Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму карэспандэнта пазбавілі акрэдытацыі?


Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Міністэрства замежных спраў пазбавіла акрэдытацыі журналіста «Эўрарадыё» Паўла Сьвярдлова. Падставай стаў адміністрацыйны арышт на 15 сутак, якім карэспандэнта пакаралі летась 22 чэрвеня. Паўла Сьвярдлова тады абвінавацілі ў бруднай лаянцы. Абскарджваньні гэтага рашэньня Маскоўскага раённага суду Менску посьпеху не прынесьлі. За што на самой справе пазбавілі акрэдытацыі Паўла Сьвярдлова? Ці азначае гэты выпадак пачатак новага наступу на правы журналістаў? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.

Цыганкоў: «Пазбаўленьне афіцыйнай акрэдытацыі адбываецца ня так часта. Журналістаў часам затрымліваюць. Але справа Сьвярдлова выглядае ўнікальнай і неардынарнай: яго пасадзілі на 15 сутак і пасьля ўсіх апэляцыяў пазбавілі акрэдытацыі. Чаму менавіта ён стаў ахвярай?»

Бастунец: «Падставай для перасьледу журналістаў „Эўрарадыё“ стаў сюжэт журналістаў гэтага СМІ пра тое, як можна пранесьці вялізную торбу ў мэтро. Ён відавочна закранаў інтарэсы міліцыі, спэцслужбаў. Паказальна, што сам Павал да гэтага сюжэту ня меў адносінаў. У той дзень яго, магчыма, памылкова затрымалі, і вынесьлі судовае рашэньне, якое стала падставай для пазбаўленьня акрэдытацыі. У той дзень іншы журналіст „Эўрарадыё“ Віталь Ругайн быў у аблозе. І я сам быў сьведкам, што міліцыянты чакалі, калі ён выйдзе з офісу, каб яго затрымаць. Але ў прысутнасьці журналістаў і праваабаронцаў гэтага зрабіць не ўдалося.

Павал Сьвярдлоў, журналіст «Эўрарадыё»

Павал Сьвярдлоў, журналіст «Эўрарадыё»

Тут назіраўся відавочны перасьлед журналістаў „Эўрарадыё“ з боку міліцыі. І тое, што суд і МЗС на гэта не зьвярнулі ўвагі, — вельмі сумна і паказальна».

Цыганкоў: «Магчыма, тым прадстаўнікам спэцслужбаў ня так і важна было, каго затрымаць. Ім было галоўнае даць знак, паказаць журналістам: ня лезьце ў такія тэмы».

Бастунец: «Я думаю, так і было. Магчыма, спачатку Паўла проста з кімсьці пераблыталі. Але калі яго ўжо асудзілі, то казаць „а, прабачце, гэта была памылка“ нашы органы ня ўмеюць».

Цыганкоў: «Адразу пасьля разгону Плошчы былі даволі рэзкія рэпрэсіі супраць незалежнай прэсы, але потым яны неяк суцішыліся. Апошнія месяцы мы не сустракаліся з інфармацыяй такога кшталту. Ці азначае справа Сьвярдлова нейкі асобны выпадак, альбо гэта можна лічыць пачаткам нейкай тэндэнцыі?»

Бастунец: «Я не зусім згодны з вашай ацэнкай таго, што адбывалася апошнія месяцы. Так, апошнія паўгода ціск на СМІ зьменшыўся, але — ня скончаная справа супраць Пачобута, Сурапіна, адбываюцца пэўныя дзеяньні супраць „Архэ“. Што ж да выпадку Паўла Сьвярдлова, то мне цяжка сказаць, ці гэта асобны эксцэс выканаўцы, альбо пачатак новага наступу на незалежную журналістыку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG