Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Гданьску стаў вязьнем сыстэмы ў 16 гадоў


Прэзыдэнт польскага гораду Гданьску Павал Адамовіч наведаў Менск, дзе меў некалькі працоўных і нефармальных сустрэчаў. У гутарцы з навучэнцамі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа спадар Адамовіч згадаў пра сваё ліцэйскае мінулае, якое прыпала на гады ваеннага становішча ў Польшчы, пра першы арышт і маўклівыя акцыі пратэсту, а таксама распавёў пра беларускія карані свайго роду.

47-гадовы Павал Адамовіч паўтара дзясятка гадоў займае пасаду прэзыдэнта-мэра Гданьску. Чатыры тэрміны запар гараджане выказваюць бясспрэчны давер свайму галаве — і, трэба разумець, не беспадстаўна.

Свой аўтарытэт спадар Адамовіч выбудоўваў дзесяцігодзьдзямі. Яшчэ на пачатку 1980-х, калі вучыўся на юрыдычным факультэце Гданьскага ўнівэрсытэту, ён быў адным з арганізатараў «італьянскай забастоўкі» студэнтаў, узначальваў студэнцкі страйкавы камітэт гэтай навучальнай установы. У 25 гадоў, з падзеньнем камуністычнага рэжыму ў Польшчы, быў абраны дэпутатам гарадзкой рады Гданьску, якую ў 1994–1998 гадах узначальваў. У наступныя гады яго абіралі на прэзыдэнта наўпроставым галасаваньнем.

А пачалося асабістае супрацьстаяньне з прамаскоўскім рэжымам, калі ён яшчэ быў падлеткам. У размове з калектывам коласаўскага ліцэю, разам зь якім спадар Адамовіч адзначыў 10-годзьдзе ў падпольлі (на распараджэньне Міністэрства адукацыі Беларусі ліцэй быў зачынены ў 2003-м), ён падкрэсьліў: як і цяперашнім беларускім ліцэістам, яму зь сябрамі ў свой час таксама даводзілася і выпускаць падпольныя газэты, і трываць ціск з боку сыстэмы дзяржаўнай адукацыі:

«Так, я часта згадваю свае гады, калі мы таксама хадзілі ў ліцэй. Зразумела, калі чалавеку ўжо за сорак, то яго ўспаміны больш пяшчотныя, сэнтымэнтальныя, чым насамрэч былі рэаліі… Дык вось, тады, у ліцэі, мы таксама рабілі самвыдатаўскія газэткі, у якіх пісалі пра тое, што напраўду думаем. Палова настаўнікаў былі ОК, з разуменьнем да ўсяго ставіліся, але палова — прашу прабачэньня, сьвіньні. Пра гэтых мы таксама пісалі».

Павал Адамовіч дадае: увогуле, тагачасная сыстэма камуністычнай Польшчы і сучасная беларуская палітычная мадэль шмат у чым падобныя. Прынамсі, хоць паміж імі розьніца ў дзясяткі гадоў, але людзей як каралі, так і цяпер караюць за перакананьні, якія разыходзяцца з «генэральнай лініяй партыі». Падобныя і формы супраціву — ад публічных пратэстаў да «маўклівых акцыяў»:

«У той час, калі ў Польшчы было ўведзенае ваеннае становішча, мноства людзей былі арыштаваныя, сядзелі ў турмах, у ліцэі мы рабілі гэткія „перапынкі маўчаньня“. То бок, калі быў перапынак, усе хадзілі па калідорах, ні пра што не размаўлялі, маўчалі. Альбо, напрыклад, усе прыходзілі, апранутыя ўва ўсё чорнае — у чорныя швэдры, сукенкі. У свае 16 гадоў я правёў першыя 20 гадзін пад арыштам. Нягледзячы на тое, што я быў непаўналетні, бацькам нічога не паведамілі. Яны вымушаныя былі хадзіць ад міліцыі да міліцыі, пакуль нарэшце не знайшлі мяне ў пастарунку ў раёне Новага Порту над морам. Я расказваю гэта ня каб пахваліцца, як можа падацца. Проста хачу падкрэсьліць: і мы таксама мелі свой час выбару. Гэта не азначае, што ўсе мае сябры і сяброўкі рабілі тое ж. Былі тыя, хто баяўся; былі тыя, хто не баяўся. Былі тыя, якія гэтым цікавіліся і для якіх гэта было важна, але разам з тым было мноства людзей, якім было ўсё роўна».
Я сваімі каранямі паходжу адсюль, зь Беларусі

Павал Адамовіч кажа, што яму як чалавеку, які нямала зрабіў дзеля дэмакратызацыі сваёй краіны, зусім не абыякава тое, што адбываецца ў Беларусі. Ды ён і сам да яе мае непасрэднае дачыненьне:

«Маё прозьвішча Адамовіч мае ў сабе за 30–40 ці нават усе 50% беларускага паходжаньня. А можа, нават яшчэ больш. Мая бабця Юлія Падалецка нарадзілася ў Смаргоні. Мой тата нарадзіўся ў Вільні. Адзін мой дзядуля таксама аднекуль з-пад Смаргоні, другі — з боку мамы — з Новай Вілейкі. З гэтага вынікае, што і я сваімі каранямі паходжу адсюль, зь Беларусі. Так што мне нічога не застаецца, як запісацца ў Беларускі гуманітарны ліцэй для вывучэньня беларускай мовы».

Па выніках 2012 году Павал Адамовіч стаў другім паводле апытаньня газэты «Dziennik Gazeta Prawna» «Пэрліна самакіраваньня-2012» у катэгорыях «Найлепшы прэзыдэнт гораду» і «Найлепшае самакіраваньне» — сьледам за сваім познанскім калегам. Нямала маральных дывідэндаў прынёс яму і леташні чэмпіянат Эўропы па футболе: гатовасьць інфраструктуры Гданьску да кантынэнтальнага першынства атрымала самыя вышэйшыя ацэнкі.
XS
SM
MD
LG