Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навадворская: Навошта патрэбны завочны культ Пазьняка?


Валерыя Навадворская

Валерыя Навадворская

Дысыдэнтка, палітык і праваабаронца Валерыя Навадворская, чые карані ў Баранавічах, у інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы» выказала думку, што Зянон Пазьняк «памёр» у той дзень, калі «спалохаўся за сваё каштоўнае жыцьцё і эміграваў».

Гэтыя словы выклікалі неадназначную рэакцыю ў Беларусі і сталі падставай для інтэрвію.

Ад пачатку размовы спадарыня Навадворская падкрэсьліла, што свайго стаўленьня да Зянона Пазьняка яна не зьмяняе. Ён, безумоўна, вельмі шмат зрабіў для асэнсаваньня беларусамі сваёй незалежнасьці і свабоды. Але ад’езд за мяжу, на думку Валерыі Навадворскай, быў велізарнай памылкай Зянона Пазьняка:

«Мне падаецца, вельмі цяжка рабіць культ з асобы, якой няма ў краіне. І якую ня выслалі, як Букоўскага, у кайданках альбо не вывозілі, як Салжаніцына, на самалёце, пазбавіўшы грамадзянства, а якая сама зьехала. Ня ведаю, навошта патрэбны такі завочны культ?

Гэтую сытуацыю Пазьняк стварыў сам сваім непапраўным учынкам. Яго вынікі, на мой погляд, зараз бачныя. Ну які цяпер працэнт падтрымкі Беларускага Народнага Фронту ў насельніцтва Беларусі? Што зроблена, каб беларусы асэнсавалі сябе незалежнай ад Расеі дзяржавай?

Паглядзіце на суседнюю Ўкраіну. Там апазыцыя сядзіць на месцы, не зьяжджае, ды яшчэ і ў Вярхоўную Раду прайшла. Зразумела, там умовы лягчэйшыя. Але ж трэба чытаць „Пагоню“ наконт таго, што „ад цябе адракліся, прадалі і аддалі ў палон“. Хіба гэта да сябе не адносіць Зянон Пазьняк? Ці ён лічыць, што Беларусь можна ратаваць дыстанцыйна? І як ён яе ратуе, знаходзячыся за мяжой?

Мне ніколі не прыходзіла ў галаву пакінуць Расею. Нават тады, калі гэтага патрабавалі і калі шанцаў ніякіх не было і заставалася толькі прыстойна памерці. Ніхто ж тады не чакаў 1991 году і ніхто не спадзяваўся, што Гарбачоў зробіць перабудову. Я ня зьехала. І многія так зрабілі.

Ведаеце, што б мы далей ні казалі, але гэта ўжо беларуская гісторыя. І ад’езд Пазьняка за мяжу — старонка ў ёй».



Тлумачу спадарыні Навадворскай, што гэта ня быў ад’езд у звычайным сэнсе гэтага слова. Паплечнікі Зянона Пазьняка цьвердзяць: у іх была пэўная інфармацыя, што лідэра БНФ хочуць забіць. І таму ён мусіў пакінуць Беларусь. Хай ён будзе за мяжой, але жывы.

Навадворская: «Ня ведаю, ня ведаю... Часам гераічная сьмерць здольная
Ня ведаю, як для Пазьняка лепей. Быць далёка і жывым — для прыватнай асобы гэта, вядома, так. Калі Пазьняк лічыць сябе прыватнай асобай, а Беларусь — кончанай...

стварыць сьцяг для народа, для пасьлядоўнікаў, страх для праціўнікаў. Пуцін гэта разумее, калі ён казаў, што ад мёртвай Ганны Паліткоўскай болей непрыемнасьцяў, чым ад жывой. Тут кожны сам вырашае, чым ён гатовы ахвяраваць для агульнай справы. Ня ведаю, як для Пазьняка лепей. Быць далёка і жывым — для прыватнай асобы гэта, вядома, так. Калі Пазьняк лічыць сябе прыватнай асобай, а Беларусь — кончанай... Неяк ня ўвязваецца гэта зь выратаваньнем Беларусі.

Тыя, хто пра гэта ўсё кажа і хто лічыць, што Пазьняку трэба было зьяжджаць, яны чым займаюцца? У шапку сьпяць? Яны дзе? Не на барыкадах, мабыць».

Кажу Валерыі Навадворскай, што ў беларускім дэмакратычным асяродзьдзі ёсьць людзі, якія не задаволеныя ня толькі Зянонам Пазьняком, але і іншымі апазыцыйнымі лідэрамі. Шмат хто крытычна выказваецца пра эміграцыю кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Алеся Міхалевіча, іншых палітыкаў. Але менавіта ад'езд Зянона Пазьняка выклікае найболш ярасныя камэнтары – як у падтрымку, так і з асуджэньнем. Чаму, на вашу думку, настолькі розная рэакцыя на розных палітыкаў?

Навадворская: «Шушкевіч на месцы. І гэта Лукашэнка спрабуе яго выгнаць. І Някляеў на месцы, хоць яго пачалі арыштоўваць нават у шпіталі. І Саньнікаў быў на месцы. А вось тое, што ён пісаў (прашэньне аб памілаваньні), гэта стане ягонай праблемай на ўсю рэшту жыцьця. І я думаю, што ён адчувае сябе дрэнна пасьля таго, як яго вымусілі падпісаць прашэньне аб памілаваньні.

Ёсьць у вас сацыял-дэмакрат, які доўга сядзеў за кратамі, — Аляксандар Казулін. Мне падаецца, што ён чалавек даволі цьвёрды. І нават сьмерць жонкі не прымусіла яго пісаць прашэньне аб памілаваньні. Вось каб усе так.

А Васіль Быкаў вярнуўся паміраць на Радзіму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG