Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны алімпійскі камітэт зьвярнуўся да ўраду Расеі з просьбай вярнуць назад зімовы час. Гэтае жаданьне зьвязанае з правядзеньнем у расейскім горадзе Сочы зімовай Алімпіяды 2014 году.

Сёньня розьніца ў часе паміж Сочы і Цэнтральнай Эўропай складае тры гадзіны. Калі ж Расея пяройдзе на зімовы час, розьніца скароціцца да дзьвюх гадзін.

«Ці паўплывае магчымае зьмяненьне часу на падрыхтоўку беларускіх алімпійцаў?» — запытаў карэспандэнт Свабоды ў Аляксандра Бяляева, дзяржаўнага трэнэра па відах спорту, якія ўключаныя ў праграму Алімпійскіх гульняў.

«Ніякай праблемы для нашых спартоўцаў тут няма. Проста трэба ведаць, ці будзе вяртаньне часу ці не, і адпаведна рыхтавацца. Але пры любым рашэньні прынцыповых нязручнасьцяў я ня бачу. Дый наагул, гэта ўсё робіцца для зручнасьці тэлезаўзятараў, найперш эўрапейскіх», — сказаў Аляксандар Бяляеў.

23 верасьня 2012 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня бачыць мэтазгоднасьці ў пераходзе на зімовы час. Пасьля гэтага Беларусь сьледам за Расеяй адмовілася ад зімовага часу.

Нашы бліжэйшыя суседзі пакуль вызначаюцца. Напрыклад, урад Літвы даў 12 400 літаў (прыкладна 4,5 тысячы даляраў) на спэцыяльнае дасьледаваньне — як на здароўе людзей і працу гаспадарчага сэктару ўплывае перавод стрэлак гадзіньніка ўвесну і ўвосень? Сёньня розьніца ў часе паміж Менскам і Вільняй — адна гадзіна. Калі б Беларусь увосень 2012 году перавяла стрэлкі на гадзіну назад, то цяпер розьніцы ў часе не было б наагул.

Ва Ўкраіне Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю прапануе адмовіцца ад пераводу гадзіньнікаў на летні час і пакінуць толькі зімовы часавы пояс. А пакуль Украіна штогод двойчы пераводзіць стрэлкі гадзіньнікаў — у апошнюю нядзелю сакавіка і ў апошнюю нядзелю кастрычніка. На гэты момант розьніца ў часе паміж Менскам і Кіевам складае адну гадзіну — Менск жыве на гадзіну раней.

Кандыдат геаграфічных навук, дацэнт катэдры агульнага землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі БДУ Павал Каўрыга сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Ва ўсім жывым, у тым ліку і ў чалавеку, закладзены біялягічны гадзіньнік. І гэты гадзіньнік падпарадкоўваецца астранамічным паказьнікам. У савецкія часы нам казалі: чалавек — уладар прыроды. І мы па-ранейшаму спрабуем уладарыць. А насамрэч трэба вытрымліваць прыродны парадак, прытрымлівацца яго. І тады людзі будуць меней хварэць, лепей сябе адчуваць і лепей працаваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG