Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самаспаленьне як форма пратэсту


Удзельнік пратэстаў у Эгіпце

Удзельнік пратэстаў у Эгіпце

З нагоды гадавіны самаспаленьня ў 1969 годзе ў Празе студэнта Яна Палаха, які пратэставаў такім чынам супраць акупацыі Чэхаславакіі войскамі краін Варшаўскай дамовы, зьявіўся інфармацыйны партал аб актах самаспаленьня.

Там падрабязна падаецца лёс ня толькі Палаха, але і 13 іншых людзей, якія выбралі самаспаленьня як форму пратэсту супраць несправядлівасьці і ўціску ў Савецкім Саюзе, краінах сацлягеру, Віетнаме, Кітаі, Тунісе.

Па словах супрацоўніка чэскага Інстытута вывучэньня таталітарных рэжымаў Пятра Блажака, за апошнія 50 гадоў па ўсім сьвеце такім чынам пратэставалі сотні людзей. Блажак нагадвае, што ўвагу да такой формы пратэсту, як самаспаленьне, прыцягнуў выпадак будысцкага манаха Тхіця Куанг Дыка, які ў 1963 годзе абраў пакутніцкую сьмерць у Сайгоне, каб зьвярнуць увагу на прыгнёт будыстаў урадам Паўднёвага Віетнаму. «Вельмі часта тыя, хто зьдзяйсьняў самаспаленьні ў краінах сацлягеру, пратэставалі супраць тых жа падзей, што і наш суайчыньнік Ян Палах. Мы таксама дадалі і самыя вядомыя выпадкі самаспаленьня ў сьвеце», — кажа Пётр Блажак.

Пра Яне Палаха ў Чэхіі ўспамінаюць кожны год, але вельмі часта гаворка ідзе аб мерапрыемствах, якія ладзяцца пры падтрымцы дзяржавы. Цяперашні сайт — прыватная ініцыятыва студэнтаў філязофскага факультэту Карлава ўнівэрсытэту. Штогод у гадавіну самаспаленьня Палаха, былога студэнта гэтага факультэту, яны ладзяць акцыю памяці — побач з мэмарыяльнай шыльдай, усталяванай на фасадзе галоўнага факультэцкага будынку. Гісторык Пётр Блажак таксама выпускнік філязофскага факультэту. Пасьля заканчэньня вучобы ён прымаў удзел у публікацыі кнігі, прысьвечанай Яну Палаху і выпадкам самаспаленьня ў Савецкім Саюзе.

На новым сайце расказана пра лёсы тых, хто зьдзейсьніў спробу самаспаленьня ў розных краінах. У большасьці выпадкаў гэтым людзям не ўдалося зьмяніць сытуацыю, якая выклікала іх пратэст, але было і некалькі выключэньняў. Падзеі, якія сёньня вядомыя як «арабская вясна», пачаліся пасьля самаспаленьня ў Тунісе гандляра гароднінай і садавінай Махамэда Буазізі. Яго ўчынак выклікаў хвалю масавых выступаў туніскай моладзі супраць палітыкі прэзыдэнта Зін эль-Абідзіна Бэн Алі, які нічога не рабіў для скарачэньня беспрацоўя. Гэта прывяло да адстаўкі Бэн Алі 14 студзеня 2011 году. Пасьля сьмерці Буазізі у шпіталі ад атрыманых раненьняў яго прыклад узялі маладыя людзі ў іншых арабскіх краінах — Алжыры, Эгіпце, Емеэе. Але нават у тых выпадках, калі «жывыя паходні» не зьмянілі палітычную сытуацыю — як, напрыклад, у 60-х і 70-х гадах мінулага стагодзьдзя ў Польшчы, Чэхіі ці Савецкім Саюзе, гісторык Пётр Блажак лічыць іх ахвяры ня марнымі:

«Яны прымушаюць шукаць адказы на мноства пытаньняў. У першую чаргу, вядома, аб фундамэнтальных правах чалавека, парушэньне якіх здольнае давесьці чалавека да сьмерці. Тут і пытаньне аб рашэньні памерці дзеля іншых, аб справядліваьсці, аб каштоўнасьці чалавечага жыцьця. Усё гэта вельмі важныя праблемы».

Самае буйное дасьледаваньне, прысьвечанае самаспаленьням, было праведзена сацыёлягам з Оксфардзкага ўнівэрсытэту Міхаэлем Бігсам. Ён апісаў 533 такія выпадкі ў розных краінах з 1963 па 2002 год. Бігс, як і аўтары чэскага сайту аб самаспаленьнях, зьвяртае ўвагу, што часьцей за ўсё да гэтай форме пратэсту зьвярталіся ў Азіі. Але каб зрабіць такую выснову, не абавязкова быць навукоўцам. Дзеля гэтага дастаткова ўважліва сачыць за выпускамі навін. З 2009 года ў знак пратэсту супраць палітыкі Кітаю ў дачыненьні да Тыбэту акты самаспаленьня зьдзейсьнілі па меншай меры 92 тыбецкіх манаха. Толькі ў лістападзе мінулага года зарэгістравана 28 такіх выпадкаў, сярод іх і адзін брытанец, які падпаліў сябе ў будысцкім манастыры ў Францыі.

Гэтаму можна знайсьці тлумачэньне ў індуісцкай і будысцкай філязофіі, дзе моцныя традыцыі ахвярнасьці. У гісторыях, якія апавядаюць пра папярэднія нараджэньні Буды, згадваецца самаспаленьне як прынясеньне сябе ў ахвяру дзеля іншых. Індуісты мелі ўплыў і на кітайскіх будыстаў, якія лічаць, што першы пратэст супраць прыгнёту іх правоў у Кітаі адбыўся ў VI стагодзьдзі нашай эры. Будысцкія манахі падкрэсьліваюць, што выбіраюць радыкальную форму пратэсту, каб «сэрца непрыяцеляў завагалася». Тым ня менш, іх духоўны лідэр Далай-Лама не аднойчы прасіў устрымлівацца ад самаспаленьня.

Таталітарызм сапраўды — самая частая прычына выбару скрайняй формы пратэсту. Самым першым на гэта пайшоў у верасьні 1968 паляк Рышард Сівец, што падпаліў сябе на «Стадыёне Дзесяцігодзьдзя» ў Варшаве ў знак пратэсту супраць ўварваньня войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну. Яго ўчынак — дзякуючы органам дзяржбясьпекі — не набыў вядомасьць. Аднак ўсьлед за ім на Вацлаўскай плошчы ў Празе падпаліў сябе Ян Палах. Гэтую навіну публікавалі ня толькі ў заходніх СМІ, але нават у сацлягеры. На працягу некалькіх наступных месяцаў толькі ў Чэхаславаччыне супраць уводу ў 1968 годзе войскаў краін Варшаўскай дамовы такім чынам пратэставалі тры чалавекі. Праз тры гады пасьля сьмерці Палаха, пратэстуючы супраць русыфікацыі і акупацыі Літвы, на цэнтральнай вуліцы Каўнаса спаліў сябе навучэнец вечаровай школы Ромас Каланта. У дзень пахаваньня Каланты сабралася дэманстрацыя, а пратэсты працягваліся на працягу двух дзён. У іх прынялі ўдзел больш за 3 тысяч чалавек. 402 з іх былі арыштаваныя. Празь некалькі дзён пасьля гэтых падзей Каланту пасьмяротна прызналі псыхічна хворым. У краінах сацлягеру аб парушэньні псыхікі казалі кожны раз, калі ўлады сутыкаліся з выпадкамі самаспаленьня. Аб многіх зь іх стала вядома толькі пасьля распаду Савецкага Саюзу.
XS
SM
MD
LG