўнае, што ён даў нам.

Вячаслаў Ракіцкі: Дзякуй, Уладзімер. Я са свайго боку хацеў пажадаць і сучасным фабрыкантам фальсыфікацыяў, і сучасным уладам, і патрыётам — усім беларусам — задумацца над такімі словамі Каліноўскага: «Няма ж, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG