Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Каліноўскі – першы заступнік за беларускае слова, веру і незалежнасьць нашага Краю – стаў нацыянальным героем не ад таго, што так пастанавілі Рада БНР або ЦК КПБ. Ягоны вобраз Вялікага Справядлівага паклаўся на беларускую душу, куды б скіраванаю яна ні была. Яго прынялі і камуністы і нацыяналісты і проста беларускія людзі. У цяперашніх свабодаўскіх вулічных апытаньнях па ўсёй Беларусі ўражвае дакладнасьць таго, як яго ведаюць людзі. Паэт і пісьменьнік? Сапраўды, яго творы ёсьць у літаратурных анталёгіях. Партызан, рэвалюцыянэр, апазыцыянэр? Хто ж спрачаецца. Асьветнік, герой... Амаль нішто ня «міма».

У мінулую вайну савецкі партызанскі атрад імя Каліноўскага мог спаліць вясковую школку толькі за тое, што настаўнік выкладае дзеткам зьмест «Мужыцкае праўды»: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе»...

Мноства вядомых вершаў, раманы і нават пачатак беларускага кінэматографу – пра яго.

Супраць яго, прызнанага беларусамі ўсіх адценьняў, веравызнаньняў і палітычных поглядаў, можа быць толькі небеларус, толькі нехта з-за межаў нацыі, чужынец. Як той масквіч, што фундаваў у Менску эрпэцэшную царкву на вуліцы Каліноўскага і назву вуліцы патрабаваў зьмяніць. Улады знайшлі кампраміс (не замахнуліся на імя Справядлівага) – перайменавалі толькі частку вуліцы з гэтай самай царквою.

Каліноўскага нельга не любіць, калі ты беларус. Гэтае імя мацнейшае за кожны іншы знак нашае тоеснасьці. У Беларусі ўсе ад вясковай бабулькі да экзальтаванага сталічнага школьніка, ад бамжа да пасьпяховага бізнэсоўца, ад рэжымнага чыноўніка да дысыдэнта скажуць табе, што Каліноўскі – наш.

Што хаваецца за гэтым фэномэнам? Думаю, глыбока схаваная ў душы ўзаемнасьць.

Выпускнік Пецярбурскага ўнівэрсытэту вяртаецца на радзіму і становіцца лідэрам «польскага» паўстаньня ў сваім краі. Выдае першую беларускамоўную газэту. Шукае паразуменьня з простым народам. Ані каліва няшчырасьці або «прагматызму». І – што б ні гігікалі цяперашнія афіцыёзьнікі – ідзе на эшафот.

Як Хрыстос.

Чысты, беззаганны, сымбаль справядлівасьці. Тут паралель робіцца абсалютнай. Пілат паслаў Хрыста на самую ганебную сьмерць – расьпяцьце на крыжы. Так каралі толькі бандытаў. Расейскі губэрнатар Мураўёў паўтарыў тое самае з Каліноўскім. Замест расстрэлу, які «належаў» ваеначальніку ўсяе Беларусі і Літвы, ён у апошні момант загадаў Каліноўскага павесіць. Як бандыта.

І як Хрыстос аб'яднаў і аб'ядноўвае розных людзей у супольнасьць Людзі, так Каліноўскі аб'ядноўвае супольнасьць Беларусы. «Дэгераізаваць» яго для нашага народу – тое самае, што для чалавецтва «дэгераізаваць» Хрыста. А гэта значыла б зьнішчыць у нашых дачыненьнях паняткі справядлівасьці, шчырасьці і сумленьня, што ўвасобленыя найперш у постацях Хрыста і Каліноўскага, і гадаваць нашчадкаў, не абцяжараных гэтымі якасьцямі.

У адрозьненьне ад сымболікі і мовы, якія на вуліцах і ў эфірах яшчэ можна чымсьці замясьціць, на месцы спляжанага нацыянальнага героя ў беларускім сэрцы застаецца пустата.

Апошняе слова Каліноўскага

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG